Фота Настассі УТКІНАЙ.

У эфіры «Беларусь 1» распавялі, што пад хворых з COVID-19 і пнеўманіямі ў краіне выдзелена 18,6 тысячы ложкаў, паведамляе TUT.BY.

Цяпер, па дадзеных «Беларусь 1», у краіне выдзелена больш за 18,5 тысячы ложкаў для пацыентаў з каранавірусам і пнеўманіямі.

Занята на дадзены момант каля 12,5 тысячы. Свабоднымі застаюцца каля 6 тысяч месцаў.

Усяго ж у Беларусі каля 80 тысяч ложкаў.

На мінулым тыдні намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан паведамляла, што занята 9,5 тысячы ложкаў. Атрымліваецца, што за апошні тыдзень колькасць пацыентаў бальніц з COVID-19 вырасла прыкладна на траціну — на тры тысячы чалавек.

Па дадзеных «Беларусь 1», у Віцебску на ШВЛ знаходзяцца 25 чалавек.

Усяго ж у краіне 2257 ШВЛ, ёсць таксама рэзервовы парк з наркозна-дыхальнага абсталявання, якое пры неабходнасці можа быць задзейнічана для дапамогі хворым з COVID-19.

У эфіры «Беларусь 1» таксама прагучала, што спікер Савета Рэспублікі Наталля Качанава зараз рэгулярна праводзіць селектары з кіраўнікамі бальніц Мінска. Яна распавяла аб прапанове ўсталяваць апараты КТ ў кожным раёне Мінска — у паліклініцы.