Фота teris.com.

Мы паглядзелі на сайце Дзяржаўнай службы занятасці, якія арганізацыі і ўстановы Маладзечна, Вілейкі, Валожына і Мядзела прапануюць працу ў сённяшніх умовах.

Вілейка: чакаюць спецыялістаў у школе і ў міліцыі

У Даўгінаўскі Дом культуры шукаюць кіраўніка гуртка за 190 рублёў на паўстаўкі. Педагогаў-псіхолагаў чакаюць у Чурлёнскім і Вязынскім вучэбна-педагагічных комплексах. І там, і там – паўстаўкі. Заробак – ад 188 рублёў.

У Вілейскі аўтобусны парк №5 трэба кандуктар, кіроўца аўтамабіля з катэгорыяй D і трактарыст. Найбольш абяцаюць кіроўцу – ад 670, найменш кандуктару – ад 500.

У райаграсэрвіс возьмуць галоўнага агранома. Заробак – ад 700 рублёў. У гаспадарку
«Новая Любанія» – трактарыста з заробкам ад 600. Спецыялісты ў сельскай гаспадарцы патрэбныя і ў «Першым Беларускім». Тут чакаюць кіроўцу аўтамабіля, брыгадзіраў, ветэрынарнага доктара, інжынера. Заробкі – ад 400 да 600.

Вялікі спіс – ад Вілейскага РАУС. Самы высокі заробак – ад 1100 рублёў – для начальніка аддзела аховы правапарадку. Спецыялістам і інспектарам – ад 750 да
тысячы. «Зеніт БелАМА» запрашае інжынера, начальнікаў цэха і ўчастка, оптыка механіка, чысцільшчыка оптыкі, гравёра. Цана пытання – ад 400 да 700.

У аптэкі патрэбныя правізар-аналітык і правізар-тэхнолаг. Абое – на паўстаўкі. Заробак – ад 288 рублёў. Загадчыку аптэчнага склада абяцаюць ад тысячы. У занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі шукаюць доктара эпідэміёлага і доктара бактэрыёлага. Заробак – ад 600 рублёў.

Валожын: патрэбныя медыкі і работнікі ў беларуска-літоўскую фірму

Мае патрэбу ў спецыялістах Валожынская ЦРБ. Возьмуць доктара-спецыяліста,
рэнтгенлабаранта і фельчара-лабаранта, медсястру, тэхніка-масажыста. Доктару абяцаюць ад 1100, рэнтген-лабаранту – 920, фельчару – 860, па 560 – медсястры і масажысту. Таксама патрэбны доктар у псіханеўралагічны дом-інтэрнат у Ракаве. Заробак – ад 432 рублёў.

У крамы возьмуць прадаўцоў і загадчыкаў аддзелаў, касіраў, грузчыкаў, дырэктара, прыбіральшчыка, вытворцу мясных паўфабрыкатаў. Заробкі – ад 400 да 1300.

Фірма ў Ракаве, якая робіць станкі і механізаваныя лініі для вытворчасці, набірае шмат супрацоўнікаў – ад дырэктара і намеснікаў да фрэзероўшчыкаў і слесараў. Заробкі – ад 1200 да 2000. Дырэктару і намеснікам трэба ведаць англійскую і літоўскую мовы.

Патрэбныя спецыялісты сельскай гаспадаркі ў Вішнева, Сакаўшчыну, Пугачы. Гэта заатэхнік, ветэрынарны доктар, жывёлагадоўца, брыгадзір. Заробкі – ад 400 да 500.

Мядзел: педагогі ў школу і «Зубраня»

Сельская гаспадарка Мядзельшчыны чакае ветэрынарных дактароў. Заробак на розных прадпрыемствах – ад 550 да тысячы. Лабаранту ў Мядзельскай ветстанцыі прапануюць ад 777 рублёў. У гандаль патрэбныя прадавец, ахоўнік, маркіроўшчык,
упакоўшчык. Заробак усім – ад 400.

Мядзельская сярэдняя школа №1 прыме рабочага і повара. Заробкі аднолькавыя – ад 375 рублёў. На паўстаўкі з заробкам ад 187 рублёў возьмуць доктара ў дзіцячы цэнтр «Зубраня». Туды ж бяруць ліфцёра, работніка, які будзе займацца азеляненнем, машыніста экскаватара, кладаўшчыка, медсясцёр. Некаторых не на поўную стаўку. Заробкі – ад 375 да 700.

Маладзечна: медыцына, «Вялес-Міт» і зноў педагогі

Тут патрэбныя педагогі. Фізрук і выхавальнік – у садок №29. Заробкі ад 375 і ад 380 рублёў адпаведна. У 10-ю гімназію возьмуць матэматыка з заробкам ад 700 рублёў у месяц. Настаўнік пачатковых класаў у школе №12 атрымае ад 800. У сёмы садок возьмуць фізрука, повара і музычнага кіраўніка. Заробак – ад 375 рублёў кожнаму.

У гімназію №3 запрашаюць педагога-арганізатара і прыбіральшчыка. І аднаму, і другому – па 375 рублёў. Па столькі ж – электраманцёру і повару, якіх чакаюць у СШ №14, псіхолагу і дэфектолагу, што прыйдуць працаваць у садок у Алёхнавічах.

«Вялес-Міт» возьме прыбіральшчыкаў: аднаго за 500, другога – за 800 рублёў. Вытворца кілбаснай абалонкі тут атрымае ад 800, падсобнік і засольшчык скур – ад 700.

У Маладзечанскую ЦРБ патрэбны памочнік доктара, медсёстры, санітарка. Плацяць ад 375 да 550. Патрэбныя медыкі і ў бальніцу ў Радашкавічах. Дастаткова вакансій у сетцы крамаў «Дабраном». Заробкі – ад 550 да 1200.

 

• Текст доступен на языке: Русский