Фота Настассі УТКІНАЙ.

Распавядаем галоўные каранавірусныя навіны на 3 мая.

Новыя дадзеныя ад Мінздароўя

Міністэрства аховы здароўя паведаміў, што на з пачатку ўспышкі на сёння ў Беларусі зафіксавалі 16705 чалавек са станоўчым тэстам на каранавірусную інфекцыю.

Ад 23 лютага правялі больш за 203 тысячы тэстаў.

Паправіліся і выпісаныя 3196 чалавек.

Памерлі 99 чалавек.

Нарада ў Лукашэнкі: парад, эпідабстаноўка, ад чаго паміраюць беларусы

Аляксандр Лукашэнка правёў нараду, на якой абмеркавалі два пытанні — правядзенне парада да 75-годдзя перамогі і эпідэміялагічную абстаноўку ў краіне.

— Павінен сказаць, што мы не можам адмяніць парад. Проста не можам. Я доўга над гэтым думаў. Вядома, гэта эмацыйная, глыбока ідэалагічная рэч. Трэба памятаць, што тыя людзі паміралі, можа быць, і ад вірусаў, іншых хвароб. Але яны гэта не адчувалі часам і пра гэта не думалі. І паміралі яны дзеля нас, як бы гэта пафасна ні гучала. І падумайце, што скажуць людзі. Можа, не адразу, праз дзень, праз два пасля гэтага, — скажуць, што спалохаліся, — сказаў Лукашэнка.

Пры гэтым Лукашэнка папярэдзіў арганізатараў, што «нікога цягнуць на гэтае мерапрыемства не трэба». Таксама ён сказаў, што на парад чакаюць рускіх чыноўнікаў, якія, па яго словах, хочуць прыехаць.

Лукашэнка ўпэўнены, што парад — гэта не самае небяспечнае з пункту гледжання эпідэміёлагаў і вірусолагаў мерапрыемства:

— Таму што яно будзе арганізавана як мае быць. Пра гэта мы пазней скажам. Можа быць, і з трыбуны гэтага параду.

Гаворачы аб эпідэміялагічнай сітуацыі, Лукашэнка падкрэсліў важнасць звярнуць увагу на лячэнне пнеўманій. Ён таксама адзначыў, што вырашаны ўсе неабходныя пытанні, звязаныя з бяспекай дактараў у бальніцах.

У цэлым Лукашэнка падкрэсліў, што ніякай катастрофы няма:

— Нам трэба напружана вытрымаць да пачатку лета. Думаю, што з божай дапамогай мы неяк справімся.

Лукашэнка сказаў, што за 4 месяцы 2020-га агульная смяротнасць у краіне паменшылася на 1,5%.

  • ад атручвання алкаголем памерлі 482 чалавекі;
  • скончылі жыццё самагубствам 470 чалавек;
  • на пажарах загінулі 218 чалавек;
  • у ДТЗ загінулі 163 чалавекі;
  • патанулі 89 чалавек.

Качанава — пра каранцін

Беларусь не пайшла супраць усіх у барацьбе з каранавірусам, рашэнні былі дакладна вывераныя. Пра гэта старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава заявіла ў эфіры БТ-1, піша Наша Ніва.

— Калі камусьці здаецца, што мы чамусьці вырашылі пайсці супраць усіх, то гэта няправільна. Гэтыя рашэнні абсалютна дакладна вывераныя. Калі прэзідэнту далажылі пра сітуацыю, якая складваецца, як яна можа развівацца (гэта ж пралічваецца, у нас жа ёсць дактары, навукоўцы, інфекцыяністы), то ён адназначна ўбачыў, абсалютна правільна: жыццё не павінна спыняцца, — сказала Качанава.

Жорсткія каранцінныя меры могуць выклікаць другую хвалю каранавіруса, лічыць Качанава.