Вадзім Ясюкевіч разам з жонкай і дачкой.

Падчас каранавіруснай пандэміі, калі лепш сядзець дома і мінімізаваць сацыяльныя кантакты, людзі ўсё роўна адзначаюць дні нараджэння. Тры жыхары рэгіёна распавялі «РГ», як яны адсвяткавалі.

Рыбалка і паход у інтэрнэце

Вадзім Ясюкевіч з курортнага пасёлка Нарач распавядае, як для яго стварыла свята жонка Таццяна і дачка Маша. Свой дзень нараджэння ён збіраўся правесці з сябрамі на рыбалцы, аднак каранавірус унёс карэктывы.

— Дзень нараджэння прайшоў ва ўмовах самаізаляцыі. Хацеў яго адзначаць на прыродзе з сябрамі з шашлыком і начной рыбалкай. Дзякуючы маёй жонцы гэта свята стала лепшым.

Раніцай я прачнуўся пад гукі сасновага лесу, а ў суседнім пакоі сярод пакаёвых кветак зрабілі турыстычную палатку. Нам з дачкой даручылі апрануцца ў паходную вопратку. Бліжэй да абеду мяне паклікалі ў ванную, дзе плавалі жывыя рыбкі. І мая мара аб рыбалцы спраўдзілася. Потым толькі даведаўся, што дзеля гэтай рыбы мой сябар на ровары пракаціўся вакол Нарачы па рыбаках.

Бліжэй да вечара, калі мы з дачкой нагуляліся ў рыбалку, я пачуў пах шашлыку. Яго жонка прыгатавала ў духоўцы. Але самым дзіўным і прыемным стала тое, што ў выніку адзначыў сваё свята разам з сябрамі і блізкімі.

Роўна ў 20:00 у вайберы мяне дадалі ў групу «Квіз-сюрпрыз для Вадзіма», і тут панеслася трохгадзінная весялосць. У гутарцы нас было каля 20 чалавек. У гульнявой спаборніцкай форме мяне віншавалі, успаміналі нашы агульныя моманты жыцця, дзяліліся фота і відэа, якія прайгралі ў турах, нават рыхтавалі творчыя нумары мне ў падарунак.

Усе сядзелі дома за сваімі гаджэтамі, але ў паходнай вопратцы. На стале ва ўсіх была мая любімая салата “Аліўе” і мяса. Мінскія сябры нават са сваёй палаткай «прыйшлі» на мой дзень нараджэння. Усе мы правялі добра час: душэўна і весела. Мне было прыемна, што хлопцы пакінулі свае справы дзеля майго свята. Вось такі дзень нараджэння зладзілі жонка і дачка, дзякуй усім, хто на ім прысутнічаў.

На канапе з серыяламі

Фота забяспечанае Настассяй Лявінскай.

Настасся Лявінская з Івянца расказала «РГ», што праз пандэмію не атрымалася адзначыць дзень нараджэння ў вандроўцы:

— Апошнія пару гадоў я на дзень нараджэння з’язджаю куды-небудзь. У гэтым годзе думала паехаць у Маскву, там жыве мой стрыечны брат. Збіраліся шпацыраваць, адзначаць і ён ужо прыдумаў, у якія класныя месца мы пойдзем.

Але вірус усё абламаў. Потым думала, што адзначу з сям’ёй. Але мама працуе ў Аксакаўшчыне з хворымі на COVID-19 і якраз у дзень нараджэння дзяжурыла. Карацей, у выніку атрымаўся проста нядрэнны дзянёк — я ляжала на канапе і глядзела серыял. Хоць у гэтым годзе павіншавала больш людзей, чым у мінулым. Не ведаю з чым гэта звязана.

Праз каранавірус не святкавалі

Фота забяспечанае Марыяй Мазур.

Марыя Мазур родам з Краснага ў Маладзечанскім раёне, але ўжо некалькі год жыве ў Польшчы. Дзяўчына таксама падзялілася з «РГ» гісторыяй са свайго дня нараджэння:

— Каб жа ж адзначала. А то абед з’елі ўсе. Каб не было віруса, то, пэўна б, зрабілі б торт ці грыль на выхадных з мужам Марцінам, сёстрамі і іх сем’ямі.

А так і святкаваць не хацелася. Хаця вельмі ўзрушыла, як тэлефанавалі і спявалі «sto lat» традыцыйнае на польскіх народзінах і ўвогуле амаль на кожным свяце.