Спецслужбы пяці краін — ЗША, Вялікабрытаніі, Канады, Аўстраліі і Новай Зеландыі — апублікавалі даклад, у якім заяўляюць, што Кітай наўмысна хаваў або знішчаў доказы ўспышкі каранавіруса.

Аб гэтым паведамляе аўстралійскае выданне The Daily Telegraph.

Як сцвярджае The Daily Telegraph, даклад памерам у 15 старонак складае аснову справы аб халатнасці ў дачыненні да Кітая.

У дакладзе гаворыцца, што кітайскі ўрад хаваў навіны пра вірус, прымушаючы маўчаць або «знікаць» дактароў ці журналістаў, знішчаў доказы віруса ў лабараторыях і адмаўляўся прадастаўляць інфармацыю міжнародным навукоўцам, якія працавалі над вакцынай ад COVID-19.

«Урад Кітая наўмысна хаваў дадзеныя пра каранавірус»

У дакладзе гаворыцца пра «ўтойванне і знішчэнне доказаў» на прыкладзе знішчэння ўзораў віруса, якія былі ў кітайскіх лабараторыях, калі пачалася ўспышка. Аўтары дакладу кажуць, што таксама пачалася і масавая дызінфекцыя кіёскаў на рынках ва Ухані — яшчэ да афіцыйнай заявы аб небяспецы каранавірусу. А яшчэ ў Шанхаі закрылі лабараторыю, каб «выправіць» навуковыя артыкулы, папярэдне правераныя Міністэрствам навукі і тэхналогій Кітая.

У дакладзе сцвярджаецца, што ўрад Кітая наўмысна хаваў дадзеныя пра каранавірус.

Знікненне даследчыцы, якую называлі нулявым пацыентам

У дакладзе пішуць і пра дзіўнае знікненне Хуан Ян Лін. Яна працавала даследчыкам ва Уханьскім інстытуце вірусалогіі.

Выданне South China Morning Post паведамляла, што ў кітайскіх сацыяльных сетках распаўсюджваюцца чуткі пра тое, што менавіта яна была першай, каму паставілі каранавірусны дыягназ і што яна нулявая пацыентка.

Пасля навін пра дыягназ з’явіліся паведамленні аб яе знікненні. Пазней яе прафайл з біяграфіяй і фотаздымкам выдалілі з сайта Уханьскага інстытута вірусалогіі.

16 лютага 2020 года інстытут сказаў, што яна не была нулявой пацыенткай, і сказаў, што яна жывая і здаровая. Аднак з таго часу не з’явілася пацверджаных звестак, што Хуан Ян Лін насамрэч жывая.

Кітай пачаў хаваць дадзеныя пра ўханьскую пнеўманію са снежня

31 снежня кітайскія ўлады пачалі праводзіць цэнзуру навін пра вірус у пошукавых сістэмах. Яны выдалялі такія словазлучэнні, як «варыяцыі SARS», «уханьскі рынак морапрадуктаў» і «уханьская невядомая пнеўманія».

1 студзеня без якога-небудзь расследавання паходжання віруса рынак морапрадуктаў ва Ухані зачынілі і прадэзінфікавалі.

Выданне The New York Times паведамляла, што ў жывёлаў з рынку не бралі мазкі, «гэта выключала доказы таго, якая жывёла магла быць крыніцай каранавіруса, і якія людзі заразіліся, але выжылі». Камісія па ахове здароўя правінцыі Хубэй загадала кампаніям геномнай інжынерыі спыніць тэставанне на новы вірус і знішчыць усе пробы.

Днём пазней, 3 студзеня, вядучы орган аховы здароўя Кітая — Нацыянальная камісія аховы здароўя — распарадзіўся перавезці пробы ўханьскай пнеўманіі ў іншыя ўстановы або знішчыць. У той жа час камісія аддала распараджэнне аб забароне публікацыі ў сувязі з невядомым захворваннем.

Дактары, якія выказваліся пра новы вірус, былі затрыманыя і асуджаныя. Пра іх затрыманні распавядалі ў кітайскіх дзяржаўных СМІ з заклікам: «Усе грамадзяне не павінны выдумляць чуткі, распаўсюджваць чуткі і верыць чуткам».

У паведамленні Global Times ад 2 студзеня: «Паліцыя ва Ухані арыштавала 8 чалавек, якія распаўсюджвалі чуткі пра мясцовую ўспышку неапазнанай пнеўманіі. У папярэдніх допісах ў інтэрнэце яны казалі, што гэта была атыповая пнеўманія». Арышты павінны былі прымусіць замаўчаць іншых дактароў, якія, магчыма, хацелі выказвацца.

Такім чынам, распавядаюць аўтары даследавання, праўда пра ўспышку у Кітаі заставалася ў таямніцы, а прэзідэнт Сі Цзіньпін настойліва адхіляе дагэтуль глабальныя заклікі да расследавання ўспышкі COVID-19.

Аўтары даклада пішуць, што «нягледзячы на ​​доказы перадачы віруса ад чалавека чалавеку ад пачатку снежня, улады КНР адмаўлялі гэта да 20 студзеня».

Сусветная арганізацыя аховы здароўя рабіла тое самае. Тым не менш, чыноўнікі ў Тайвані выказалі асцярогі ўжо 31 снежня, а эксперты ў Ганконгу – 4 студзеня.

У дакуменце разведкі таксама пішуць пра абмежаванні на паездкі:

— Мільёны людзей пакідалі Ухань пасля ўспышкі і да таго, як Пекін 23 студзеня заблакаваў горад. Тысячы выляцелі за мяжу. На працягу лютага Пекін ціснаў на ЗША, Італію, Румынію, Аўстралію, суседзяў з Паўднёва-Усходняй Азіі і іншыя краіны, каб яны не абаранялі сябе шляхам абмежаванняў на паездкі. Нават нягледзячы на ​​тое, што КНР у той час накладала строгія абмежаванні на паездкі ў сваёй краіне.

Аўтары даклада, якімі сталі прадстаўнікі разведак пяці краін (ЗША, Вялікабрытанія, Канада, Аўстралія і Новая Зеландыя), сцвярджаюць, што Кітай спрабуе уплываць на ўрады гэтых краін.

— Пакуль дыпламаты ЕС рыхтуюць даклад аб пандэміі, Кітай уплывае на Брусэль, каб ён выказаўся з нагоды дэзінфармацыі КНР. Паколькі Аўстралія заклікае да незалежнага расследавання пандэміі, Кітай пагражае спыніць гандаль з Аўстраліяй. Кітай таксама адрэагаваў на заклікі ЗША да празрыстасці і пачатку расследавання.

Даследаванні каранавіруса і кажаноў

Па дадзеных, якія змяшчае даклад, група даследчыкаў пад кіраўніцтвам доктара Шы Чжэнлі ў 2013 годзе працавала з вірусам з пячоры ў правінцыі Юньнань. Пазней выявілі, што гэты вірус на 96,2% ідэнтычны SARS-CoV-2. SARS-CoV-2 і выклікаў каранавірусную інфекцыю, якую мы ведаем як COVID-19.

У 2015 годзе гэтыя даследчыкі разам з навукоўцамі з універсітэта Паўночнай Караліны прыйшлі да высновы, што вірус можа напрамую перадавацца ад кажаноў да чалавека. Ад гэтага віруса не было ніякага лячэння.

Некалькі год пасля, у сакавіку 2019 года, доктар Шы і яе група навукоўцаў, якая працавала ў Аўстраліі, напісалі даклад для навуковага часопіса пад назвай «Каранавірусы кажаноў». У артыкуле яны пішуць, што «імкнуцца прадказаць гарачыя кропкі віруса і іх міжвідавы патэнцыял перадачы». У тэксце яны сцвярджаюць, што «каранавірусы ў Кітаі, якія перадаюцца ад кажаноў, трэба неадкладна вывучаць, каб зразумець іх здольнасць выклікаць чарговую ўспышку».

Яшчэ ў навуковым артыкуле адзначалася: «вельмі верагодна, што будучыя ўспышкі SARS або MERS, падобныя да каранавірусаў, будуць распаўсюджвацца ад кажаноў, і існуе падвышаная верагоднасць таго, што гэта адбудзецца ў Кітаі».

Па словах доктара Шы, цяпер існуе каля 5 тысяч штамаў вірусаў, якія можна знайсці ў кажаноў у пячорах па ўсім свеце.

Ключавыя даты ў дакладзе

  • 9 лістапада 2015 года

Уханьскі інстытут вірусалогіі апублікаваў даследаванне, у якім гаворыцца, што яны стварылі новы вірус у лабараторыі з SARS-CoV.

  • 6 снежня 2019 года

Праз пяць дзён пасля таго, як у чалавека, звязанага з рынкам морапрадуктаў Ухань, з’явіліся сімптомы, якія нагадавалі пнеўманію, яго жонка таксама захварэла. Гэта сведчыць, што вірус перадаецца ад чалавека.

  • 27 снежня 2019 года

Нацыянальная камісія аховы здароўя Кітая паведаміла, што на новы каранавірус хварэюць каля 180 чалавек.

  • 26-30 снежня 2019 года

З’яўляюцца сведчанні, што гэта дакладна новы вірус.

  • 31 снежня 2019 года

Кітайскія ўлады пачынаюць падвяргаць цэнзуры словы і словазлучэнні ў сацыяльных сетак, якія звязваюць з Уханем і пнеўманіяй.

  • 1 студзеня 2020 года

Восем дактароў з Уханя, якія папярэдзілі аб з’яўленні новага віруса, затрыманыя і асуджаныя.

  • 3 студзеня 2020 года

Кіраўніцтва Кітая афіцыйна забараняе распавядаць дактарам пра новы вірус.

  • 5 студзеня 2020 года

Мясцовая камісія аховы здароўя Уханя спыняе выпускаць штодзённую інфармацыю аб новых выпадках захворвання. Гэта працягваецца да 18 студзеня.

  • 10 студзеня 2020 года

Афіцыйны прадстаўнік КНР Ван Гуанфа кажа, што ўспышка «пад кантролем» і ў асноўным працякае ў «лёгкім стане».

  • 12 студзеня 2020 года

Лабараторыя прафесара Чжан Юнчжэн ў Шанхаі зачынена ўладамі для «карэкцыі», праз адзін дзень пасля таго, як яна ўпершыню дзеліцца дадзенымі геномной паслядоўнасці са светам.

  • 14 студзеня 2020 года

Кіраўнік Нацыянальнай камісіі аховы здароўя КНР Ма Сяовэй у прыватным парадку папярэджвае калегаў, што вірус можа ператварыцца ў буйную падзею для грамадскай аховы здароўя.

  • 24 студзеня 2020 года

Афіцыйныя асобы ў Пекіне не даюць Інстытуту вірусалогіі Ухані дзяліцца пробамі з Тэхаскім ўніверсітэтам.

  • 6 лютага 2020 года

Кітайская служба кантролю за Інтэрнетам робіць больш жорсткім кантроль над анлайн-платформамі і сацыяльнымі сеткамі.

  • 9 лютага 2020 года

Журналіст і бізнэсовец Фан Бін знікае. Гэта адзін з буйнейшых інфарматараў па абстаноўцы з каранавірусам у Ухані. Яго месцазнаходжанне дагэтуль невядома.

  • 17 красавіка

Мясцовая камісія аховы здароўя ва Ухані публікуе інфармацыю пра колькасць памерлых ад каранавіруса. У параўнанні з 16 красавіка, колькасць памерлых павялічваецца на 50% — іх становіцца 1290 чалавек.

• Текст доступен на языке: Русский