Фота Настассі УТКІНАЙ.

Загадчыца службы хуткай медыцынскай дапамагі — Ала Панцюхіна — распавяла, як падчас каранавіруснай пандэміі працуе гэтая служба на Мядзельшчыне.

Сёння хуткая медыцынская дапамога працуе ў новым рэжыме. Спецыялісты выязджаюць па падазрэнні на каранавірус, але па-ранейшаму ажыццяўляюць выезды і да іншых людзей, усім тым, каму патрэбна кваліфікаваная дапамога.

Ала Панцюхіна расказала, што ў пачатку красавіка пацыентаў з падазрэннем на каранавірусную інфекцыю накіроўвалі за межы раёна ў спецыялізаваныя медыцынскія ўстановы для лячэння такіх пацыентаў. Іх арганізоўвалі па распараджэнні галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Мінаблвыканкама.

А з 21 красавіка, калі аддзялення раённай бальніцы перапрафілявалі, яны размяшчаюцца на месцы.

Праца ў новых умовах

— Працуем з усёй адказнасцю. Цяпер любая вірусная інфекцыя апрыёры лічыцца як каранавірусная. Таму нашы медыкі маюць у поўным аб’ёме сродкі абароны.

У першую чаргу гэта супрацьчумны касцюм, які складаецца з камбінезона з капюшонам, бахілаў, двух пар пальчатак, нарукаўнікі, ачкоў і масак ці экрана і рэспіратара. Мы не ведаем, з чым сутыкнемся. Таму ў такой абароне брыгады хуткай дапамогі выязджаюць зараз на ўсе выклікі.

Калі аказваем дапамогу пацыентам з рэспіраторнай інфекцыяй, або з падазрэннем на каранавірусную інфекцыю, або з пацверджаным выпадкам, брыгада вяртаецца на базу для змены касцюма, а аўтамабіль праходзіць апрацоўку.

Не ўсім патрэбна шпіталізацыя

— Інфекцыю людзі пераносяць па-рознаму. Нават калі вы кантакт першага ўзроўню і ў вас ўзялі мазок, неабавязкова могуць праявіцца сімптомы. Некаторыя перахварэюць у лёгкай форме: з невысокай тэмпературай, лёгкім кашлем.

І ў першым, і ў другім выпадку шпіталізацыя не патрэбна. Нават калі вынік аналізу станоўчы. Дастаткова самаізаляцыі і назіранні амбулаторна-паліклінічнай службы.

Таму калі прыехала «хуткая», пацыенту зрабілі ін’екцыю гарачкапаніжальнага і з’ехалі, гэта не значыць, што яго кінулі. Да яго пазней прыедзе доктар і прызначыць лячэнне, таму што ўся інфармацыя накіроўваецца ў амбулаторна-паліклінічную службу.

Чалавека будуць назіраць, яму аформяць бальнічны ліст. Але калі чалавек, які патэлефанаваў, будзе кантактам першага ўзроўню і ў яго будуць скаргі на дыхавіцу, боль у грудной клетцы, мы яго вызначаем як пацыента сярэдняй цяжкасці. Яму вымяраецца тэмпература і сатурацыя крыві (узровень насычэння крыві кіслародам). Калі апошні паказчык ніжэй за норму, мы можам падазраваць парушэнні ў лёгкіх і шпіталізуем пацыента.

Але калі тэмпература не высокая, а лёгкія чыстыя, чалавека можна пакінуць дома на бальнічным. Лячыць мы ведаем як, маюцца пратаколы аказання медыцынскай дапамогі пацыентам з каранавіруснай інфекцыяй, зацверджаныя Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Лекаў досыць, усяго хапае.

Калі ёсць неабходнасць, пацыента можам адвезці ў Вілейку на камп’ютэрны тамограф. Але пакуль не вазілі. Спраўляемся. Хутка будуць выпісаныя першыя пацыенты, якія паспяхова прайшлі лячэнне і паправіліся.

Зваротаў на службу 103 стала менш

— Зваротаў па тэлефоне паменела.

Гэта адразу, калі ўсё пачыналася, нам тэлефанавалі напалоханыя людзі і проста крычалі: «Што нам рабіць?»

Яны патрабавалі іх забраць, лаяліся, а мы іх супакойвалі, тлумачылі, размаўлялі. Зараз званкоў менш, людзі ўсё ж перасталі панікаваць. Нават на «гарачую лінію» званкоў не шмат. Зваротаў на «хуткую» менш і ў параўнанні з гадамі, калі аб’яўляліся эпідэміі грыпу.

Як дзейнічаць?

— Баяцца не трэба, але трэба сябе абараняць: у грамадскіх месцах насіць маску, пальчаткі, часцей мыць рукі, трымаць дыстанцыю. А калі ёсць магчымасць — трэба заставацца дома.

Калі казаць пра першыя сімптомы, то яны могуць быць у кожнага свае. Гэта агульная слабасць, цягліцавыя болю, падвышаная тэмпература, сухі кашаль, пяршэнне ў горле, боль у грудной клетцы. Гэта асноўныя пачатковыя прыкметы. Плюс дыхавіца, гэта калі больш цяжкі выпадак, і цяжкасць глыбокага ўдыху.

Мазок на наяўнасць каранавіруснай інфекцыі возьмуць, калі вы кантакт першага ўзроўню або другога пры наяўнасці сімптомаў, а таксама калі ў вас развілася пнеўманія. Няма неабходнасці і магчымасці гэта рабіць ва ўсіх жадаючых. Слухайце сябе і будзьце здаровыя.

На тэрыторыі Мядзельскага раёна брыгады хуткай дапамогі функцыянуюць у Свіры, Нарачы, Крывічах і Мядзеле. Па чатыры брыгады на кожным пасту.