25 красавіка загарэлася сухая расліннасць каля вёскі Лаўскі Брод Валожынскага раёна на плошчы 0.5 га, паведамляе Валожынскі райвыканкам.

Аказалася, што адна з жыхарак вёскі такім чынам вырашыла пазбавіцца ад сухой травы на полі.

— Я вырашыла падпаліць поле, каб трава не сеялася на мой агарод. Раней я так ніколі не рабіла. І зараз вельмі шкадую аб сваім учынку, — патлумачыла жанчына.

Жанчына прыцягнутая да адміністрацыйнай адказнасці.

Што бывае за выпальванне сухой травы?

Па-першае, выпальванне сухой расліннасці, паржышчавых рэшткаў, траў на корані катэгарычна забароненае.

За парушэнне прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць — штраф ад 10 да 40 базавых велічынь (ад 270 да 1080 рублёў).

Распальванне вогнішчаў у забароненых месцах цягне папярэджанне або штраф ў памеры да 12 базавых велічынь (да 324 рублёў).

На тэрыторыі баз адпачынку, дачнага кааператыва, садаводчага таварыства, прыдамавой тэрыторыі жылога дома дапускаецца кантраляванае развядзенне вогнішчаў, размяшчэнне спецыяльных прыстасаванняў для палаючага вугалю. Гэта дазваляецца пры ўмове прыняцця мер па нераспаўсюджванні гарэння за межы пляцоўкі, пастаяннага кантролю за працэсам гарэння і забеспячэння сродкамі тушэння (вогнетушыцель, ёмістасць з вадой, рыдлёўка і т. п.).

Пасля заканчэння падрыхтоўкі ежы падпаленыя матэрыялы павінны быць патушаныя да поўнага спынення тлення.

Размяшчэнне вогнішчаў дапускаецца на адлегласці не менш за 10 метраў ад будынкаў (збудаванняў), 20 метраў ад лясных масіваў, 30 метраў ад скірдаў сена і саломы.

Размяшчэнне спецыяльных прыстасаванняў для падрыхтоўкі ежы на адлегласці не менш за 4 метры ад будынкаў (збудаванняў).