Фота: Марк Ралстон/AFP via Getty Images.

Сусветная арганізацыя аховы здароўя выказвае занепакоенасць рашэннем беларускіх уладаў правесці ваенны парад 9 мая, заявіў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік СААЗ у Беларусі Батыр Бердыклычаў.

– Мы вельмі занепакоеныя магчымымі негатыўнымі наступствамі правядзення такога масавага мерапрыемства ў перыяд эпідэміі, – падкрэсліў ён. – Асаблівае хваляванне выклікае магчымы ўдзел у гэтым мерапрыемстве людзей сталага ўзросту, сярод якіх адзначаецца цяжкая форма захворвання і высокі ўзровень смяротнасці ад COVID-19″.

Бердыклычаў нагадаў, што адна з рэкамендацый СААЗ па выніках красавіцкага візіту ў Беларусь місіі экспертаў – узмацненне мер фізічнага дыстанцыявання, у прыватнасці перанос або адмена масавых спартыўных, культурных, палітычных і рэлігійных мерапрыемстваў.

– Навалы людзей, пры якіх немагчыма забяспечыць дыстанцыю паміж людзьмі ў 1,5-2 метра, павышаюць рызыку перадачы віруса і спрыяюць далейшаму распаўсюджванню эпідэміі, – сказаў Бердыклычаў.

У той жа час ён падкрэсліў, што рашэнне адносна выканання рэкамендацый СААЗ з’яўляецца прэрагатывай ўрада краіны. У канчатковай справаздачы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя па выніках наведвання Беларусі місіяй СААЗ 7-11 красавіка ўладам было рэкамендавана прыняць агульнанацыянальныя меры па ўзмацненні фізічнага дыстанцыяваньня ва ўмовах распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі COVID-19.

У справаздачы, размешчанай на сайце арганізацыі, адзначаецца, што Беларусь ўступіла ў новы этап эвалюцыі пандэміі COVID-19 з перадачай інфекцыі сярод насельніцтва, што асабліва прыкметна ў асобных частках краіны, уключаючы Мінск, Віцебск і Віцебскую вобласць.

– Сітуацыя выклікае заклапочанасць і патрабуе неадкладнай рэалізацыі ўсёабдымнай змяшанай стратэгіі, – падкрэсліваюць эксперты.

Таму СААЗ лічыць неабходным: перанесці ўсе масавыя мерапрыемствы; забяспечыць ізаляцыю пацыентаў з COVID-19 і іх кантактаў з пацверджаным каранавірусам; укараніць фарматы аддаленай працы і дыстанцыйнага навучання, прыпыніць дзейнасць усіх другарадных арганізацый, прадпрыемстваў і эканамічных суб’ектаў; забяспечыць строгае выкананне мер прафілактыкі і інфекцыйнага кантролю на працоўных месцах, дзе аддаленая праца немагчымая, уключаючы гігіену рук, рэспіраторны этыкет і фізічнае дыстанцыяванне з захаваннем бяспечнай адлегласці ў 1-1,5 метра, забяспечыць належную вентыляцыю (асабліва ў медустановах), адлегласць паміж работнікамі, абмежаваць колькасць нарад і сустрэч, неабавязковых перасоўванняў, асабліва для груп высокай рызыкі і уразлівых пацыентаў.

Такія меры, гаворыцца ў справаздачы, запавольваюць распаўсюд віруса і дазваляюць медыцынскім службам выйграць час, неабходны для адэкватнай падрыхтоўкі, абсталявання і пераацэнкі патрэбаў работнікаў аховы здароўя і ўстаноў у адказ на рост колькасці пацыентаў з COVID-19.

СААЗ пацвердзіла сваю падтрымку Беларусі і гатоўнасць па-ранейшаму аказваць садзейнічанне ў падтрыманні і узмацненні цяперашніх мер у адказ, а таксама ў аказанні дапамогі для распрацоўкі і рэалізацыі наступнага этапу мерапрыемстваў па супрацьдзеянні пандэміі.

4 траўня ў ходзе анлайн-перамоваў з прэзідэнтам Малдовы Ігарам Додоам Аляксандр Лукашэнка заявіў, што лічыць немагчымай адмену ні аднаго з мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня Перамогі. У той жа час ветэранаў папрасілі на парад не ісьці.