Фота 4esnok.by.

Савет Рэспублікі ўхваліў сёння на пасяджэнні законапраект аб амністыі ў сувязі з 75-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, перадае БелТА.

Законапраект сенатарам прадставіў міністр унутраных спраў Юры Караеў.

Паводле яго слоў, па папярэдніх дадзеных, ад розных відаў пакаранняў вызваляць 5372 асуджаных, у тым ліку з месцаў пазбаўлення волі – 1985 чалавек, з выпраўленчых устаноў адкрытага тыпу – 727, з крымінальна-выканаўчых інспекцый – 2660.

Акрамя таго, мяркуецца на год скараціць тэрмін пакарання 6,4 тысяч асуджаных. Гэты пералік у параўнанні з амністыяй 2019 года пашыраны. У яго ўключаны асобы, якія ўчынілі карупцыйныя злачынствы, а таксама ўсе асуджаныя за незаконны абарот наркотыкаў.

— За выключэннем паўналетніх, якія адбываюць пакаранне па часткам 4 і 5 артыкулу 328 Крымінальнага Кодэксу — за злачынствы ў сферы незаконнага абарот наркотыкаў, учыненыя ў складзе арганізаваных груп, з выкарыстаннем лабараторнага абсталявання, якія прывялі да смерці чалавека, — удакладніў міністр.

Традыцыйна пад амністыю трапляюць непаўналетнія, цяжарныя жанчыны, жанчыны і адзінокія мужчыны, якія выхоўваюць дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, інваліды I і II груп, анкахворых і ВІЧ-інфікаваныя, ветэраны баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых краін, а таксама пацярпелыя ад аварыі на ЧАЭС .

— Яна [амністыя] ўжываецца толькі да тых, хто станоўча характарызуецца падчас адбыцця пакарання і пры поўнай кампенсацыі шкоды, — растлумачыў міністр.

У законапраекце таксама прапісана, што людзям пасля амністыі дапамогуць у бытавым і працоўным уладкаванні, вырабе, замене дакументаў, якія сведчаць асобу.

Акцэнт на гэта ў размове з журналістамі зрабіў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Сяргей Сівец.

— Закон аб амністыі не толькі рэгламентуе вызваленне ад крымінальнай адказнасці і пакарання, але і прадугледжвае пытанні, звязаныя з рэсацыялізацыяй, рэабілітацыяй і адаптацыяй грамадзян, вызваленых з месцаў пазбаўлення волі. Мясцовым уладам даручана распачаць для гэтага комплекс сацыяльна-бытавых, адукацыйных, медыцынскіх мерапрыемстваў, — адзначыў сенатор.