Фота fotokto.ru.

Сітуацыя з распаўсюдам каранавіруса ва ўсходняй частцы Еўропы выклікае занепакоенасць. Пра гэта падчас брыфінгу заявіў кіраўнік Еўрапейскага рэгіянальнага бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) Ханс Клюге.

– Сітуацыя ва ўсходняй частцы рэгіёна па-ранейшаму выклікае занепакоенасць. У Беларусі, Казахстане, Расійскай Федэрацыі і Украіне лік новых выпадкаў ўзрос за апошні тыдзень, – адзначыў прадстаўнік СААЗ.

Клюге распавёў, што ў рамках барацьбы з інфекцыяй 43 краіны ў рэгіёне ўвялі частковыя або поўныя абмежаванні наперамяшчэнне. Правядзенне ў цяперашняй сітуацыі масавых мерапрыемстваў можа справакаваць новую ўспышку захворвання.

 – Наперадзе ў нас вельмі важны дзень – Дзень Перамогі, 9 мая. І хачу адзначыць тыя ўрады, якія прынялі адважнае рашэнне адкласці або перанесці парады, паставілі здароўе людзей на першае месца.

Мы ў рэгіянальным офісе вельмі паважліва ставімся да гэтай даты. Але цяпер час для таго, каб знайсці альтэрнатыўныя рашэнні для святкавання, каб не падвяргаць рызыцы чалавечыя жыцці, – заявіў Клюге.

У Беларусі парад з нагоды 75-годдзя Перамогі пройдзе ў Мінску 9 мая ў 11.00. Раней Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не можа адмяніць ваенны парад, паколькі турбуецца «што людзі гэта не ўхваляць». Пятага мая Лукашэнка запрасіў прыняць удзел у святкаванні 9 мая кіраўнікоў іншых дзяржаў.

Ён таксама выказваў меркаванне, што масавыя мерапрыемствы і ваенны парад да Дня Перамогі не пагоршаць эпідэміялагічную сітуацыю ў краіне.

У СААЗ лічаць, што правядзення такога масавага мерапрыемства ў перыяд эпідэміі, можа мець негатыўныя наступствы.