Вялікай Перамозе прысвечаная часовая экспазіцыя, арганізаваная ў выставачнай зале Вілейскага краязнаўчага музея. Экспзіцыю зладзілі ў рамках патрыятычнай акцыі «Беларусь памятае» і 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

У экспазіцы – гісторыя і трагедыя вайны, гераізм і подзвіг у фотаздымках, дакументах, паштоўках, ваенных лістах, якія сёння з’яўляюцца экспанатамі з фондаў Вілейскага краязнаўчага музея.

– Але галоўныя героі часовай экспазіцыі – людзі – нашы дзядулі і бабулі, прадзеды i прабабулі. Па-рознаму склаліся іх лёсы. Нехта ваяваў на франтах вайны і сустракаў Перамогу ўдалечыні ад дома, нехта ваяваў у тыле ворага. Многія не змаглі пасля вайны вярнуцца ў родныя мясціны, і Вілейшчына стала для іх другой радзімай. Вайна адбілася на жыццях ўсіх людзей без выключэння, – распавядае навуковы супрацоўнік Вілейскага краязнаўчага музея Вольга Коласава.

Унікальныя матэрыялы з фондаў музея дапаўняе выстава лістоў «Вайна і каханне» з сямейнага архіва архітэктара Галіны Левінай. У экспазіцыі – гісторыя кахання бацькоў заслужанага архітэктара Рэспублікі Беларусь Леаніда Левіна, аднаго з аўтараў мемарыяльнага комплекса «Хатынь». Леанід Левін збярог і ўвекавечыў ваенную перапіску сваіх бацькоў.

У лістах – подзвіг салдата Мендэля Левіна і лёс яго жонкі Лізы, якая з двума сваімі дзецьмі эвакуіравалася на тэрыторыю Кіргізіі. Пісаў бацьку лісты і яго сын Лёня, якому было пяць гадоў, калі пачалася вайна. У прадстаўленых лістах няма жаху вайны, але ёсць бясконцая любоў і пяшчота, адзначае Вольга Коласава.

Экспазіцыю можна паглядзець па адрасе: Вілейка, плошча Свабода,1.

Фотаздымкі экспазіцыі забяспечаныя Вольгай Коласавай.

• Текст доступен на языке: Русский