Акт аб безумоўнай капітуляцыі Германіі падпісалі 7 мая ў 2:41 па цэнтраёўрапейскім часе (4:41 па мінскім) у Рэймсе. Першыя навіны аб капітуляцыі з’явіліся днём 7 мая, але толькі 8 мая аб гэтым афіцыйна заявілі прадстаўнікі краін-пераможцаў.

Савецкі Саюз зрабіў заяву 9 мая пасля падпісання Акту ў Карслхорсце.

— Гэта змрочная, але слаўная гадзіна. Я хацеў бы, каб Франклін Рузвельт дажыў бы да гэтага дня. Генерал Эйзенхаўэр праінфармаваў мяне, што ваенныя сілы Германіі здаліся Арганізацыі Аб’яднаных нацый. Сцягі свабоды цяпер лунаюць па ўсёй Еўропе.

Падрыхтоўка тэксту капітуляцыі

Над тэкстам Капітуляцыі прадстаўнікі ЗША, Вялікабрытаніі і СССР працавалі ад 1944 года. Над праектам Акта аб Капітуляцыі працавала Еўрапейская кансультатыўная камісія. Менавіта яна прапанавала, каб Акт падпісала вышэйшае нямецкае камандванне.

Умовы Капітуляцыі Германіі ўпершыню абмеркавалі на першым пасяджэнні Еўрапейскай кансультатыўнай камісіі 14 студзеня 1944 года. Канчатковы тэкст Капітуляцыі ўзгаднілі 28 ліпеня 1944 года, а затым яго прынялі тры краіны-саюзніцы (ЗША, Вялікабрытаніі і Савецкі Саюз).

Частковыя капітуляцыі 

Перад канчатковай капітуляцыяй на франтах падпісвалі так званыя частковыя капітуляцыі.

Нямецкія камандзіры вялі перамовы ў Італіі аб частковай капітуляцыі — падпісалі яе 29 красавіка, дакумент пачаў дзейнічаць 2 мая. Некаторыя генералы асуджалі падпісанне капітуляцый. Напрыклад, фельдмаршал Альберт Кеселінг толькі пасля смерці Адольфа Гітлера 30 красавіка далучыўся да капітуляцыі.

4 мая нямецкія войскі ў Паўночнай і Заходняй Германіі, Нідэрландах, Даніі і Шлэзвіг-Галштэйне таксама капітулявалі. 5 мая немцы капітулявалі ў Баварыі і Паўднёва-Заходняй Германіі. Капітуляцыі прынялі амерыканцы.

Нямецкія ваенныя масава здаваліся заходнім саюзнікам. Аднак у той жа час урад Дзёніца, які кіраваў Германіяй пасля смерці Гітлера, выступаў супраць капітуляцый Савецкаму Саюзу. Узброенным сілам Германіі на Усходзе загадалі працягваць ваяваць. Савецкае камандаванне падазравала, што заходнія саюзнікі маюць намер падпісаць мірны дагавор без СССР, і на гэта спадзяваўся Дзёніц. Але насамрэч гэта было не так.

Таму Эйзенхаўэр вырашыў спыніць падпісанне частковых капітуляцый. Ён даручыў Дзёніцу накіраваць сваіх прадстаўнікоў у Вярхоўны штаб экспедыцыйных сіл у Рэймсе. Там мяркавалася ўзгадніць умовы для агульнай капітуляцыі ўсіх нямецкіх сіл адначасова ўсім саюзным дзяржавам, Савецкаму Саюзу ў тым ліку.

Ёдль падпісвае капітуляцыю ў Рэймсе.

Першая капітуляцыя ў Рэймсе

6 мая адмірал Фрыдэбург паведаміў Дзёніцу, што Эйзенхаўэр настойвае на «неадкладнай, адначасовай і безумоўнай капітуляцыі на ўсіх франтах».

Дзёніц адправіў генерала Ёдля на перамовы. У Рэймсе Ёдль спрабаваў абмеркаваць з Эйзенхаўэрам змяніць патрабаванні аб капітуляцыі. Аднак Эйзенхаўэр сказаў, што калі Дзёніц адмовіцца ад умоваў капітуляцыі на ўсіх франтах, то брытанцы і амерыканцы перастануць прыймаць частковыя капітуляцыі і распачнуць наступленне з бамбардзіроўкамі нямецкіх пацізый і гарадоў.

Ёдль тэлеграфаваў Дзёніцу, які пагадзіўся здацца праз 48 гадзін.

Такім чынам, 7 мая ў 2:41 падпісалі першы дакумент аб Капітуляцыі. З боку Германіі яго падпісаў генерал Ёдль, ад войскаў саюзнікаў — Вальтэр Сміт, за савецкі бок адказваў генерал Суслапараў. У якасці афіцыйнага сведкі быў французскі генерал-маёр Франсуа Сэвэз. Дакумент пачаў дзейнічаць 8 мая ў 23:01.

Падпісанне Капітуляцыі ў Карлсхорсце.

СССР незадаволены Актам у Рэймсе

Эйзенхаўэр кансультаваўся з начальнікам Генеральнага штаба генералам Аляксеем Антонавым. Па просьбе Эйзенхаўэра Антонаў камандзіраваў Суслапарава ў Вярхоўны штаб экспедыцыйных сіл у Рэймсе на перамовы аб Капітуляцыі. Антонаву адправілі тэкст Капітуляцыі тэлеграфам. Але савецкі бок не пацвярджаў, што Суслапараў упаўнаважаны падпісваць такія дакументы.

Пасля 6 гадзін ад падпісання Акту аб Капітуляцыі ў Рэймсе Вярхоўнае камандаванне Савецкага Саюза заявіла, што гэты дакумент непрымальны — тэкст адрозніваўся ад тэксту Еўрапейскай кансультатыўнай камісіі, а Суслапараў не ўпанаважаны падпісваць Акт аб Капітуляцыі.

Аднак гэтыя пярэчанні савецкага боку былі толькі падставамі. Асноўная прычына заключалася ў тым, што Акт аб Капітуляцыі павінны быць унікальнай і адзінай гістарычнай падзеяй, якая адлюстроўвае вядучы ўклад савецкага народа ў перамозе над Трэцім рэйхам.

Паводле пазіцыі СССР, падпісанне Акту павінна адбывацца не на вызваленнай тэрыторыі, якая пацярпела ад нямецкай агрэсіі, а ў будынку ўрада, дзе ўзнікла гэта нямецкая агрэсія.

Эйзенхаўэр згадзіўся з умовамі савецкага боку.

Капітуляцыя ў Карлсхорсце — канец вайны ў Еўропе

Канчатковы акт аб безумоўнай капітуляцыі Германіі быў падпісаны ў берлінскім прадмесці Карлсхорсце ў будынку афіцэрскага клуба былога ваенна-інжынернага вучылішча ў ноч з 8 на 9 мая. На дакуменце няма дакладнага часу падпісання.

Ад германскага боку акт падпісалі: генерал-фельдмаршал, начальнік штаба Вярхоўнага камандавання вермахта Вільгельм Кейтэль, прадстаўнік люфтвафэ — генерал-палкоўнік Штумпф і адмірал фон Фрыдэбург.

Безумоўную капітуляцыю прынялі маршал Жукаў (ад савецкага боку) і намеснік галоўнакамандуючага саюзнымі экспедыцыйнымі сіламі маршал Тэдэр (Вялікабрытанія). У якасці сведак свае подпісы паставілі генерал Карл Спаац (ЗША) і генерал Жан дэ Латр дэ Тасіньі (Францыя).

Па ўзгадненні паміж урадамі СССР, ЗША і Вялікабрытаніі працэдуру ў Рэймсе сталі лічыць папярэдняй Капітуляцыія. Менавіта такім чынам яна тлумачылася ў СССР. У звароце Сталіна да савецкага народа Рэймскі акт названы як «папярэдні пратакол капітуляцыі». На Захадзе Рэймскі акт расцэньваюць як уласна падпісанне капітуляцыі, а акт у Карлсхорсце — як яго ратыфікацыя.

Савецкія грамадзяне даведаліся аб падпісанні капітуляцыі ў Карлсхорсце з паведамлення Саўінфармбюро 9 мая 1945 года ў 2:10 ночы па маскоўскім часе.