Смаргонь. Тут патрабуюцца работнікі ў гандаль і нават пакаёўка ў гасцініцу падчас пандэміі. Фота Аксаны Ярашонак.

Знаёмцеся з вакансіямі, якія прапануюць на сайце Дзяржаўнай службы занятасці арганізацыі і ўстановы Смаргоні, Ашмянаў і Астраўца.

Астравец: шукаюць спецыялістаў на АЭС і ў аблспажыўтаварыства

У Астраўцы шмат вакансій ад расійскага прадстаўніцтва ў Беларусі «Атамбудэкспарт».

Патрэбныя эксперты, інжынеры, геадэзіст. Заробкі ад 850 да 1 180 рублёў. Амаль у тры разы менш – прыбіральшчыцы і аператару ЭВМ, што прыйдуць у астравецкую школу №2, і ліфцёру, якога шукае садок №4.

У Астравецкі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства трэба інспектар па кадрах, буфетчык, афіцыянт, повар, кіроўца, кандытар, аператар ЭВМ, прадавец, слесар-сантэхнік, бухгалтар, інжынер. З усіх пералічаных найбольш абяцаюць прадаўцу – ад 600. Найменш – аператару ЭВМ – ад 375. Інжынеру – ад 500. Астатнім – ад 400-450.

Гродзенская абласная арганізацыя Асвод шукае ў Астраўцы матроса-выратавальніка. Абяцаюць ад 625 рублёў.

Ашмяны: мытня, ДБУ, сельская гаспадарка

На Ашмяншчыне возьмуць некалькі спецыялістаў у Гродзенскую рэгіянальную мытню. Патрэбныя электрамеханікі, трактарыст і прыбіральшчык. Электрамеханік атрымае ад 860 рублёў. Трактарыст і прыбіральшчык, што будуць працаваць на паўстаўкі, – ад 277 і ад 233 рублёў адпаведна.

Наступны спіс – ад дарожна-будаўнічага ўпраўлення №28. Шукаюць інструктара па фізкультуры і спорце, загадчыка канцылярыі, эканаміста, геадэзіста. Самыя высокія заробкі прапануюць эканамісту і геадэзісту – ад 670 і ад 650 рублёў адпаведна. Інструктару па фізкультуры – ад 150 – за працу на чвэрць стаўкі, загадчыку канцылярыі – ад 187 – за паўстаўкі. Столькі ж атрымае ліфцёр, які на паўстаўкі прыйдзе ў Ашмянскі райвыканкам, і сацыяльны работнік у тэрытарыяльным цэнтры абслугоўвання насельніцтва.

На мясцовы дражджавы завод патрэбны грузчык. Заробак – ад 400.

У электрасеткі возьмуць электраманцёра. Заробак – ад 435. Інжынер на гэтым жа прадпрыемстве атрымае амаль у два разы больш. А майстар участка – ад 1 050.

На сельгаспрадпрыемства ў Каменным Логу патрабуецца ветфельчар, юрысконсульт, трактарыст-машыніст, заатэхнік, аграном, кіроўца, аператар машыннага даення. З усіх пералічаных найбольш атрымае заатэхнік – 500 рублёў, пасля кіроўца – ад 450. Заробкі астатнім – ад 370 да 400. Спецыялісты ў сельскай гаспадарцы патрэбныя і на прадпрыемства «Кракаўка», што ў Жупранскім сельсавеце.

Смаргонь: работнікі ў гандаль і сельскую гаспадарку

У гандлёвую сетку «Дабраном» шукаюць прыбіральшчыка, касіра гандлёвай залы, кантралёра-касіра, абвальшчыка мяса. Найбольш атрымае касір гандлёвай залы – ад 650, Найменш прыбіральшчык – ад 400. У крамы аблспажыўтаварыства возьмуць прадаўца з заробкам ад 450 і абвальшчыка мяса – ад 600.

Гасцініца «Смаргонь» чакае пакаёўку. Заробак – ад 450.

Гаспадарка, што ў аграгарадку Ракаўцы, возьме трактарыста, агранома, ветэрынарнага доктара. Заробкі – ад 800 да 1400.

У Смаргонскую раённую бібліятэку трэба бібліятэкар. Заробак – ад 375 рублёў.

Пра тое, якіх спецыялістаў шукаюць у Вілейцы, Маладзечне, Валожыне і Мядзеле, можна пачытаць тут. 

• Текст доступен на языке: Русский