Адкапаны сейф.

Раніцай 5 мая ў аператыўна-дзяжурную службу Маладзечанскага РАУС звярнулася гаспадыня садовай крамы, размешчанай на вуліцы Багдана Хмяльніцкага. Жанчына паведаміла, што пасля выхаднога ў гандлёвай зале – пагром, а з кабінета дырэктара знік сейф. На месца здарэння выбыла следча-аператыўная група.

Па прыбыцці праваахоўнікі ўстанавілі, што зламыснікі праніклі ў прыватную краму праз акно, выбіўшы шкло. Падчас агляду месца інцыдэнту высветлілася, што з гандлёвай залы выкрадзеная выручка – каля паўтары тысячы рублёў. Па словах пацярпелай, у касе ляжалі «капейкі», а вось вялікая сума прыбытку захоўвалася ў скрыні пад самім касавым апаратам.

Акрамя гэтага, невядомыя прыхапілі з сабой сейф, у якім знаходзіліся каштоўныя паперы. Сейф быў у шафе ў кабінеце дырэктара, але не замацаваны належным чынам. Калі б канструкцыя адпавядала  патрабаванням, зламыснікі не змаглі б панесці сейф з памяшкання. Да таго ж краму не абсталявалі сігналізацыяй, сістэмай відэаназірання.

Супрацоўнікі крымінальнага вышуку вылічылі падазраваных. Менш чым за суткі атрымалася раскрыць злачынства. У злачынстве падазраюць двух беспрацоўных – 41-гадовага і 29-гадовага жыхароў Маладзечна. Па гарачых слядах мужчын затрымалі і даставілі для разбору ў РАУС.

Скарыстаўшыся тым, што ў краме быў не зачынены на замок аконны ралет, ноччу мужчыны разбілі кухонным малатком шкло і праніклі ў памяшканне. У касе ніякіх грошай яны не знайшлі, уся выручка захоўвалася ў скрыні пад самім апаратам. Адтуль зламыснікі забралі 1 480 рублёў. Сейф таксама прыхапілі з сабой, неслі ў поліэтыленавым пакеце. Сыходзячы, яны зачынілі за сабой аконны ралет.

Мужчыны на таксі адправіліся да знаёмага ў вёску Вязынка, дзе ўскрылі сейф. Яны распілавалі металічную скрыню. Паперы з сейфа спалілі, а скрыню закапалі ў лесе.

Па факце ўзбудзілі крымінальную справу.

• Текст доступен на языке: Русский