Фота Настассі УТКІНАЙ.

Выбары прэзідэнта пройдуць у гэтым годзе ў асаблівых умовах з-за пандэміі. Піша TUT.BY са спасылкай на «Беларусь 1», у эфіры якога падрабязнасці распавяла кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына.

— Пандэмія наклала такі адбітак, што выбаршчыкі ўсе будуць знаходзіцца ў краіне. І нават калі яны будуць адпачываць, то мы дамо ўсе магчымасці, каб яны прагаласавалі па месцы адпачынку. Студэнтам мы дамо магчымасць прагаласаваць па месцы іх пастаяннага пражывання, дзе яны будуць знаходзіцца ў бацькоў. Людзям, якія будуць на лецішчах, мы таксама дамо магчымасць прагаласаваць у сельвыканкамах, сельскіх участковых выбарчых камісіях.

Пры гэтым, як адзначыла Ярмошына, па пастаянным месцы жыхарства такіх людзей выключаць з спісаў.

Выбарчая кампанія будзе праходзіць з захаваннем усіх мер бяспекі. У прыватнасці, зборшчыкі подпісаў абавязаныя будуць выконваць рэкамендацыі па выкананні мер дыстанцыявання. Яны абавязаныя будуць быць у пальчатках і ахоўных масках. За парушэнне гэтых патрабаванняў пагражае пазбаўленне акрэдытацыі, заявіла Лідзія Ярмошына на пасяджэнні ЦВК, якое ўпершыню прайшло ў рэжыме анлайн.

Згодна з зацверджаным ЦВК плане, апошні тэрмін падачы заяваў патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты на рэгістрацыю ініцыятыўных груп — 15 мая. Збор подпісаў пачнецца 21 мая і завершыцца 19 чэрвеня.

Пасяджэння абласных, раённых, гарадскіх выканаўчых камітэтаў па фарміраванні тэрытарыяльных выбарчых камісій будуць праходзіць без запрашэння назіральнікаў, прадстаўнікоў палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў і грамадзян, якія вылучылі свае кандыдатуры. Пры гэтым адпаведныя выканаўчыя органы павінны на сваіх старонках у інтэрнэце выкладваць запіс гэтых пасяджэнняў, каб усе зацікаўленыя асобы маглі паглядзець і прааналізаваць іх ход, паведамляе са спасылкай на Ярмошыну «Звязда».

 — Мы яшчэ не ведаем, ці будуць у нас прысутнічаць міжнародныя назіральнікі. З гэтай нагоды яшчэ трэба выпрацаваць асобную палітычную пазіцыю разам з кіраўніком краіны, — расказала кіраўнік ЦВК.

Яна адзначыла, што адзінай краінай, якая правяла выбары падчас эпідэміі, пакуль з’яўляецца толькі Паўднёвая Карэя: 15 красавіка там прайшлі парламенцкія выбары «пры вельмі высокай яўцы выбаршчыкаў — на 23% больш, чым звычайна».

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць 9 жніўня. За гэтую дату сёння прагаласавала большасць падчас пазачарговага пасяджэння Палаты прадстаўнікоў.