Сцяпан Рыгоравіч разам з ветэранамі. Герой публікацыі ў верхнім шэразе другі справа. Фота Настассі Уткінай.

Сцяпан Філіпоўскі з Маладзечна распавядае пра блакаду Ленінграда
і раненні на фронце.

96-гадовы ветэран Другой сусветнай вайны Сцяпан Філіпоўскі жыве ў Маладзечне. Кажа, што адчувае сябе задавальняюча, толькі хадзіць цяжка з-за ранення. Сваякі клапоцяцца і дапамагаюць, таму і няма патрэбы нікуды выходзіць.

Сям’я

Дачка Сцяпана Рыгоравіча Алена жыве ў Мінску, Ала – у Маладзечне. Ветэран мае чацвярых унукаў і чацвярых праўнукаў. Пра мужчыну заўсёды ёсць каму клапаціцца, гатаваць ежу.

Да вайны

Філіпоўскі нарадзіўся ў горадзе Сураж Віцебскай вобласці. З Віцебшчыны набіралі  юнакоў, каб вучыліся ў Ленінградзе. Да вайны малады чалавек паспеў павучыцца ў Ленінградскім фабрычна-завадскім вучылішчы №2, паехаў на вучобу ў 16 год.

Прыгадвае, там было вельмі холадна. Снег раскопвалі, а птушкі проста замярзалі на марозе. А родным на Віцебшчыну прысылаў паштоўкі «Прывітанне з Ленінграда».

Фота Настассі Уткінай.

Сцяпан вучыўся на маляра. Было шмат практыкі, пастаянна клеілі і фарбавалі. Зарабляў 500 рублёў, што было добрым заробкам. З заробку яму вылічвалі грошы
і пасля выдалі 500-рублёвую аблігацыю. Калі ехаў на фронт, палітрук збіраў па
цягніку грошы на абарону. І гэту першую заробленую аблігацыю малады чалавек аддаў на патрэбы краіны.

Блакада

Калі ў час блакады пасылалі на працу, то выдавалі дадатковы талончык на харчаванне. Працавалі ў новых дамах каля завода імя Ламаносава. Але ежы было вельмі мала. Варылі лісце ліпы, елі сушаныя травы. Пасля таго як згарэлі склады з запасам ежы на некалькі год, хадзілі есці салодкую зямлю. Расплаўлены цукар зацёк пад падлогу, так што падымалі дошкі ў падлозе, каб дастаць яго.

Дадатковыя талоны не кралі. Але памятае, як на яго вачах юнак адабраў хлеб у жанчыны. Іншыя яго б’юць, а ён запіхвае хлеб у рот.

Але як там яго маглі пабіць – слабыя ўсе былі. Прыгадвае, як аднойчы ішлі на працу ў кірунку Маскоўскага вакзала. Выбягае з пад’езда жанчына і крычыць: «Я ем сваё дзіця! Я ем вось гэту зямлю!» Людзі былі вельмі слабыя, ледзь хадзілі. І нават дадатковыя талоны не моцна ратавалі.

Сцяпан Рыгоравіч удзельнічаў у пабудове чыгункі ад Фінскага вакзала да Ладажскага возера. Пілавалі лес на шпалы для вузкакалейкі, засыпалі пясок пад шпалы. Не было вады, электрычнасці. Палілі буржуйку.

Пакутавалі ад вошай, страсалі іх у агонь. На першых паверхах дамоў ніхто не жыў. На іх людзі спраўлялі свае патрэбы, бо іншых варыянтаў не было.

Фота Настассі Уткінай.

Перад 1 Мая ў 1942 годзе выдалі па два пачкі папярос, гарэлку, крыху ежы. І неяк адразу ўсе ў пакоі захварэлі на сыпны тыф. Але нічога не кралі. А папяросы юнак мяняў на хлеб.

Быў адзін хлопец з прозвішчам Васільеў, добра іграў на гітары. Калі памёр, яго цела  вырашылі занесці ў асобны пакой. Дык пасля туды і заносілі памерлых. Калі ішлі па Ленінградзе, бывала, бачыш, як жанчына вязе на санках загорнуты ў анучы трупік. Але і цягнуць больш не можа, губляе сілы побач з санкамі.

Галодная смерць вельмі страшная, расказвае Сцяпан Рыгоравіч. Чалавека так карожыць, аж пакуль не памрэ.

Фронт

У армію Сцяпана Рыгоравіча прызвалі ў 1942 годзе. Абараняў Ленінград у 45 гвардзейскай дывізіі 134 палка. Падчас боя куля прайшла праз шчаку і выйшла ля вуха з іншага боку.

Сківіца мужчыны была раздробленая. Пашанцавала, што не зачапіла мозг і ў шпіталі змаглі вылечыць.

А ў шпіталь малады мужчына патрапіў на трэція суткі пасля ранення. Бо адразу страціў прытомнасць, а калі ачуняў, перавярнуўся ў бок тылу і пачаў паўзці. Поле было ўсланае забітымі, байцы наступалі і перад боем, дзе раніла Філіпоўскага.

На другія суткі дапоўз да нямецкай зямлянкі, якую ўжо адваявалі. Там савецкі афіцэр пытаецца ў яго, дзе санчасць. Пакуль размаўлялі, якраз ля ўвахода грымнуў снарад. Афіцэр дапамог выбрацца. Санчасць была ў лазні, усю падлогу займалі раненыя.

Герой публікацыі ў верхнім шэразе другі справа. Фота Настассі Уткінай.

Медсястра перавязала галаву. Да санчасці прыязджаў чалавек, які вазіў па трое раненых у шпіталь. Павёз Філіпоўскага, а калёсы перакуліліся. Праязджала машына і праехала па назе Сцяпана, але ўдалося выжыць.

Пасля шпіталізацыі мужчына атрымаў інваліднасць і да канца вайны заставаўся ў Кіраве. Беларусь яшчэ была занятая нацыстамі, а вяртацца ў Ленінград было страшна – успаміны не дазвалялі. Пасля ж перамогі вярнуўся на радзіму.

Пасля вайны

Сцяпан Рыгоравіч атрымаў звесткі, што маці з братам і сястрой жывуць у Маладзечне. Немцы хацелі завезці іх у Германію ў палон, а партызаны паспелі вызваліць каля горада.

Калі ўпершыню прыехаў у Маладзечна ў 1946 годзе, пабачыў два падбітыя нямецкія танкі. Адзін у раёне сённяшняга пуцеправода, другі ў былым будынку музея па Лібава-Роменскай.

Маці расказала, як не стала бацькі. Ён удзельнічаў у Першай сусветнай вайне, уся спіна была параненая аскепкамі. Падчас Другой сусветнай на Сураж напалі ворагі, бамбілі з самалётаў. Бацька на паліто цягнуў свайго сына, каб схавацца ў трубе пад дарогай. Нагу прастрэліла буйнакаліберным кулямётам. Калі ляжаў ранены каля дарогі, міма праходзіў узвод немцаў, яны дабілі мужчыну.

Пасля вайны ў Маладзечне Філіпоўскі працаваў на «Спадарожніку». Калі яшчэ працаваў, штогод хадзіў на парады ў гонар 9 Мая.

З калегамі. Фота Настассі Уткінай.

• Текст доступен на языке: Русский