На традыцыйным фестывлі "Кола дзён" у Камарове, на Мядзельшчыне. Фота Зоі Хруцкай.

Ці  ўплывае пандэмія каранавіруса на бізнес на вёсцы? Пра гэта мы пагутарылі з экспертамі, а таксама з прадпрымальнікамі з Мядзельшчыны і Смаргоншчыны.

Прадпрымальнікі з Мядзельшчыны: «Галоўнае – здароўе, а не бізнес»

Эдуард і Ала Вайцяховічы разам з аднадумцамі ад 2015 года адраджаюць мястэчка Камарова, што на Мядзельшчыне. Яны стараюцца захаваць будынкі былога каледжа, развіваюць мястэчка. Мясцовыя актывісты ўдзельнічаюць у конкурсаў Еўрасаюза і амбасады ЗША і атрымліваюць фінансаванне. За гэтыя грошы стварылі бізнес­інкубатар, дзе вучылі прадпрымальніцтву.

Эдуард Вайцяховіч. Фота Зоі Хруцкай.

Вайцяховічы пякуць хлеб па камароўскіх рэцэптах. Нядаўна набылі будынак былой кавярні, плануюць абсталяваць там гандлёвую залу, а яшчэ варыць сыры і піва. Пра тое, як паўплываў каранавірус на прадпрымальніцкую дзейнасць, мы пагутарылі з прадпрымальнікам, кансультантам бізнес­інкубатара Эдуардам Вайцяховічам.

– Канешне, пандэмія паўплывала на нашу дзейнасць. Пакуль быццам бы па дробязях. Але тым не менш. Раней хлеб, які пяклі, не ўпакоўвалі. Цяпер для яго патрэбная ўпакоўка. А гэта ўжо дадатковыя выдаткі. Да таго ж арганізацыі, з якім супрацоўнічаем, не ўсе працуюць, – дзеліцца суразмоўца. Па яго назіраннях, пандэмія каранавіруса на вёсцы адчуваецца менш, бо тут не так шмат народу, як у гарадах.

– Нейкім чынам сітуацыя, якая складваецца, пацвярджае маю ідэю пра тое, што вёскі і бізнес у вёсках трэба развіваць, – кажа Эдуард.

І ўсё ж мужчына лічыць, што бізнес нікуды не дзенецца, а вось здароўе трэба берагчы.

Прадпрымальнікі са Смаргоншчыны: Будаўнічы сезон сёлета не пачаўся

Таксама мы пагутарылі з прадпрымальнікамі, якія трымаюць будаўнічыя крамы на Смаргоншчыне. Тут адказ ва ўсіх адназначны – ранейшых выручак няма ўжо некалькі месяцаў.

– Так складвалася, што ў нашай будаўнічай краме зімой пакупнікоў заўсёды было менш. Такі «неўраджай» працягваўся да пачатку красавіка. А там пачынаўся будаўнічы сезон – і ў нас заўсёды былі добрыя выручкі, – кажа Ірына, гаспадыня адной з будаўнічых крам.

Сёлета, па словах прадпрымальнікаў, пачатку будаўнічага сезона яны не адчулі. Чакалі яго пасля зімы, а ён так і не прыйшоў.

– Канешне, мы яшчэ не на той мяжы, каб зачыняць крамы. Пакуль яшчэ хапае заплаціць за арэнду і падаткі. Але ж даходы значна меншыя.

Эксперт Алег Мазоль: будаўнічы бізнес у горадзе можа нават выйграць

Навуковы супрацоўнік цэнтра эканамічных даследаванняў Вeroc Алег Мазоль лічыць, што прадпрымальнікі, якія займаюцца будаўнічым бізнесам у вялікі гарадах, могуць выйграць у сітуацыі з пандэміяй.

– Некаторыя людзі на самаізаляцыі, у іх з’явіўся вольны час. А гэта значыць, што яны могуць рамантаваць сваё жытло, нешта будаваць. Да таго ж з надыходам пандэміі стала распаўсюджанай анлайн­дастаўка. На вёсцы ж з будаўніцтвам. Там будуюцца менш.

Увогуле ж, на думку Алега, па вясковым бізнесе пандэмія ўдарыць менш, чым па гарадскім, хаця б таму, што ў вёсках жыве менш людзей, а гэта значыць, менш кантактаў.

Эксперт Анастасія Лузгіна: Развіццё бізнесу залежыць ад кірунку дзейнасці

Эксперт цэнтра эканамічных даследаванняў Вeroc Анастасія Лузгіна лічыць, што на развіццё бізнесу ў сённяшніх умовах уплывае, перш за ўсё, не месца размяшчэння, а кірунак іх дзейнасці.

– Паслугі, якія патрабуюць фізічнага кантакту, сёння адчуваюць праблемы. Дастаўка і анлайн­сэрвіс у сённяшніх умовах выйграюць. Таму кавярні, піцэрыі, пякарні могуць перафарматаваць сваю дзейнасць, наладзіць дастаўку ці самавынас. Хай яны атрымаюць меншыя даходы, але працягнуць працаваць, – кажа Анастасія.

У той жа час, на думку эксперта, у вялікіх гарадах прадпрымальнікі маюць больш магчымасцяў для крэдытавання, чым іх вясковыя калегі. Гэта абумоўлена наяўнасцю банкаў у той ці іншай мясцовасці. Па меры росту анлайн­крэдытавання крэдыт можна будзе атрымаць аднолькава як у горадзе, так і ў сельскай мясцовасці.

• Текст доступен на языке: Русский