Фота Настассі УТКІНАЙ.

«Пачыналася ўсё з тэмпературы. Выклікалі хуткую, яны ўкалолі «трайчатку» і з’ехалі, — расказала «Нашай Ніве» Эдыта, дачка бізнесмена. — Тады бацька з мамай самі паехалі ў Мядзел на рэнтген. Першы раз усё было нармальна. Праз тыдзень паехалі зноў: і ў мамы дыягнаставалі бранхіт, а ў бацькі — пнеўманію».

Праз некалькі дзён пасля шпіталізацыі хворага перавялі «на кісларод», яшчэ праз пару дзён паклалі ў рэанімацыю. Там увялі ў стан штучнай комы і падключылі да апарата вентыляцыі лёгкіх. Пад ім ён праляжаў 13 дзён.

Сваякі кінулі заклік па медыя і сацсетках: шукалі донараў плазмы, якія ўжо перахварэлі «каронай». На той момант мужчына ўжо ляжаў на штучнай вентыляцыі лёгкіх.

Але выратаваць яго не ўдалося. 10 мая мужчына памёр у мядзельскай бальніцы.

Бізнесмен жыў у мястэчку Свір, што стаіць над аднайменным возерам. Меў тут сетку крамаў, якая гандлявала хатнімі таварамі. Яму было 53 гады.

«У рэанімацыі бацьку зрабілі тэст на каранавірус, ён быў адмоўны. Але ведаю, што прыязджалі прафесары з Мінска, казалі, што ў сімптомы «кароны», і лячылі яго таксама як ад «кароны», — кажа дачка. — Але ў бацькі пачалі адказваць ныркі, а пасля не вытрывала сэрца. Ён памёр 10 мая».

Пасля цела адвезлі ў Бараўляны, там будуць ускрываць і тады скажуць дакладна, ці быў каранавірус.

Дачка Аляксандра кажа, што ў яе ці яе мамы ніхто аналіз на каранавірус не браў.

«У нас у Свіры цяжкая сітуацыя ўвогуле. Тут столькі пнеўманій, а ў нас нават рэнтгена няма. Людзі ездзяць у Мядзел, там ім робяць здымак, ставяць пнеўманію і адпраўляюць лячыцца дадому. Тэстаў на каранавірус ніякіх не робяць», — кажа Эдыта.

• Текст доступен на языке: Русский