Фота MLYN.BY.

Учора, 10 мая, выданне МЛЫН.BY апублікавала матэрыял, у якім гутарыла з галоўным доктарам Мядзельскай ЦРБ Генадзем Русаком. «Рэгіянальная газета» прыводзіць урыўкі з матэрыяла МЛЫН.BY. Цалкам артыкул вы можаце прачытаць тут.

За 4 месяцы паступілі 129 чалавек з пнеўманіямі

Генадзь Русак падзяліўся, што за 4 месяцы 2020 года ў Мядзельскую ЦРБ паступілі 129 чалавек з пнеўманіямі. З іх 103 пацыентаў змясцілі ў стацыянар, яны ўжо ачунялі. Па словах галоўнага доктара колькасць тых, хто захварэў на пнеўманію ў гэтым годзе значна менш, чым за той жа перыяд 2019-га.

— Тады зарэгістравалі 252 выпадкі, 225 чалавек пралячылі ў стацыянары. Ніхто не адмаўляе, што ўсё роўна сітуацыя складаная, але не крытычная. У 2009 годзе, калі назіралася ўспышка свінога грыпу, было значна горш.

Галоўны доктар Мядзельскай ЦРБ Генадзь Русак. Фота MLYN.BY.

Паміраюць на Мядзельшчыне менш

Русак адзначыў, што смяротнасць насельніцтва Мядзельскага раёна ад 2015 па 2019 гг. істотна не змянілася. За гэты перыяд колькасць памерлых зменшылася з 511 чалавек у 2015 годзе да 497 чалавек у 2019-м.

Асноўныя прычыны: хваробы сістэмы кровазвароту, анкалогія. Затым ідуць знешнія прычыны. Чацвёртае, пятае месца займаюць хваробы нервовай сістэмы і органаў стрававання. На шостым месцы — старасць. Далей — хваробы органаў дыхання.

— Колькасць памерлых ад іх [хвароб органаў дыхання] прывяду падрабязна: у 2015 і 2016 гадах было зафіксавана па 10 выпадкаў, у 2017-м — 8, у два мінулыя гады — па 13, — падзяліўся Русак.

За 4 месяцы 2020 года памерлі 15 чалавекі. 109 з іх пакутавалі хваробамі сістэмы кровазвароту, у 13 былі наватворы. Ад хвароб органаў стрававання і знешніх прычын памерлі па 7 чалавек. Па адным — ад інфекцый і хвароб мочапалавой сістэмы. У 6 былі хваробы нервовай сістэмы, 4 памерлі па прычыне старасці, 6 — іншыя знешнія прычыны.

За красавік у Мядзельскай ЦРБ памерла 16 чалавек. Смяротнасці ад каранавіруснай інфекцыі не было.

— З пачатку года ад захворванняў органаў дыхання памёр адзін чалавек. 10 мая. У пацыента была пнеўманія. Звяртаю ўвагу, не каранавірусная інфекцыя, а пнеўманія. Ён знаходзіўся на штучнай вентыляцыі лёгкіх. На жаль, медыкам не ўдалося выратаваць яго жыццё. Прыношу свае спачуванні блізкім і сваякам, — сказаў Генадзь Русак.

Фота MLYN.BY.

Як Мядзельская ЦРБ рыхтавалася да пацыентаў з COVID-19

Мядзельская бальніца пачала рыхтавацца да пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй ад сакавіка. Аддзялення абсталявалі кіслародам, падрыхтавалі персанал, закупілі сродкі індывідуальнай абароны, размеркавалі абавязкі медыцынскага персанала.

— Калі з’явіліся першыя пацыенты — адпачывальнікі з санаторыяў, жыхары раёна, — іх транспартавалі ўстановы вобласці, якія перапрафілявалі пад пацыентаў з COVID-19. У іншыя раёны накіравалі 32 пацыента з пацверджаным дыягназам COVID-19, з іх 17 чалавек іншагародніх і 15 жыхароў раёна. Пацыенты паступалі ў Валожынскую, Мінскую раённую, Мар’інагорскую бальніцы, цэнтр «Загор’е».

Калі колькасць хворых пачала расці, прынялі рашэнне адкрыць у раёне інфекцыйны стацыянар. У Мядзельскай ЦРБ перапрафілявалі частку аддзяленняў, дадалі ложкі.

Ад 21 красавіка пачалі паступаць пацыенты з пнеўманіямі і пацверджанымі выпадкамі COVID-19 з іншых раёнаў.

За красавік у бальніцу паступіла 79 пацыентаў з пнеўманіямі, з іх 21 чалавек з іншых раёнаў і гарадоў: Магілёў, Баранавічы, Вілейка, Чэрвень, Жодзіна, Старыя Дарогі, Маладзечна і іншых. Штіпалізавалі пацыентаў з пацверджанымі выпадкамі COVID-19 без прыкмет пнеўманіі. За 8 дзён мая шпіталізавалі 24 пацыента. Выпісалі 26 чалавек, 4 перавялі па месцы жыхарства ў Вілейку, 4 — у «Загор’е».

Колькі цяпер чалавек знаходзіцца ў аддзяленнях?

Цяпер на выдзеленых койках у Мядзельскай ЦРБ лечыцца 106 пацыентаў. З іх 81 з пнеўманіямі. Гэта 64 жыхары раёна і 17 іншагародніх.

З гэтага ліку 4 чалавека ў аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі, 2 — на ШВЛ, пацверджаных COVID-19 — 6.

Значная частка пнеўманій не мае пацверджання каранавіруснай інфекцыі.

Па словах Генадзя Русака, аддзялення не перагружаны, ёсць у дастатковай колькасці сродкі індывідуальнай абароны, антысептыкі і дезсродкі.

З санаторыяў раёну прывозілі людзей з COVID-19

— Адразу паступалі да нас як мясцовыя жыхары, так і адпачывальнікі з санаторыяў МУС і нарачанскага берага. Гэта былі пацыенты, якія пражываюць у Баранавічах, Бабруйску, Мазыры, Брэсце, Гродна. Цяпер санаторый «Белая Русь», дзе ўсё пачыналася, сышоў на другі план. Адтуль паступіў 21 чалавек з пацверджаным COVID-19.

Як распавёў Генадзь Русак, на лячэнні былі дактары, медсёстры, кіроўцы, рабочыя, якія абслугоўваюць базы адпачынку. Людзі рознага ўзросту — ад 30 і старэй, але пажылых не было. Яны прайшлі лячэнне і даўно раз’ехаліся дадому. Засталіся некалькі супрацоўнікаў, якія сканчаюць лячэнне.

У раёне правялі паўтысячы тэстаў на каранавірус

Генадзь Русак расказаў, што ў Мядзельскай ЦРБ зрабілі больш за 500 тэстаў на каранавірус.

На 1 мая зарэгістравалі 132 станоўчых выпадкі. З іх 74 — мясцовыя жыхары, што складае 0,29% ад усяго насельніцтва.

— У значнай часткі інфекцыя працякае ў лёгкай форме, шпіталізацыя не трэба. З 74 жыхароў з пацверджаным COVID-19 шпіталізавалі 21 чалавек, астатнія знаходзяцца пад амбулаторным назіраннем. З медыцынскіх работнікаў у аднаго доктара агульнай практыкі участковай бальніцы знайшлі каранавірусную інфекцыю, якая працякала ў лёгкай форме, без шпіталізацыі.