Амаль ва ўсіх гарадах цяпер патрэбныя медыкі. Фота teris.com.

 Галоўная акушэрка маладзечанскай радзільні Ганна Дашкевіч распавяла карэспандэнту МЛЫН.ВY, як у радзільні пабудаваная праца з COVID-пацыентамі, а таксама пра тое, ці задаволеныя медыкі надбаўкамі за працу:

– Калектыў вельмі стараецца. Нясём вялікую адказнасць за жанчын. Важна таксама зберагчы і сябе, і сваю сям’ю. Супрацоўнікі радзільнага дома забяспечаныя сродкамі індывідуальнай абароны для выключэння прафесійнага заражэння. Выконваюць поўны комлекс прафілактычных мер, каб мінімізаваць рызыкі распаўсюджвання інфекцыі.

Калі інфармацыя пра вірус змяшалася з панікай, а вакол быў страх, я захаплялася вытрымкай свайго калектыву. Усе дакладна выконвалі сваю працу. Ніхто не дазволіў сабе здагадак. І гэта ў сітуацыі, калі дзеючая радзільня ператвараецца ў інфекцыйную бальніцу, дзе будуць лячыць акрамя акушэрскай паталогіі яшчэ і інфекцыі.

Калектыў рабіў сваю працу якасна, як заўсёды. Гэты спакой такі важны для нашых пацыентак.

Нават пры ідэальнай цяжарнасці складана прадказаць, як пройдуць роды — яны будуць натуральнымі або спатрэбіцца экстранае кесарава сячэнне, неабходна будзе дапамога рэаніматолагаў маме або неанатолагаў — нованароджанаму.

Мы займаемся няпростымі выпадкамі. Кожная з нашых пацыентак мае паталогію. А калі ўлічыць ўскладненні вірусамі, верагодныя або пацверджаныя выпадкі COVID-19 — працуем вышэй за свае магчымасці. Нам важна забяспечыць камфорт пацыенткам.

Многія жанчыны прыехалі здалёк — з Нясвіжа, Салігорска, Барысава. Кожная з іх хвалюецца і за сваю цяжарнасць, і за сваякоў. Мы разумеем, як складана цяжарным: наведванні пад забаронай. Ды і сваякам дабрацца з іншага горада, каб перадаць рэчы і гасцінцы, складана.

Мы пабудавалі сваю працу так, каб не было ніякіх затрымак. Паклапаціліся, каб харчаванне цяжарных было рацыянальнае і збалансаванае. На днях, падчас абыходу, паразмаўляла з кожнай з пацыентак. Яны ўдзячныя за аказаную ім дапамогу. Кожная з будучых мам разумее, як складана працаваць у цяперашняй сітуацыі, і цэніць клопат і ўвагу нашага калектыву. Не ўяўляеце, як мне было прыемна чуць гэтыя словы падзякі.

Фота аўтара.

Думаю, тыя надбаўкі, што мы атрымалі, заслужаны намі спаўна. Усё па-сумленнаму. Засталіся задаволеныя. Наш персанал сапраўды заслужыў заахвочванне.

За час гэтай сітуацыі ў нас нарадзілася восем дзяцей. Першай была дзяўчынка з сімвалічным імем Ева. Дваіх нованароджаных ўжо выпісалі.

 

• Текст доступен на языке: Русский