У артыкуле пойдзе гаворка пра лёс ураджэнца Вілейшчыны Антона Мамая, які падчас Другой сусветнай загінуў у засценках гестапа.

Я вырашыў сабраць усе магчымыя звесткі пра гэтага чалавека і распавесці пра яго лёс, а таксама пра лёс і душэўны боль яго родных. Пра несправядлівае стаўленне да іх заслуг перад Радзімай. Пра ўсю праўду мінулага, хоць яна часам будзе і горкай. Галоўная мэта – вярнуць з забыцця імёны забытых герояў мінулай вайны і ўшанаваць іх памяць.

З чаго ўсё пачыналася

«Я не ведала свайго бацькі Антона Рыгоравіча Мамая. Ніколі яго не бачыла, ніколі не вымавіла слова «тата», таму што нарадзілася праз тры месяцы пасля яго гібелі ў засценках гестапа ў далёкім 1944 годзе. Але я вырасла ў любові, клопаце, ласцы і ва ўвазе самых мне родных і блізкіх людзей. Яны прыкладалі намаганні, каб я не адчувала сябе абдзеленай увагай бацькі, яго мне замяніў мой дзядуля Пётр. І былі яшчэ мама Валя і бабуля Марыя.

Я ўсё сваё жыццё працавала настаўніцай у школе. 42 гады педстажу. Пра гэта не шкадую і гэтым ганаруся. Нават у снах бачу толькі школу і сваіх любімых і дарагіх вучняў. Люблю да гэтага часу і дзяцей, і школу. Памяняла б у жыцці многае, але працу – ніколі.

Пасля смерці дзядулі ўсім стала вельмі дрэнна і цяжка. Бедная мама, Валянціна Пятроўна, засталася без жылля, бабуля Марыя цяжка хварэла, я вучылася ў Мінскім педагагічным інстытуце.

Жыллё ад чыгункі маме далі пасля трыццаці гадоў блуканняў па кватэрах, калі ёй ужо споўнілася 50 гадоў.

У старым доме – адзін пакой без выгод, печка, вада ў калонцы, санвузел на вуліцы, агульны для ўсіх. Але яна была рада і гэтаму. Цешылася, абжывалася сяк-так.

І толькі праз 13 гадоў пасля Другой сусветнай вайны наша сям’я атрымала статус сям’і загінулых. Тады нас сталі віншаваць са святам Перамогі, наведвалі маму, калі хварэла.

За гэта хочацца выказаць асаблівую падзяку чыгуначнай станцыі Маладзечна і ўсяму калектыву за клопат і ўвагу да нашай сямі. А таксама за аказаную дапамогу ў пахаванні мамы і провадах яе ў апошні шлях. Мой баць­­ка загінуў у барацьбе з фашыстамі. І я больш чым упэўненая, што не адна – забытае дзіця вайны сярод тысяч іншых дзяцей, бацькі якіх загінулі на вайне».

Гэта вытрымка з ліста Галіны Антонаўны Мамай з Маладзечна. Яна мне яго даслала год таму, пасля таго як выпадкова ў фэйсбуку на маёй старонцы прачытала публікацыю з успамінамі майго сябра і аднадумца краязнаўца з Краснага Аляксандра Харытона.

Як артыкул краязнаўцы з Краснага стаў лёсавызначальным для сям’і

Галіну Антонаўну вельмі зацікавіў адзін эпізод у артыкуле. Той, у якім гаворыцца пра выпадак у Красным напрыканцы мая 1944 года. Вось вытрымка з артыкула, якая так усхвалявала Галіну Антонаўну і яе родных.

«Неяк у апошнія дні мая 1944 года надвячоркам, я не памятаю ўжо чаго, спусціўся ў канец свайго падворка да Ушы, – успамінае спадар Аляксандр. – Магчыма, па ваду для ежы, бо ў той час вада ў рэчцы была чыстая, вадзіліся ракі і нават стронга. І тут раптам бачу прама па рэчышчы ідзе знямоглы чалавек. Левая рука, перавязаная вышэй за локаць, абвісала, як вяроўка. Хоць і быў невялікі, але не спужаўся. Па-першае, паранены чалавек быў без зброі, а па-другое, за тры гады вайны ўсяго прыйшлося пабачыць, дый самому смерць не раз у твар дыхала. Падышоўшы бліжэй, чалавек папрасіў дапамогі. Прыйшла маці і яшчэ хтосьці з суседзяў, каб дапамагчы параненаму чалавеку выбрацца на бераг. Пад свой страх і рызыку схавалі яго ў хлеўчыку. Перавязалі, пакармілі і распыталі, хто ён і адкуль тут узяўся ў самым цэнтры нямецкага гарнізона?

Паранены, назваўшыся Аляксандрам, распавёў наступнае. Яго і яшчэ 15 зняволеных немцы на машыне везлі быццам бы ў маладзечанскі канцлагер. Але здарылася так, што машына, якая везла палонных, перад Красным чагосьці прыпынілася. Палонныя, як па камандзе, у адно імгненне пазбавіліся ад двух нямецкіх канваіраў і ўсе гуртам кінуліся наўцёкі.

Матацыклетная ахова адкрыла па ўцекачам неверагодна моцны кулямётны агонь, які не пакідаў нікому шанцаў на паратунак. Аднак Аляксандру пашчасціла выратавацца. Ён здолеў дабегчы да рэчкі.

Антон Мамай. Фота забяспечанае аўтарам.

Высокія і абрывістыя берагі маленькай Ушы і выратавалі жыццё нашаму герою. Забіўшыся пад падмыты яе бераг, Аляксандр перасе­дзеў аблаву. Як усё супакоілася, пачаў паціхеньку прабірацца па рэчышчы да мястэчка ў спадзяванні на паратунак. А як яму ўдалося дзве вярсты па рэчцы, ды яшчэ з перашкодамі, дабірацца да падворка Харытонаў, ніхто не пытаўся.

Пра сябе ён распавёў тое, што пад Смаленскам патрапіў у палон, паўгода прабыў у Мінскім лагеры, з якога яго і іншых палонных і перавозілі ў Маладзечна. Сярод тых 15 зняволеных мала хто быў яму знаёмы. Пазнаёміцца паспеў толькі з адным чалавекам, якога напярэдадні адпраўкі прывезлі ў лагер моцна закатаванага, як ён казаў, з Мінскага гестапа. Чалавек быў высокі, моцны, у форме, падобнай да чыгуначнай. Ён назваўся Антонам Мамаём з лесу».

У гэтым урыўку з артыкула Галіна Антонаўна заўважыла шмат падабенства таго Антона Мамая да яе таты. І з гэтым меркаваннем складана не пагадзіцца. Магчыма, палонны Аляксандр не зусім дакладна зразумеў свайго сябра, які, хутчэй за ўсё, прадставіўся, што ён з Залесся, а не з лесу. Бо падабенства вельмі блізкае таго Мамая да нашага, кажа Галіна Антонаўна. І час гібелі таксама супадае – 29 мая 1944 года. Хутчэй за ўсё, яно так і застанецца як ёсць, бо ўдакладніць і даведацца больш падрабязна ўжо няма ў каго. Пасля цяжкай хваробы, тры гады таму, мой сябра Аляксандр Харытон сышоў у іншы свет.

Расповеды родных Антона Мамая – дачкі Галіна Антонаўны і ўнучкі Наталлі Францішкаўны – кранулі мяне. Трагічны лёс іх продкаў і знаёмых заслугоўваюць увагі. Пакінуць усё ў забыцці мне не дазваляе сумленне.

Пра малую радзіму і карані Антона Мамая

Вёска Красніца, што на Вілейшчыне, – малая радзіма Антона. Калісьці яна ўваходзіла ў склад маёнтка Ганута. Гэтым маёнткам у свой час валодаў кампазітар і грамадскі дзеяч Міхал Клеафас Агінскі. У канцы 19 стагоддзя маёнтак перайшоў ад Івана Ржэвуцкага да апошніх яго ўладальнікаў: спачатку да Тадэвуша Валовіча, а пасля па спадчыне – да яго сына Ежы. Пры іх у 1891 годзе ў Гануце адчынілі жаночую школу пры царкве для 70 дзяўчынак. Тут дзейнічала таксама школа пісьменнасці і мясцовае двухкласнае народнае вучылішча.

Маёнтак захаваўся толькі на здымках і на акварэлі 1877 года мастака Напалеона Орды. Не захаваўся і сам тапонім Ганута.

Сёння паселішча называецца Ручыца, па назве суседняй вёскі, а цяпер спалучанай з тэрыторыяй былога маёнтка.

У гэтых мясцінах, у вёсцы Красніца (у народзе Баярскай) і нарадзіўся ў 1913 годзе Антон Рыгоравіч Мамай. Але вернемся да 19 стагоддзя. У 1881 годзе ў сям’і селяніна і рачнога сплаўшчыка лесу Андрэя Мамая нарадзіўся сын Рыгор, будучы тата Антона. Сялянская сям’я Андрэя мела свой зямельны надзел. Але ў гэтым гаспадаркай галоўным чынам займаліся жанчыны і дзеці па меры свайго ўзросту. Дарослыя мужчыны сплаўлялі лес па Вяллі ў Прыбалтыку. Заробленыя на сплаве грошы былі асноўным складнікам сямейнага бюджэту.

Зімой сем’і збіраліся ўжо ў поўным складзе. Жанчыны займаліся ткацтвам і даглядалі свойскую жывёлу, а мужчыны нарыхтоўвалі дровы і рамантавалі на вясну сялянскія гаспадарчыя прылады.

Рыгор Мамай адвучыўся ў гануцкай школе. Стаўшы юнаком, перахапіў дынастыю бацькі. Шмат працаваў, марыў зарабіць больш грошай для стварэння ўласнай вялікай сям’і, бо любіў дзяцей. У 1906 годзе Рыгор сустрэў і прывёў у бацькоўскую хату сваю каханую Алесю (Аляксандру Міхайлаўну). Яе працавітасць і руплівасць спадабаліся свекрыві і свёкру.

Перажылі сем уладаў

Але не так гладка, як марылася, працякала сямейнае жыццё Рыгора і Алесі. І калі зазірнуць наперад, то падчас іх сумеснага жыцця ў Красніцы сем разоў мянялася ўлада. Жаніліся пры Расійскай імперыі, перажылі акупацыю кайзераўскай Германіі, кароткачасовы першы прыход бальшавікоў. Потым уладу панскай Польшчы, праз пакаленне – другі бальшавіцкі прыход, праз два гады – акупацыю фашысцкай Германіяй. А ў 1944-м заступіла савецкая ўлада, і ўжо надоўга, да канца іхніх дзён.

Польскі прыгнёт, бальшавіцкая калектывізацыя і рэпрэсіі жыцця не давалі.

А фашысцкая акупацыя забрала шмат жыццяў родных і ўсё, што было нажытае, абрабавала ды зруйнавала. Жылі Мамаі ўвесь гэты перыяд больш у горы, чым у радасці. Нарадзілі 12 дзяцей, але выгадаваць усіх і зберагчы не атрымалася.

Цяжкая сялянская праца забірала шмат часу. Дзеці, як у шматлікіх сялянскіх сем’ях таго часу, часцей раслі самапасам. З ранняга дзяцінства яны набывалі самастойнасць. Але гэта часта прыво­дзіла да захворванняў са смяротным зыходам. А лячэнне сяляне не маглі сабе дазволіць. Дзіцячая смяротнасць насіла катастрафічны характар. У сям’і Рыгора і Алесі пяцёра дзяцей – Вікенці, Пётра, Аляксей, Надзя, Юля – памерлі ў раннім дзяцінстве ад розных хвароб. Выжылі Міхась (1909 года нараджэння), Марыя (1910), Васіль (1911), Антон (1913), Вера (1920), Юльян (1923) і Ганна (1925 года нараджэння).

Як Першая сусветная прайшлася па лёсе Рыгора

У 1914 годзе пачалася вайна паміж царскай Расіяй і кайзераўскай Германіяй. У канцы жніўня 1915 года, калі немцы стаялі ўжо каля самай Вільні, на Вілейшчыне пачалі мабілізаваць сялян у царскае войска. Забіралі ўсіх ваеннаабавязаных мужчын, не звяртаючы ўвагі на іх сем’і. Мабілізавалі і Рыгора Мамая. Ён патрапіў у новасфарміраваную другую рускую армію. Падраздзяленні гэтай арміі амаль без падрыхтоўкі накіравалі на фронт пад Свянцяны, дзе ішлі кровапралітныя баі. Калі прыбылі на перадавую, баі прыціхлі. Нямецкія акопы былі метраў за 150, таму салдат разгле­дзець было не складана. Зацішша іншы раз разрывалі кароткачасовыя перастрэл­­кі.

Пасля двухдзённага зацішша немцы пайшлі ў наступленне, ужыўшы конніцу. Прарваўшы фронт каля Свянцянаў, немцы прымусілі рускую армію пакінуць Вільню і адступіць пад Маладзечна. Пасля былі контрудары, якія адкінулі нямецкія сілы да возера Нарач. Фронт стабілізаваўся. Але самыя цяжкасці былі яшчэ наперадзе. Рыгор за тры гады труціўся нямецкім газам, бараніўся ад акопных вошай, змагаўся за жыццё ў маразы. Яму пашчасціла выжыць і ў 1918 годзе вярнуцца на акупаваную Вілейшчыну да сям’і. Ён нават не быў паранены. Дома ўзяўся адраджаць сваю гаспадарку. А праз год немцаў замянілі палякі

Як склаўся лёс дзяцей Рыгора

Рыгор гаспадарыў на сваёй зямлі, у сезон сплаўляў лес па Віліі, каб зарабіць грошы. Дзеці гадаваліся, працавалі разам з дарослымі і вучыліся ў школе. У 1930 годзе на тэрміновую службу ў Войска Польскае прызвалі сына Міхася. Адслужыўшы патрэбны тэрмін дзесьці пад Вільняй, хлопец вярнуўся ў Красніцу, і не адзін.

Прывёз з сабой дзяўчыну, з якой пазнаёміўся падчас службы ў войску. У смаргонскім касцёле пара пабралася шлюбам, у Красніцы адгулялі вяселле. Міхась атрымаў сем гектараў зямлі па прэферэнцыях як жаўнер Войска Польскага. З маладой жонкай Броняй пачаў будаваць хутар, завёў гаспадарку. Як усе Мамаі, быў сплаўшчыкам лесу.

Вяселле Міхася Мамая. Фота забяспечанае аўтарам.

У 1939 годзе ўжо адчувалася непазбежнасць вайны Савецкага Саюза з Польшчай. Польскія асаднікі пачалі з’язджаць з Вілейшчыны ўглыб Польшчы. Пакінуўшы хутар сваім бацькам, Міхась паехаў спачатку ў Літву, а пасля – у Польшчу. Там перажыў Другую сусветную, дажыў да старасці, так і не наведаўшы сваіх родных у СССР.

Дачка Рыгора і Алесі, Марыя, яшчэ за польскім часам выйшла замуж у Вілейку. Тут і пражыла ўсё жыццё. Сустрэла вайну, перамогу, выхавала дачку Веру і сына Васіля.

Сыны Рыгора, Васіль і Антон, адслужылі тэрміновую службу жаўнерамі ў Войску Польскім. Пасля службы яны, як і Міхась, па прэферэнцыі атрымалі па сем гектараў зямлі, на якіх паставілі хутары. Сыны наўмысна не аб’ядноўвалі свае землі з бацькоўскай. Гэта дазваляла плаціць менш падаткаў. Ды і пасля прыходу ў 1939 годзе бальшавіцкай улады, такая аднаўсобіца шмат каго выратавала ад кляйма кулака.

Васіль у 1940 годзе ажаніўся і перасяліўся ў Вілейку. Выхаваў трох дачок – Алу, Марыю і Надзю – і аднаго сына. З Васілём маці, Алеся, пражыла да старасці.

Дачка Мамаёў Вера, як і сястра, выйшла замуж у Вілейку. Выхавала дачку Таню. Малодшага сына Рыгора, Юлюся, у 1941 годзе прымусова вывезлі ў Германію. Усю вайну ён адпрацаваў у фермера. Там пазнаёміўся са зняволенай аўстрыйкай Гільдай. У маі 1945 года іх вызвалілі амерыканскія вайскоўцы. Па прапанове амерыканскага боку разам з каханай Гільдай спачатку з’ехаў у Амерыку, а пасля ў аўстралійскі горад Гельмонт, дзе і ажаніліся. Усё сваё жыццё адпрацаваў на чыгунцы. Юлюсь разам з Гільдай выхавалі двух сыноў, Франка і Тоні, мелі ўнукаў. У 1970-х гадах мінулага стагоддзя Юлюсь меў намер разам з братам Міхасём наведаць радзіму, але СССР не дазволіў ім уезд на савецкую тэрыторыю. Стасункі з роднымі былі толькі праз пісьмы.

Міхась Мамай. Фота забяспечанае аўтарам.

Самая малодшая Рыгорава дачка, Ганна, любімая сястра Антона, выйшла замуж у Роцькавічы, што на Вілейшчыне. Выхавала сына Канстанціна і дачку Марыю. Сёння сын жыве ў Гродне, а дачка – у Маладзечне. 11 верасня 2010 года трагічна абарвалася жыццё Ганны. Яна ў свае 85 год пайшла ў грыбы і знікла.

Пры жыцці яе часта наведвала дачка брата Антона, Галіна. Аднойчы Ганна Рыгораўна адчыніла шафу і дастала адтуль хустку. Разгарнуўшы, накінула яе на плечы любімай пляменніцы Галіне.

– Гэта табе, – сказала яна. – Мне гэту хустку падчас вайны падарыў брат Антон, твой тата.

– З таго часу, – кажа Галіна Антонаўна, – у мяне ёсць хоць адзін напамін пра майго тату.

Паверыў абяцанкам савецкіх агітатараў

Вернемся ў даваенны час, у юнацкія гады Антона Мамая. Нагадаю, што ён выйшаў са шматдзетнай сям’і, з роду сялян-лесасплаўшчыкаў. Скончыў чатыры класы польскай школы.

У 1936 годзе Антона прызвалі стралком у 21 пяхотны полк Войска Польскага. У 1937-м майго героя звольнілі ў запас. Антон набыў зямлю па прэферэнцыях. Да радавых надзелаў у Красніцы дадалося сем гектараў зямлі. Хоць палеткі і былі паасобку, працавалі Мамаі агулам. Агульныя былі коні, жняярка, малатарня, касілка, арфа для сартавання збожжа і іншая тэхніка. Антон шмат часу ўдзяляў сплаву лесу па Віліі ў Прыбалтыку – у Вільню, на кардонную фабрыку «Грэгарава» («Гжэгажэва»), цяпер «Грыгішкес».

Вілейскі павет быў памежным, таму сюды наведваліся савецкія дыверсанты і агітавалі за савецкую ўладу. У іх абяцанкі паверыў і Антон. Ён уліўся ў падпольную арганізацыю КПЗБ.

Сплаўляючы лес у Вільню, Антон паведамляў у цэнтр падполля розныя звесткі. А на зваротным шляху дастаўляў на Вілейшчыну палітычную літаратуру і агітацыйныя ўлёткі.

Вясной 1939 года яго прынялі кандыдатам у партыю. А ў верасні, калі на Вілейшчыну прыйшла савецкая ўлада, атрымаў партбілет. У снежні гэтага ж года партыя накіравала Антона ў Маскву на вучобу кіруючых кадраў на чыгунцы. Вясной 1940 года ён з дыпломам вярнуўся на Вілейшчыну і адразу быў накіраваны дзяжурным на чыгуначную станцыю Залессе.

Чаму на Мамаях не паставілі кляймо кулакоў

Антон мусіў кінуць занятак сплаўшчыка лесу і працу на зямлі. Ды і зямлі амаль не засталося. Яе разам з коньмі і гаспадарчым інвентаром савецкая ўлада забрала на стварэнне будучага калгаса. Час ішоў, а калгас не стваралі. Адабраная ў сялян зямля зарастала пустазеллем, інвентар і коні нібы часова перадалі ў створаныя калгасы. Сяляне назіралі, як гінуць іх дагледжаныя палеткі. Але маўчалі, бо рады былі таму, што не патрапілі пад кулацкае кляймо.

Хаця агулам зямлі ў Мамаёў было каля 30 гектараў, выратавала іх ад дэпартацыі тое, што зямля па паперах належала не аднаму уладальніку, галаве гаспадаркі Рыгору Мамаю.

Саўладальнікамі былі яго дарослыя сыны – Міхась, што ўжо з’ехаў у Польшчу, Васіль і Антон. Яшчэ савецкая ўлада ўлічыла Антонаву падпольную дзейнасць супраць Польшчы.

Тое, што Антон у 1939 годзе атрымаў партбілет, было вядома толькі блізкім. Пасля прызначэння дзяжурным на чыгуначнай станцыі ў Залессі, Антон таксама пра гэта не расказваў, каб не згубіць давер мясцовага насельніцтва. Заходнікі з недаверам ставіліся да савецкай улады.

Як пачыналася вайна ў Красніцы

Калі 22 чэрвеня 1941 года Гітлер напаў на СССР, у першы дзень гукі вайны данесліся і да Красніцы. Як пасля стала вядома, гэта немцы бамбілі Ліду. Над Красніцай праляталі самалёты з крыжамі. Калі з’явіліся самалёты з зоркамі, паміж імі і крыжаносцамі завязалася паветраная перастрэлка. Фашысты збілі савецкія самалёты. Як распавядаюць старажылы, адзін лётчык выжыў. Яго выратавалі мясцовыя жыхары, якіх ён штогод пасля вайны наведваў як родных.

На другі дзень вайны пачалася мабілізацыя. Антона сярод мабілізаваных не было. Існуюць меркаванні, што адданага камуніста пакінулі для барацьбы з ворагам у Красніцы.

На трэці дзень вайны немцы былі ўжо пад Смаргонню. А на наступны – хадзілі па навакольных вёсках, шукалі і забівалі старшыняў і сакратароў сельсаветаў ды камуністаў. Антон не выключаў, што і яго напаткае такі лёс. Таму сядзеў у схованцы больш за тыдзень. Але іх падворак немцы абмінулі, і Антон пачаў выходзіць на вуліцу.

Вельмі хацелася нашкодзіць ворагам

Праз месяц нямецкае камандаванне прапанавала моладзі паехаць добраахвотна працаваць у Германію. На заклік паддаліся лічаныя маладзёны. Пасля пачаўся прымусовы вываз. У спіс патрапілі Антон з братам Юлісем, бо былі нежанатыя.

Перад адпраўкай цягніка, нямецкі камендант праз перакладчыка Міхаіла Страшынскага з Сукнавічаў прапанваў Антону як былому чыгуначніку працаваць на месцы. Той пагадзіўся. Спрабаваў выцягнуць і Юліся, але камендант і слухаць не захацеў. Больш брата Антон не ўбачыў.

Пачаў працаваць змаз­­­­чыкам вагонных колаў на станцыі Залессе. Хацелася неяк нашко­дзіць фрыцам. Але, маючы досвед падпольнай барацьбы, стараўся не высоўвацца лішні раз. Хіба наўмысна недакручваў змазачныя пробкі вагонных колаў. Адпрацаваўшы змену, ішоў за сем вёрст у Красніцу.

А ў сярэдзіне 1942 года на Вілейшчыне пачалі стварацца партызанскія групы і атрады. Антон наладзіў сувязь з атрадам імя Суворава, які дзейнічаў каля Залесся. Атрад падтрымліваў сувязь з дыверсійным спец­атрадам «Дзядзі Дзімы» Давіда Кеймаха, які прыслалі з Масквы. Галоўная іх база месцілася ля вёскі Бабры на Лагой­шчыне. Але было шмат запасных. Адна з іх – у Трылесені, ля Залесся.

Атрад збіраў дадзеныя на чыгунцы і здзяй­сняў дыверсіі. Сярод аперацый на іх ліку – знішчэнне гаўляйтара Кубэ. Гэты атрад забяспечваўся зброяй непасрэдна з Масквы. Нямала нямецкіх эшалонаў пусціў у Залессі пад адхон Антон Мамай. На той час ён меў мянушку Антон Вялікі. Фашысты шукалі партызан-дыверсантаў у раёнах крушэння цягнікоў, але безвынікова. Немцы не падазравалі, што гэтыя дыверсіі маглі рыхтавацца на саміх станцыях.

Падпольна-дыверсійны атрад Сарокіна

Восеньскім вечарам 1942 года да Мамаёў завітаў незнаёмы. Ён назваў сябе як член мінскага падпольнага парткамітэта Васіль Кузьміч Сарокін. Для большага даверу выклаў усю паднаготную Антона. Сарокін паведаміў, што мінскаму падпольнаму парткамітэту добра вядомая дзейнасць Антона і што ён залічаны ў склад пятай групы падпольна-дыверсійнага атрада Сарокіна. Антону загадалі рыхтавацца да пасады дзяжурнага па станцыі. Праз некалькі дзён так і сталася.

Цяпер Антон павінны быў збіраць інфармацыю пра чыгуначныя перавозкі. Усё, што ўдавалася сабраць, Антон перадаваў маці. 60-гадовая Алеся дастаўляла дадзеныя ў суседнюю вёску Трапалава. Тут жылі далёкія сваякі – Іван Мамай з жонкай Зосяй і дзвюма дочкамі. Прынесеныя Алесяй дадзеныя Іван адносіў у лес сувязному. Але немцы зноў пачалі адпраўку моладзі ў Германію. Над нежанатым Антонам навісла пагроза быць вывезеным. Трэба было жаніцца.

Антонава вяселле

У Антона была на прыкмеце дзяўчына з Сукнавічаў. Але яе баць­­кі Пётр і Марыя Страшынскія ад Антона адхрышчваліся, бо быў старэйшы за іх адзі­ную 17-гадовую дачку Валянціну. Тая са сваёй цёткай Лізай з Сукнавічаў у Залессе прыносілі прадаваць на кірмаш вязаныя вырабы. Пасля гандлю наведвалі сваіх родных, Мацулевічаў – сям’ю начальніка станцыі. Там Антон і ўбачыў Валянціну.

Валянціна Мамай. Фота забяспечанае аўтарам.

Адпраўка ў Германію пагражала не толькі яму, але і дзяўчыне. Пасля угавораў яе бацькі пагадзіліся на вяселле. Прыпісаўшы дзяўчыне год, маладыя павянчаліся ў Смаргонскай царкве. Пасля вяселля засяліліся ў службовую кватэру пры чыгуначнай станцыі. Гэта быў пакойчык на першым паверсе шматкватэрнай двухпавярхоўкі, у якім жылі і Мацулевічы.

Праз нейкі час пры дапамозе Мацулевіча маладыя пераехалі ў большую кватэру у аднапавярховым доме. Гэтыя дамы захаваліся да нашых дзён. Маладыя завялі курэй ды парсюка. Антон дзяжурыў на станцыі і выконваў загады падполля. А Валянціна вяла гаспадарку і вязала шкарпэткі ды рукавіцы для партызан. Па сабраныя Антонам звесткі і Валіны шкарпэткі з рукавіцамі прыходзіла з Красніцы маці Антона.

Дыверсійны атрад Сарокіна, у склад якога ўваходзіў Антон, забяспечваў інфармацыяй шматлікія партызанскія злучэнні. Вясной 1944 Антонава маці не змагла хадзіць у Залессе. Да­дзеныя пачала насіць Валянціна.

У 1944-м гэта справа стала рызыкоўнай. Праверкі былі на кожным кроку. Валянціну ратавала веданне польскай і нямецкай моў. А калі ў маі пачалася фашысцкая блакада на партызан, выйсці з Залесся было немагчыма. Карнікі і іх прыслужнікі кантралявалі ўсе дарогі. Вышуквалі падпольшчыкаў і партызанскіх сувязных.

Як арыштавалі Антона

У маі 1944 года фашысты западозрылі Антона і ўстанавілі за ім пераслед. Магчыма, па даносе. А ў гэты час у Сукнавічах фашысты сагналі на выган усіх жыхароў вёскі. Пад пагрозай расстрэлу дапытваліся, дзе партызаны і хто з імі звязаны.

Пра партызан і сувязных Страшынскіх ведала шмат жыхароў, ды ўсе маўчалі і чакалі смерці. Але да немцаў звярнуўся іх перакладчык, жыхар Сукнавічаў, аднакласнік Антонавай жонкі, Валянціны, Міхаіл Страшынскі. Ён добра валодаў нямецкай мовай і патлумачыў, што вяскоўцы без затрымкі выплачваюць падаткі нямецкай уладзе.

Фашысты перамовіліся і загадалі ўсім жыхарам разысціся па сваіх хатах і не выхо­дзіць. Але як немцы з’ехалі, жыхары Сукнавічаў і прылеглых хутароў пакінулі хаты і сышлі ад небяспекі. А перакладчык Міхаіл кінуўся на хутар Страшынскіх і з парога выкрыкнуў:

– Дзядзька Пеця, Антона немцы арыштавалі! Ляціце ратаваць Валянціну!

Пятро запрог каня і паімчаў у Залессе. Валянціна, убачыўшы на парозе бацьку, нічога не магла зразумець. Пятро прамовіў толькі «ўцякаем». Дабраўшыся на хутар і крыху супакоіўшыся, ён распавёў дачцэ, што яе муж арыштаваны.

Валянціна зайшлася ад плачу. Яна не верыла ў тое, што не ўбачыць мужа, а іх будучае дзіця не адчуе бацькавай любові і ўвагі. Жыла на­дзеяй, але цуд не адбыўся ні праз месяц, калі прыйшло вызваленне, ні праз тры, калі ў жніўні нара­дзілася іх Галінка.

Але вернемся ў канец мая. Страшынскія вырашылі не сыхо­дзіць з хутара. Дый ісці не было куды. Паўсюль ішла блакада. Пятро падрыхтаваў для Валянціны схованку на гарышчы.

Крыху з жыцця сям’і Страшынскіх

Пацягнуліся дні ў чаканні вызвалення. У гэты час Пятро згадваў мінулае жыццё. Успаміналася, як у 1915 годзе быў мабілізаваны ў царскае войска і кінуты на германскі фронт. І як праз год, паранены ў руку, вярнуўся ў свае Сукнавічы, якія ўжо былі пад кайзераўцамі. А ў 1921 годзе палякі прызвалі служыць жаўнерам. За гэта Пятро атрымаў прэферэнцыю на сямігектарны зямельны на­дзел за Сукнавічамі. Там пабудаваўся і прывёў у хату гаспадыню, Марыю з Капланоў. У 1925 годзе нарадзілася іх дачка Валянціна.

Пятро працаваў на сваёй зямлі, марыў даць дачцэ вышэйшую адукацыю. Вясной 1939 года Валянціна і яе аднакласнік Міхаіл Страшынскі атрымалі накіраванне на вучобу ў Вільню. Але іх мары не здзейсніліся з-за вайны.

Пасля вызвалення

4 ліпеня 1944 года прагналі фашыстаў са­­­ Смаргоншчыны. І адразу Пятро з Валянцінай падаліся ў Залессе з надзеяй. А раптам там чакае Антон? Але ў кватэры нікога не сустрэлі. Рэчы былі параскіданыя па пакоі, падлога засыпаная пер’ем ад падушак, зрашэчаных ку­лямі. З патаемнага месца ўзялі дакументы Антона.

Суседзі распавялі, што каб у той дзень Пятро затрымаўся на хвілін 15, то Валянціну забралі б немцы. Пасля яе ўцёкаў яны акружылі прывакзальныя пабудовы і жылыя дамы. Павыганяўшы жыхароў на вуліцу пад аховай, дапытваліся, дзе па­дзелася жонка дзяжурнага па станцыі? Але ўсё дарэмна. Ад суседзяў стала вядома, што Антона і двух яго сяброў з Алянца выдаў мясцовы паліцай. Падзякаваўшы суседзям, Страшынскія падаліся ў Сукнавічы.

Фота забяспечанае аўтарам.

Валянціна ўсё чакала, што яе Антон вернецца. Але іх дачка Галінка ўжо пайшла ў школу, а муж не вяртаўся. Жыла і працавала дзеля дачкі. Жыццё было не з лёгкіх. Хоць і быў свой конь, але апрацаваць сем гектараў ужо не хапала сіл.

Штодня Валянціна ездзіла ў Маладзечна на працу. Спачатку трэба было ад Сукнавічаў больш як дзве вярсты ісці пешшу да чыгункі, а пасля на цягніку дабірацца да Маладзечна. Працавала ў жаночай брыгадзе па рамонце і будоўлі чыгуначных пуцей. Тэхнікі не было, толькі лом, абцугі-захопы ды кірка з рыдлёўкай. Жанчынам даводзілася цягаць і шпа­­лы, і стальныя рэйкі. Так жаночыя рукі адбудоўвалі чыгунку.

Пасля дабіралася да хутара. Дапамагала баць­кам, якія глядзелі ўнучку, працавалі на гаспадарцы і ў калгасе.

Усё шукала Антона

Валянціна шукала хоць нейкія звесткі пра Антона. Як быў арыштаваны? Калі загінуў і дзе пахаваны? Пошукі пачалі даваць вынік толькі ў 1960-х, пасля таго, як Валянціна Пятроўна з распіскамі ад былых партызан звярнулася да Героя Савецкага Саюза былога камандзіра брыгады «За Савецкую Беларусь» Андрэя Валынца. І яму давялося патраціць шмат часу і намаганняў у прызнанні Антона Мамая сувязным партызанскай брыгады. Пасля прызналі сувязной і маці Антона.

А пра падпольную дзейнасць Валянціны не знайшлося афіцыйных пацвярджэнняў. Але яна радавалася за мужа. Прызнанне Антона сувязным не давала сям’і вялікіх выгод, але добрае імя вярнулі.

Пакінула прозвішча бацькі, каб захаваць памяць

Тым часам Галіна скончыла ў Залессі базавую школу са спецыяльнасцю трактарыста. У 1957 годзе памёр яе дзядуля Пётр. Бачачы, як маці і бабулі цяжка спраўляцца, далей ву­чыцца адмовілася. Пайшла працаваць трактарысткай у калгас, пе­­­­рай­­­менаваны з імя Молатава ў «Светлы шлях».

Два гады працавала на маленькім трактары ХТЗ ДТ-20. Але мама і бабуля пераканалі вучыцца далей.

Атрымаўшы ў Смаргоні сярэдняю адукацыю, Галіна хацела ісці ў сельгасінстытут, але памяняла яго на педагагічны. Студэнткай у 1965 годзе выйшла замуж за Францішка Страшынскага з Сукнавічаў. На прозвішча па мужу не перайшла, каб не страціць адзіную памяць пра бацьку.

А Валянціна Пят­роўна так і працавала на чыгунцы. Толькі калі ў 1975 годзе ёй споўнілася 50, дзяржава выдзеліла аднапакаёку ў Маладзечне ў цагляным двухпавярховым доме з печкай і прыбіральняй на вуліцы. Тут яна пражыла амаль сорак год. Жыла на­дзеяй адшукаць магілу і дакладныя звесткі пра падпольную дзейнасць Антона. А калі ў пачатку 2000-х выйшла пастанова ўрада Беларусі, прысвечаная 60-годдзю Перамогі савецкага народа, надзея ўзрасла. Бо ў той пастанове патрабавалі ад мясцовых дзяржустаноў стварыць у кожным раёне кнігу «Памяць» з прозвішчамі ўдзельнікаў вайны і іх заслугамі.

Змагаўся з ворагам, а ў кнігу «Памяць» не патрапіў

Калі ў 2003 годзе кнігі пачалі выдавацца, то Валянціну Пятроўну расчаравала, што сярод удзельнікаў вайны няма прозвішчаў яе родных, яе самой і мужа-падпольшчыка.

У 2012 годзе Валянціна памерла. Пакінула памяць пра сябе дачцэ, унучцы Наталлі, праўнукам Марыйцы і Максімку. Яна не дажыла сямі год да таго дня, калі мара здзейснілася.

Прыкладнае месца гібелі Антона вядомае – яно недалёка ад Краснага. А яго імя выбітае на мемарыяльнай пліце сярод 48 загінулых падчас вайны грамадзян Чысцінскага сельсавета на помніку ў Асаўцы, што ўсталявалі за грошы грамадства ў 2019 годзе. Ва ўрачыстасці ўдзельнічала дачка Галіна і родныя Антона. Праз 75 год Галіна Антонаўна ўсклала кветкі бацьку-герою. Лічу, што памяць Антона Мамая трэба ўшанаваць і ў Залессі.

• Текст доступен на языке: Русский