Падлеткі на Мядзельшчыне разыгрывалі людзей па тэлефоне. Казалі, што ў іх можа быць COVID-19

Падлеткі на Мядзельшчыне тэлефанавалі выпадковым абанентам і паведамлялі, што ў іх пад’ездах знайшлі каранавірус.

Кампанія з трох хлопцаў і дзяўчыны ўвечары пайшла гуляць. Тады яны і вырышалі «пажартаваць» па тэлефоне.

Як пазней патлумачылі падлеткі, «тэма каранавіруса цяпер абмяркоўваецца ва ўсіх сацыяльных сетках, у інтэрнэце, таму менавіта гэтая думка ў нас і з’явілася».

Хлопцы набралі выпадковы нумар, трапілі да мужчыны і паведамілі, што ў таго ў пад’ездзе каранавірус і яму трэба ў бліжэйшы час з’явіцца ў паліклініку і здаць неабходныя аналізы. Абанент пры­гразіў, што за такія жарты «адкруціць вушы».

Праз гадзіну хлопцам пазванілі, суразмоўца прадставіўся супрацоўнікам Полацкага РАУС. Невядома, ад разгубленасці ці нахабства, але адзін з хлопцаў адказаў прадстаўніку праваахоўных органаў, што «сам маёр паліцыі» і завяршыў на гэтым размову.

У дзеяннях падлеткаў угледзелі склад адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага арт. 17. 1 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (дробнае хуліганства) і перадалі матэрыял праверкі ў Мядзельскі РАУС.

Дзеянні тэлефонных хуліганаў былі разгледжаны на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх Мядзель­скага райвыканкама. Члены камісіі на чале са старшынёй Інай Барыевай сышліся ў меркаванні, што гэты ўчынак заслугоўвае адпаведнага пакарання. Штраф заплацяць бацькі ўсіх удзель­нікаў розыгрышу.