Фота Настассі УТКІНАЙ.

Сусветная арганізацыя аховы здароўя папярэджвае, што COVID-19 можа застацца назаўсёды, перадае BBC News.

Аб гэтым заявіў кіраўнік праграмы СААЗ па надзвычайных сітуацыях доктар Майк Раян сёння на брыфінгу. Ён дадаў, што нават калі вакцына будзе знойдзена, барацьба з вірусам запатрабуе «велізарных высілкаў».

Паведамляецца, што амаль 300 тысяч чалавек ва ўсім свеце памерлі ад каранавіруса, а выпадкаў зафіксавана больш за 4,3 мільёны.

Тым часам ААН папярэдзіла, што пандэмія выклікае шырока распаўсюджаныя псіхічныя захворванні, асабліва ў краінах, дзе не хапае псіхіятрычнай дапамогі.

ААН заклікала ўрады ўключыць пытанні псіхічнага здароўя ў свае агульныя дзеянні.

Што яшчэ сказалі на брыфінгу СААЗ?

— Важна гэта абмяркаваць: гэты вірус можа стаць яшчэ адным эндэмічным вірусам у нашых супольнасцях, і гэты вірус можа ніколі не знікнуць, — сказаў Раян.

Эндэмічнае захворванне — захворванне, характэрнае для пэўнай мясцовасці.

— ВІЧ не знік, але мы жывём з гэтым вірусам, — дадаў Раян.

Затым доктар Раян сказаў, што не верыць, што «хтосьці можа прадказаць, калі гэтая хвароба знікне».

Цяпер у распрацоўцы знаходзіцца больш за 100 патэнцыйных вакцын, але доктар Раян адзначыў, што ёсць і іншыя захворванні, такія як адзёр, якія да гэтага часу не ліквідаваныя, нягледзячы на тое, што для іх ужо ёсць вакцыны.

Генеральны дырэктар СААЗ Тэдрос Гебрэісус падкрэсліў, што ўсё яшчэ магчыма змагацца з вірусам, прыкладаючы намаганні.

— Траекторыя па барацьбе ў нашых руках, і гэта справа кожнага, мы ўсе павінны ўнесці свой уклад, каб спыніць гэтую пандэмію, — сказаў ён.

Эпідэміёлаг СААЗ Марыя ван Керховэ таксама заявіла на брыфінгу:

— Нам трэба зразумець, што для выхаду з гэтай пандэміі спатрэбіцца некаторы час.