Фота Настассі Уткінай.

У Свіры памерлі два супрацоўнікі псіханеўралагічнага інтэрната, перадае TUT.BY.

Сёння ў гарадскім пасёлку Свір Мядзельскага раёна развіталіся з заўхозам псіханеўралагічнага дома-інтэрната 62-гадовым Віктарам Янцэвічам. Як кажуць яго родныя, у даведцы пра смерць мужчыны ёсць каранавірусная інфекцыя. У суседняй вёсцы Лушчыкі таксама рыхтуюцца да пахавання. Учора ў бальніцы памёр кіраўнік гаспадаркай дома-інтэрната 57-гадовы Пётр Валынец. Жонкі Віктара Янцэвіча і Пятра Валынца ў бальніцы — яны таксама супрацоўніцы інтэрната.

— У таты ў даведцы пра смерць напісана COVID-19, маму на пахаванне не пусцілі, яна ў бальніцы, — плача на тым канцы провада Вольга, дачка памерлага Віктара Янцэвіча. Яе бацькі разам працавалі ў інтэрнаце. — Мне да слёз шкада дырэктара Русака Казіміра Мячаслававіча. Ён застаўся з хворымі амаль адзін, многія супрацоўнікі захварэлі. Дай Бог яму сіл! Абавязкова паеду да Казіміра Мячаслававіча пасля пахавання папы сказаць чалавечае «дзякуй».

Свірскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат знаходзіцца ў Мядзельскім раёне. Як кажуць мясцовыя, у рэгіёне два асноўных месца працы — калгас і інтэрнат. Нядзіўна, што ў інтэрнаце працуюць цэлымі сем’ямі.

Адзін з валанцёраў распавядае TUT.BY: ён шмат гадоў падтрымлівае Свірскі інтэрнат, а з сакавіка туды не прыязджае. У краіне сталі фіксаваць першыя выпадкі каранавіруса, выйшаў дакумент, па якім валанцёрскія паездкі на час прыпынілі.

— Што тычыцца Свірскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната, то заўсёды пры яго наведванні былі толькі станоўчыя эмоцыі. Дырэктар установы — на сваім месцы, вялікі працаўнік, пісьменны спецыяліст, з вялізным досведам працы, шаноўны чалавек з вялікім сэрцам. Ён арганізаваў у інтэрнаце дапаможную гаспадарку і рэгулярна займае сваіх падапечных працатэрапіяй: разводзяць пчол, вырошчваюць гародніну, ёсць свой фруктовы сад. У інтэрнаце ёсць усё, адзінае, чаго не хапае людзям — зносін з вялікай зямлёй, — кажа валанцёр і дадае, што ў інтэрнаце працуюць «дзіўныя людзі, якія любяць сваіх падапечных». — Мы дапамагаем і адпраўляем сродкі індывідуальнай абароны: супрацьчумныя касцюмы, маскі, рэспіратары, акуляры, бахілы, ахоўныя экраны, цеплавізары. Яшчэ ў красавіку больш за 20 супрацоўнікаў інтэрната шпіталізавалі ў бальніцу з падазрэннем на двухбаковую пнеўманію. А на днях зрабілі тэсты на каранавірус. COVID-19 пацвердзіўся ў 18 чалавек з персаналу і 13 людзей у інтэрнаце, а ўсяго там больш за 150 чалавек (дадзеныя па захварэлых афіцыйна не пацверджаныя — Заўвага. TUT.BY). Самае страшнае цяпер: людзі баяцца і пачынаюць звальняцца, сыходзіць у адпачынак за свой кошт. І тады пытанне, хто пойдзе працаваць у інтэрнат, прыглядаць і даглядаць за асаблівымі людзьмі, ведаючы пра ўсю сітуацыю?

Тое, што ў інтэрнаце ўспышка захворвання, пацвярджаюць і мясцовыя жыхары з вёскі Камарова і гарадскога пасёлка Свір. У кагосьці ў бальніцы ляжыць сваяк, у кагосьці — сусед ці знаёмы.

Загадчык гаспадаркі Свірскага інтэрната Віктар Янцэвіч быў шпіталізаваны разам з жонкай. Ён памёр 12 мая, Віктару Антонавічу было 62 гады.

— Зараз у бальніцы многія супрацоўнікі інтэрната, вунь сусед таксама з жонкай ляжаць, ён у рэанімацыі. З 100 супрацоўнікаў мала хто застаўся на працы. Разумееце, адразу ні ў каго не бралі тэсты на каранавірус, усе ішлі на працу ў інтэрнат, а потым вярталіся ў сям’і, — уздыхае Лілія Станіславаўна, сваячка памерлага Віктара Янцэвіча. — У Віктара Антонавіча была невялікая тэмпература, адчуваў сябе добра, а ў выніку ўсё так скончылася… Дактары ж не вінаватыя, яны робяць усё, што могуць. У нашай Мядзельскай бальніцы просты рэнтген, ён не паказвае ўсю карціну. Людзей адпраўляюць дадому.

«Першым у бальніцу трапіў бацька, мама — на наступны дзень»

На наступны дзень пасля смерці загадчыка гаспадаркі ў бальніцы памёр кіраўнік гаспадаркай інтэрната 57-гадовы Пётр Валынец. Ён жыў у суседняй вёсцы Камарова. Як распавядае TUT.BY Аляксей, сын памерлага, пакуль пасведчанне аб смерці бацькі ён не атрымаў, таму не ведае, што паказана ў графе «прычына смерці».

— У бальніцы яшчэ ляжыць мая мама, таксама работнік інтэрната, бухгалтар. На днях казала мне, што ў іх з татам пацвердзілі COVID-19. Першым у бальніцу трапіў бацька, гэта было 3 мая, а мама — на наступны дзень, — успамінае Аляксей.

Паводле яго слоў, апошнія дні жыцця Пётр Валынец быў на апараце ШВЛ.

— Кожную вясну ў інтэрнаце многія хварэлі ВРВІ, мае бацькі таксама. Напэўна, зараз захварэў адзін — і ўсе… Тата з мамай хадзілі на працу ў сваіх масках. Тэсты, мабыць, рабілі не адразу, — мяркуе Аляксей. — Толькі два дні таму, як кажа маці, прыйшлі вынікі. Каранавірус пацвердзілі ва ўсіх, хто там ляжыць з вёскі. Разам з ёй знаходзіцца суседка, таксама супрацоўніца інтэрната. У палаце ўсе пацыенты з адной вёскі, сусед наогул у рэанімацыі. Што ў выніку напішуць у дакумэнтах — не ведаю.

Сённяшнюю сітуацыю ў інтэрнаце адзін з валанцёраў лічыць «вельмі складанай»:

— Цяпер на змене працуе 4-5 чалавек, яны рэальна мала што паспяваюць, вымотвае маральна і фізічна. Па сутнасці, ужо абарона асабліва не патрэбна, разам вірус ахапіў многіх. Патрэбны людзі для дзяжурстваў, магчыма, варта прыгледзецца да досведу Італіі. У падобнай сітуацыі там дзяжурылі ваенныя, медыкі, добраахвотнікі. І інтэрнату трэба дапамагаць ўжо зараз!

Што кажуць улады

На сайце Свірскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната напісана: «У доме-інтэрнаце праводзяцца мерапрыемствы для памяншэння рызыкі заражэння каранавірусам (COVID-19). На сённяшні дзень усе здаровыя». Некалькі гадзін мы спрабавалі звязацца з дырэктарам Казімірам Русаком, ён быў заняты. На тым канцы провада адказалі: «Прыехаў камітэт».

Па каментарый TUT.BY таксама звярнуўся ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, мы папрасілі адказаць на пытанні: колькі супрацоўнікаў інтэрната знаходзіцца ў бальніцы, колькі чалавек з пацверджаным дыягназам COVID-19, што цяпер робіць міністэрства, каб стабілізаваць сітуацыю, якую дапамогу аказвае інтэрнату. У ведамстве паабяцалі ўсё ўдакладніць і даць каментар. Больш на наш званок ніхто не адказаў.

Пракаментаваць сітуацыю не змог і галоўны доктар Мядзельскай цэнтральнай раённай бальніцы Генадзь Русак. Ён параіў звярнуцца ва ўпраўленне па ахове здароўя Мінскай вобласці, па паказаных нумарах на сайце ніхто не адказаў таксама, як і ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя.

На працягу дня TUT.BY спрабаваў звязацца з намеснікам старшыні Мядзельскага райвыканкама па пытаннях сацыяльнай сферы і ідэалагічнай працы Інай Барыевай. Як нам растлумачылі ў прыёмнай і кіраўнік спраў, толькі яна можа даць каментар на тэму Свірскага інтэрната. У чацвер Іна Іванаўна была на выездзе, нам параілі тэлефанаваць заўтра.

Як толькі ў чыноўнікаў знойдзецца час пракаментаваць сітуацыю ў Свірскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце, мы адразу апублікуем адказ.