Апошнія дні ў інтэрнэце з’явіліся паведамленні, што ў Свіры захварэлі на каранавірус работнікі з псіханеўралагічнага дома-інтэрната, некаторыя з іх памерлі. Карэспандэнты «Рэгіянальнай газеты» праверылі, што адбываецца ў Свіры і што пра сітуацыю кажуць мясцовыя жыхары.

14 мая стала вядома, што два супрацоўнікі Свірскага псіханеўралагічнага інтэрнату памерлі, у адного быў нібыта пацверджаны тэст на COVID-19.

Чытайце яшчэ: Памерлі два супрацоўнікі псіханеўралагічнага інтэрната ў Свіры. У аднаго — пацверджаны COVID-19

Сёння, 15 мая, з’явілася інфармацыя са спасылкай на дырэктара інтэрната Казіміра Русака, што ва ўстанове зафіксавалі 32 выпадкі каранавіруснай інфекцыі. Першы выпадак зарэгістравалі 30 красавіка.

Чытайце яшчэ: У Свірскім псіханеўралагічным інтэрнаце зафіксавалі 32 выпадкі COVID-19

Дарога да дому-інтэрната ў Свіры.

Па дарозе ў свірскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат едзе машына хуткай дапамогі. Яна імгненна пранясецца ў вароты ўстановы, каля якіх стаяць мужчыны ў масках і без іх. На паркоўцы ля інтэрната — мужчына ў супрацьчумным касцюме, з маскай.

— Не падыходзьце да мяне! Вось, два метры, не падыходзьце бліжэй.

Мужчына ў ахоўным белым касцюме прадставіўся санітарам інтэрната Сяргеем Андрэевым. Ён адразу сказаў, што ва ўстанове ніякіх праблемаў няма, хоць і хварэюць супрацоўнікі.

— У нас хварэе дзесьці 20%. Усяго працуе чалавек 100. Але ўсё добра, усяго хапае. Паглядзіце на мяне — рэспіратары, касцюмы, вадкасці.

Сяргей жыве ў Свіры. Ён кажа, што суседзі не баяцца таго, што ён працуе ў інтэрнаце, у якім зафіксавалі выпадкі COVID-19.

Дырэктар інтэрната Казімір Русак у тэлефоннай размове з карэспандэнтам сказаў, што з апошніх каментарыяў прэсе нічога не змянілася і яму няма чаго дадаць.

Мясцовыя жыхары ў Свіры неахвотна пагаджаюцца паразмаўляць. Усе ведаюць, што ў інтэрнаце ў супрацоўнікаў знайшлі каранавірус. Ведаюць і тых, хто памёр, па іх словах, са станоўчым вынікам на COVID-19.

62-гадовы В. Я. быў загадчыкам гаспадаркі дома-інтэрната. Па словах яго родных, у даведцы пазначана каранавірусная інфекцыя. В. Я. жыў у Свіры, але мясцовыя жыхары кажуць, што дома наўрад ці хто ёсць. Жонка таксама працавала ў інтэрнаце, а цяпер ляжыць у бальніцы.

Большасць мясцовых жыхароў ходзіць па вуліцы ў масках, але некаторыя абыходзяцца без іх. У крамах прадаўцы ў масках і пальчатках. Пра сітуацыю ў псіханеўралагічным інтэрнаце яны чулі, але больш нічога сказаць не змаглі.

— Ведаеце, я многа працую і пакуль гаварыць не буду. Я на працоўным месцы. Бачыла, што пішуць. Ці даўно ў нас такая сітуацыя? Не ведаю.

Супрацоўніца адной з крамаў пацікавілася, з якога выдання прыехалі журналісты ў Свір.

— «Рэгіянальная газета»? Малайцы, што прыехалі.

Але ўсё роўна не стала нічога расказваць, параіла паразмаўляць з кім-небудзь іншым.

Каля адной з крам з роварамі стаяць двое мужчын. Яны таксама чулі пра свірскую сітуацыю з каранавірусам. Адзін з іх працуе у ЖКГ, кожны дзень дэзінфіцыруе памяшканні ў Свіры, Камарове і псіханеўралагічным доме-інтэрнаце.

— Чытаў, што ў нас быццам ёсць. Езджу апырскваю толькі пад’езды двухпавярховак ад ЖКГ. Кожны дзень дэзінфіцырую, Ад 8 да 17. У Свіры сем дамоў, тры ў Камарове, і дом-інтэрнат. Усё апырскваю за адзін дзень.

Мужчына кажа, што дэзінфекцыю пачалі рабіць напрыканцы красавіка. Першы раз быў прыкладна 21 красавіка.

— У мяне касцюм, маска. Чулі, чатыры смерці ад каранавіруса тут. Хавалі ў закрытай труне, Нябожчыка у дом не заносілі. Пакуль не страшна працаваць, хаця жонка маладая, двое дзяцей.

Каля Свірскага сельвыканкама амаль няма людзей. Заходзіць у будынак нельга — вісіць нататка з просьбай тэлефанаваць, калі ёсць пытанні да супрацоўнікаў мясцовага органа.

Старшыні Свірскага сельвыканкама Валянціны Субач на месцы не аказалася. Яна была ў ад’ездзе. Жанчына паведаміла, што нічога не змагла б патлумачыць, нават калі знаходзілася б на месцы. Уся інфармацыя — у Мядзельскім райвыканкаме. Намеснік старшыні Святлана Пісарчык таксама не была на месцы, яна на бальнічным.

Фота Настассі УТКІНАЙ.

• Текст доступен на языке: Русский