Фота gazetaingush.ru.

Пра гэта мы папрасілі распавесці прадстаўнікоў супольнасці з нашага рэгіёна.

Дзмітры Радкевіч з Ашмянскага раёна распавёў наступнае:

– Ад самага пачатку пандэміі адменілі пятнічныя набажэнствы (джума-намазы) у Мінскай Саборнай мячэці. Паступова адмянілі і джума ў рэгіянальных мячэцях і малітоўных дамах. Рамадан сёлета будзе праходзіць без масавых мерапрыемстваў – традыцыйныя іфтары (ужыванне ежы і пітва пасля заходу сонца) і таравіхі (штодзённыя дадатковыя набажэнствы) кожны вернік будзе праводзіць у коле сваёй сям’і. З аднаго боку, шкада, што так сталася, але мусульманіну не варта бедаваць па тым, чаго няма. Трэба дзякаваць Богу, што ёсць магчымасць бавіць час сярод самых блізкіх людзей, радавацца кожнаму пражытаму дню і маліцца пра збавенне ад хваробаў знешніх і ўнутраных.

Ніякі вірус не адменіць патрэбу мяняцца да лепшага і выпраўляць свае заганы і недахопы. Яны нашмат страшней і згубней для чалавека, чым любая хвароба. Спадзяемся, што да свята, якое адбудзецца ў апошняй дэкадзе мая, пасля Рамадана, навала спадзе. Будзем маліцца пра гэта.

Старшыня маладзечанскай мусульманскай суполкі Аляксандр Рафаловіч прыгадаў 1999-2000 гады, калі Рамадан прыходзіўся на зіму. Тады патрэбна было трымацца поста прыкладна ад 7 да 16 гадзін, што не так складана давалася. Таму да поста далучалася больш вернікаў.

Сёлета месяц Рамадан прыпадае на канец вясны, і каб трымацца посту, патрэбна доўгі час заставацца без ежы і вады. Сталым людзям гэта складана, таму яны не трымаюцца поста.

На Маладзечаншчыне чатыры чалавекі, якія трымаюцца поста. Але Рафаловіч не звязвае гэта з каранавірусам. Летась да поста далучылася да сямі чалавек.

Маладзечанскім мусульманам складана збірацца для набажэнстваў і з-за адлегласці. Старшыня маладзечанскай суполкі жыве ў дзясятым мікрараёне, імам – у Насілаве, а мячэць месціцца на «Балоце». Падчас намаза неабходна размяшчацца блізка адзін да аднаго, але пасля пандэміі мусульмане ўсяго свету атрымалі рэкамендацыю трымацца адлегласці падчас набажэнства.

Таму яшчэ летась маладзечанскія мусульмане вырашылі праводзіць набажэнствы дома, таму што мала чалавек, каб збірацца разам.

Аляксандр расказаў, што ў Мінску сітуацыя іншая, там больш вернікаў. І ўжо больш за месяц не збіраюцца на пятнічныя намазы менавіта праз каранавірус. Маладзечанцы адмянілі іх яшчэ раней. Каб адбыўся намаз, неабходна, каб на набажэнства сабралася не менш за трох мужчын. Такую колькасць складана было сабраць і раней, таму пандэмія мала паўплывала на маладзечанскіх мусульман.

Рамадан – месяц у мусульманскім календары, калі прынята трымацца посту ў светлы час сутак – ад світання да захаду сонца. Сёлета месяц прыпадае на 23 красавіка – 23 мая.

Сусветная арганізацыя аховы здароўя распрацавала рэкамендацыі для вернікаў па тым, як зменшыць рызыкі падчас святкавання Рамадану. Важна не дапускаць масавых скапленняў людзей, трымацца дыстанцыі не менш за метр.

З іншымі рэкамендацыямі можна азнаёміцца ў дакуменце СААЗ.