Ілюстрацыйнае фота USA TODAY.

Маладзечанцаў Вольгу і Яна Лагвіновічаў, а таксама іх дваіх дзяцей шпіталізавалі ў СмалявічыЖанчына падзялілася, як сябе адчувала і што думае пра хваробу.

Хуткая дапамога даставіла маладзечанцаў з дому ў Смалявічы 21 красавіка. Шпіталізавалі ўсю сям’ю, разам з дзецьмі 10 і 14 год.

Па словах Вольгі, сімптомы яна заўважыла за сабой некалькі тыдняў таму – 29 сакавіка. Тэмпература, боль у горле. Жанчыну шпіталізавалі ў пульманалогію.

Жанчына падкрэслівае, што каранавірус – вельмі каварная хвароба, якая мае розныя сімптомы і з рознай цяжкасцю працякае. Таму дактарам няпроста яе дыягнаставаць, тым больш што захворванне новае і пра яго вядома не ўсё. Аднак усе медыкі, з якімі сутыкалася Вольга, вельмі стараліся дапамагчы і рабілі ўсё, што маглі.

Пасля выпіскі з пульманалогіі стан маладзечанкі не палепшыўся, жанчына далей звярталася па медыцынскую дапамогу. Вольгу шпіталізавалі ў Жодзіна, дзе і зрабілі тэст на каранавірус. 20 красавіка жанчыне пагоршала, узнялася высокая тэмпература. Вечарам пазванілі з Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі і пацвердзілі, што тэст на каранавірус у Вольгі станоўчы.

21 красавіка і Вользе, і Яну рабілі КТ у Вілейцы. Абодвум даследаванне паказала пнеўманію. Тэст на каранавірус Яну не рабілі, але, па меркаванні Вольгі, ён таксама хварэе на COVID-19.

У час хваробы Вольга была дома, дзеці былі на ізаляцыі, Ян працуе на прадпрыемстве ў Заслаўі.

Жанчыну хвалюе, што падчас хваробы мела кантакты з многімі медыкамі і магла іх заразіць.

– Я такая не адна, нас шмат, і дактарам вельмі цяжка. – кажа Вольга. – Я вельмі ўдзячная медыцынскім работнікам, якія са мной працавалі і ва ўсім дапамагалі. Зразумела, што ў барацьбе з каранавірусам выратуе толькі самасвядомасць. Калі выходзіце на вуліцу, насіце пальчаткі і маскі, трымайцеся самаізаляцыі. Трэба імкнуцца не разносіць хваробу, інакш мы проста не дадзім дактарам з ёй справіцца.

• Текст доступен на языке: Русский