У адным з аздараўленчых цэнтраў на Вілейшчыне. Фота аўтара.

Крыху больш за два тыдні зазсталося да летніх канікулаў. Ці будуць ва ўмовах пандэміі працаваць летнікі і дзіцячыя аздараўленчыя цэнтры? Каб даведацца пра гэта, мы звязаліся з некаторымі ўстановамі ў нашым рэгіёне.

Мядзельшчына: ад 28 мая пачынаецца першая змена

У Нацыянальным дзіцячым цэнтры «Зубраня» першая змена пачынаецца ўжо ад 28 мая і працягнецца да 14 чэрвеня. Усяго будзе пяць змен. Апошняя скончыцца 29 жніўня. Летнік працуе ў штатным рэжыме. Шмат пуцёвак забраніравалі яшчэ зімой.

СА ЗНАЧНЫХ ЗМЕН – ТОЛЬКІ ТОЕ, ШТО ДЗЕЦІ З-ЗА МЯЖЫ СЁЛЕТА ТУТ АДПАЧЫВАЦЬ НЕ БУДУЦЬ, БО Ў БОЛЬШАСЦІ КРАІН ЗАКРЫТЫЯ МЕЖЫ.

У летніку адзначаюць, што з надыходам пандэміі на ўсёй тэрыторыі ўстанавілі дазатары з антысептыкамі, набылі індывідуальныя сродкі абароны, падрыхтавалі інфармацыйныя буклеты аб прафілактыцы. У дзяцей, якія прыязджаюць сюды адпачываць, цяпер абавязкова правяраюць даведкі пра адсутнасць кантактаў з інфіцыраванымі. На працягу дня мераюць тэмпературу ў дзяцей, перад пачаткам працы – у работнікаў. Дэзінфіцыруюць і кварцуюць сталовыя, спальні, абсталяванне ў камп’ютарных класах, памяшканні праветрываюць. Дзеці і работнікі на працягу дня абавязкова мыюць рукі. У цэнтры праводзяць сустрэчы з доктарамэпідэміёлагам.

– Мы заўсёды клапаціліся пра здароўе сваіх выхаванцаў і супрацоўнікаў. А сёння, у такі небяспечны перыяд, тым больш прынялі меры для таго, каб засцерагчы ад інфекцыі дзяцей і дарослых, – адзначаюць у аздараўленчым цэнтры на Мядзельшчыне.

Вілейшчына: робім рамонт, рыхтуемся прымаць дзяцей

Дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр «Надзея» пакуль зачынены. Дзяцей не прымаюць да 29 мая. Цяпер робяць рамонт, рыхтуюць памяшканні і намётавы лагер  да лета. А пасля 29 мая цэнтр запрацуе ў штатным рэжыме. Ёсць заяўкі і ад індывідуальных адпачывальнікаў, і ад арганізацый, кажуць тут.

У сувязі з небяспечнай эпідэміялагічнай сітуацыяй у цэнтры прынялі дадатковыя меры, каб засцерагчы жыццё і здароўе дзяцей, якія прыедуць сюды летам.

Аўтобусы, якія даставяць дзяцей на адпачынак, прадэзінфіцыруюць. Перад тым, як дазволіць дзіцяці сесці ў аўтобус, у яго памераюць тэмпературу і правераць даведку на адсутнасць кантактаў з людзьмі, што мелі інфекцыйныя захворванні. У адным аўтобусе паедуць дзеці, якія будуць жыць у адным корпусе.

ПЕРАД ЗАСЯЛЕННЕМ КОЖНАЕ ДЗІЦЯ АГЛЕДЗІЦЬ МЕДЫК. КАЛІ ДЗЯЦЕЙ БАЦЬКІ ПРЫВЯЗУЦЬ НА ЎЛАСНЫМ АЎТАМАБІЛІ, ТЭРМАМЕТРЫЮ ПРАВЯДУЦЬ НА ПАСТУ АХОВЫ, А ПАСЛЯ ДЗІЦЯ ПОЙДЗЕ НА ДАЛЕЙШЫ АГЛЯД У МЕДЫЦЫНСКІ ЦЭНТР.

У спальнях, медыцынскім корпусе, будынку адміністрацыі ёсць дазатары з антысептыкам. У гульнявых пакоях ёсць прылады для абеззаражвання паветра.

Супрацоўнікі карыстаюцца сродкамі абароны і праходзяць абавязковую тэрмаметрыю.

• Текст доступен на языке: Русский