Фота Настассі УТКІНАЙ.

Па словах беларускіх экспертаў-эканамістаў, ва ўмовах пандэміі каранавірусу адчувальна церпяць такія сферы, як транспарт, забавы, сфера паслуг, турызм. Гэта пацвярджаюць і прадпрымальнікі з рэгіёна, з якімі гутарылі карэспандэнты. Адны страцілі працу, іншыя вымушаныя мяняць фарматы, каб не зачыніцца. Прапануем даведацца, як у падобных умовах сваіх бізнесоўцаў падтрымлівае ўрад Германіі.

Як піша партал dw.com, індывідуальныя прадпрымальнікі яшчэ ў пачатку красавіка пачалі атрымліваць ад уладаў па некалькі тысяч еўра, каб перажыць крызіс, выкліканы каранавірусам.

У Германіі – субсідыі ў некалькі тысяч еўра

Нямецкія прадпрымальнікі кажуць, што ў крамах абарот знізіўся да мінімуму. Пускаць у крамы кліентаў нельга. Дазваляюць толькі дастаўку на дом або продаж на вынас замоўленага раней тавару.

Падтрымкай для малога бізнесу стала экстранная фінансавая дапамога дзяржавы.
У Берліне гарадскія ўлады сумесна з федэральным урадам аб’явілі пра тое, што прадпрымальнікі, якія засталіся без прыбытку, могуць атрымаць бязвыплатныя грашовыя субсідыі на бліжэйшыя тры месяцы, пачынаючы ад красавіка. Сумы вызначаюць індывідуальна. Яны дасягаюць 15 тысяч еўра на аднаго прадпрымальніка. Заяўкі на такую дапамогу ў красавіку пачаў прымаць Інвестыцыйны банк Берліна.
Электроннай чаргі на сайце, каб падаць заяўку, прадпрымальнікі чакалі дзень-два. Тым, хто змог дачакацца і адправіў заяўку, дапамога прыходзіла на наступны працоўны дзень.

За адзін з тыдняў красавіка банк перавёў каля 1,4 мільярда еўра індывідуальным прадпрымальнікам і малым прадпрыемствам. Пераводы атрымалі каля 140 чалавек.

Адкуль бралі грошы? У банку растлумачылі, што гэта бюджэтныя сродкі, якія даў сенатар Берліна і нямецкі ўрад. А ўвогуле, гэта грошы падаткаплацельшчыкаў. Таму да іх размеркавання падыходзяць вельмі акуратна, адзначаюць у банку.

Па словах падатковых кансультантаў, субсідыі не могуць атрымліваць усе прадпрымальнікі без разбору. Толькі тыя, у якіх вялікія праблемы з прыбыткам і ўсе грошы ўжо патрачаныя.

Яшчэ ў сакавіку Міністэрства фінансаў Германіі аб’явіла пра змякчэнне патрабаванняў па выплаце падаткаў. Прадпрымальнікам даюць адтэрміноўкі ў выплаце. Да канца 2020 года адмянілі прымусовыя меры і штрафы. Урад таксама пашырае схему кампенсацый работнікам, якіх кіраўнікі адпраўляюць на аддаленую працу.

У Беларусі – адтэрміноўкі па крэдытах і арэндзе

Урад Беларусі таксама распрацоўвае пакеты мер па падтрымцы эканомікі. У першым
пакеце мер, ужо падпісаным Аляксандрам Лукашэнкам, – арэндныя канікулы, растэрміноўкі і адтэрміноўкі па крэдытах. Мясцовыя ўлады могуць зніжаць падаткі на
маёмасць. За парушэнні кантралёры могуць прыпыняць працу кавярні ці рэстарана, але не больш чым на тры месяцы. Бацькі могуць разлічваць на матэрыяльную дапамогу, калі дзіця да дзесяці гадоў стала кантактам першага або другога ўзроўню.

Аднак на думку акадэмічнага дырэктара цэнтра эканамічных даследаванняў Beroc Кацярыны Барнуковай, гэтыя меры пакуль не вельмі вырашаюць асноўную праблему – праблему даходаў людзей.

• Текст доступен на языке: Русский