У Смаргоні ў жыхароў шматпавярховых жылых дамоў з цэнтральным ацяпленнем у сярэдзіне мая ўключылі ацяпленне, паведамляе shliah.by.

Начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Алена Атцецкая патлумачыла, што ўключыць ацяпленне распарадзіўся старшыня раённага выканаўчага камітэта Генадзь Харужык, паколькі на вуліцы нізкая тэмпература, сыра, холадна, з-за чаго няўтульна ў кватэрах гараджан.

Спачатку цяпло падалі на аб’екты сацыяльнай сферы — у бальніцы, школы, дзіцячыя сады, музеі, бібліятэкі.

Ад 14 мая ўключылі ацяпленне ў жыллёвым фондзе — у інтэрнатах, гасцініцы, шматпавярховых жылых дамах.

Як адзначыла Алена Атцецкая, камунальнікі будуць падаваць цяпло ў дамы хутчэй за ўсё да канца гэтага тыдня.