Фота Настассі УТКІНАЙ.

Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ «Аб сацыяльнай падтрымцы асобных катэгорый грамадзян». Сярод абнаўленняў, якія ўводзяць гэтым дакументам, — змены па працоўным стажы для маці з чатырма дзецьмі, па страхавым стажы для некаторых беларусаў, а таксама па ЭКА, піша tut.by са спасылкай на прэс-службу прэзідэнта.

Ад 1 студзеня 2021 года жанчынам, якія нарадзілі чацвярых дзяцей, будуць залічваць у працоўны стаж для прызначэння пенсіі час знаходжання ў адпачынку па доглядзе за дзіцем працягласцю да 12 гадоў у агульнай складанасці (цяпер — 9 гадоў). Прызначаць ім працоўныя пенсіі будуць пры наяўнасці стажу працы не менш за 20 гадоў і страхавога стажу не менш за 10 гадоў (цяпер — 17 гадоў 6 месяцаў).

Ад 2021 года інвалідам I і II групы, у якіх інваліднасць больш за 10 гадоў, знізяць патрабаванні да страхавога стажу для прызначэння пенсіі па ўзросце (прапарцыйна часу знаходжання на інваліднасці). Інвалідам з дзяцінства на 5 гадоў знізяць патрабаванні да працягласці працоўнага стажу для атрымання права на датэрміновую пенсію па ўзросце (для жанчын — з 20 да 15 гадоў, для мужчын — з 25 да 20 гадоў).

Бацькам дзяцей-інвалідаў з цяжкай ступенню страты здароўя, якія доўгі час даглядаюць за імі (не менш за 20 гадоў), павысяць памер сацыяльнай пенсіі да ўзроўню, супастаўнага з мінімальнай пенсіяй па ўзросце (да 243,39 рубля з цяперашніх 123, 39 рубля).

Прадугледзелі таксама, што працаўнікам з няпоўным страхавым стажам (звыш 10 гадоў, але менш за мэтавую колькасьць), будуць наўзамен сацыяльнай пенсіі прызначаць працоўную пенсію па ўзросце пры няпоўным страхавым стажы. Пры гэтым жанчынам такая пенсія будзе прызначацца пры дасягненні 60 гадоў, а мужчынам — 65 гадоў, як гэта прадугледжана для сацыяльнай пенсіі.

Сямейным парам, у якіх узрост жанчыны не перавышае 40 гадоў, пры наяўнасці медыцынскіх паказанняў будзе бясплатна прадастаўляцца адна спроба экстракарпаральнага апладнення.

Ад 1 верасня гэтага года шматдзетным сем’ям павялічаць перыяд прадастаўлення дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі ў выглядзе штомесячнай сацыяльнай дапамогі да 12 месяцаў (цяпер — да 6 месяцаў), а таксама крытэрый патрэбнасці з 100% да 115% БПМ у сярэднім на душу насельніцтва для прызначэння такой дапамогі (да 283,8 рубля з цяперашніх 246,78 рубля).

 

• Текст доступен на языке: Русский