Ілюстрацыйнае фота USA TODAY.

Пра тое, якія бываюць тэсты на каранавірус, каму і як іх робяць у Вілейцы і ці можна па жаданні зрабіць тэст платна, расказала галоўны доктар Вілейскай ЦРБ Ірына Макарава.

– На сёння на каранавірус мы абследуем двума спосабамі. Гэта ПЛР-дыягностыка (полімеразная ланцуговая рэакцыя) і экспрэс-тэсты. Першы спосаб – высокадакладны. Ён распазнае інфекцыю на розных стадыях. Тут можа быць толькі адзін з двух вынікаў: станоўчы або адмоўны. Гэта тыя тэсты, пра якія штодня ў справаздачах кажа Міністэрства аховы здароўя. Мінус гэтага метада ў тым, што даследаванне можна праводзіць толькі ў лабараторыях. А іх не так шмат. Калі мы праводзім такія тэсты, то забіраем мазкі і вязём іх у лабараторыю ў Мінск. Паколькі такіх даследаванняў робіцца шмат, не заўсёды вынік прыходзіць хутка, – тлумачыць доктар.

Па словах Ірына Паўлаўны, такія даследаванні робяць асобам, што кантактуюць з хворымі, кантактам першага ўзроўню. На дзясяты дзень мазок паўтараюць і вырашаюць, ці заканчваць самаізаляцыю, ці закрываць  бальнічны.

Такіх забораў на 20 мая ў Вілейскай ЦРБ зрабілі 609.

Другі спосаб даследавання на каранавірус – экспрэс-тэсты. У сярэдзіне мая ў Вілейку іх прыйшло 160 штук. Такія тэсты патрэбныя, каб разгрузіць лабараторыі.

– Зручнасць у тым, што вынік тэста мы бачым на месцы. Яго не трэба нікуды везці. Гэты тэст вызначае імунаглабуліны. Імунаглабулін М кажа пра тое, што чалавек у працэсе хваробы. Калі ж тэст вызначае імунаглабулін G, значыць чалавек ужо перахварэў і ў яго з’явіўся кароткачасовы імунітэт. Экспрэс-тэст можа быць адмоўным, можа вызначаць імунаглабулін М, можа – імунаглабулін – G, а можа і М, і G адначасова, – кажа галоўны доктар.

Экспрэс-тэсты робяць кантактам першага ўзроўню на дзясяты дзень, каб зразумець, ці можна чалавеку закрываць бальнічны. Вельмі рэдка – хворым, накпрыклад, з інфарктам ці інсультам, на ўваходзе ў стацыянар, калі ў іх незразумелыя сімптомы. У перспектыве экспрэс-тэсты ў Вілейцы, магчыма, будуць рабіць медыкам, якія працуюць з хворымі.

На 20 мая зрабілі 76 экспрэс-тэстаў. 29 з іх – адмоўныя. Астатнія – змешаныя.

Па словах галоўнага доктара, платна зрабіць экспрэс-тэст усім ахвотным пакуль адназначна не будуць. Толькі бясплатна і па паказаннях.

• Текст доступен на языке: Русский