У лабараторыі. Фота mlyn.by.

Лабараторыя дыягностыкі трансфузійна-трансмісіўных інфекцый пачала працаваць на базе Мінскай абласной станцыі пералівання крыві ў Маладзечне. 19 мая тут правялі 20 першых даследаванняў на COVID-19, піша mlyn.by.

– Магутнасць абсталявання лабараторыі разлічана на сорак пробаў у змену, – распавядае галоўны доктар установы аховы здароўя Уладзімір Світо. – Калі яе праца будзе арганізавана ў дзве змены, то ў суткі мы можам праводзіць каля 80 даследаванняў. Увесь цыкл з моманту падрыхтоўкі да моманту атрымання выніку займае прыкладна пяць-шэсць гадзін. Праца адказная, карпатлівая, і патрабуе ад медыцынскага персаналу не толькі пэўных ведаў, але і ўважлівасці. Калі на чацвертай гадзіне працы, напрыклад, доктар дапускае памылку, аналіз трэба пачынаць спачатку.

Узначальвае лабараторыю дыягностыкі інфекцый Андрэй Уласікаў. Разам з ім працуюць загадчыца мікрабіялагічнай лабараторыі Маладзечанскага занальнага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Марына Шыкаловіч і доктар лабараторнай дыягностыкі Наталля Вайцяхоўская.

– На станцыі пералівання крыві я шосты год, – распавядае жанчына. – Не так даўно прайшла ў сталіцы спецыяльную перападрыхтоўку, таму адчуваю сябе ўпэўнена і спакойна.

Са слоў Уладзіміра Світо, рамонт памяшканняў, у якіх цяпер размяшчаецца лабараторыя, яны пачалі рабіць яшчэ ў красавіку. Работы вяліся ў мэтах выканання загаду Міністэрства аховы здароўя Беларусі «Аб зацвярджэнні Інструкцыі па забеспячэнні інфекцыйнай бяспекі крыві, яе кампанентаў», паколькі ад 1 студзеня гэтага года ўстановам службы крыві неабходна ажыццяўляць «двайны» скрынінг донарскай крыві на маркеры трансфузійна-трансмісіўных інфекцый.

– Па плане лабараторыя павінна была запрацаваць у ліпені 2020 года, – кажа Уладзімір Світо. – Але ў сувязі з COVID-19 давялося паскорыцца.

Абсталяваць кабінеты дапамаглі Мінскі абласны выканаўчы камітэт і Маладзечанскі райвыканкам. Пакуль што новы від даследаванняў тут праводзяць толькі для пацыентаў мясцовай бальніцы.

• Текст доступен на языке: Русский