Гаспадар салона штор «ГардзінСтыль» расказвае, як пачаць бізнес.

Пра тое, як абраць кірунак бізнесу, развіваць яго і якіх памылак можна пазбегнуць, распавядае маладзечанскі прадпрымальнік.

Сяргей Кунавіч.

Ні дня працы па спецыяльнасці

Сяргей закончыў сярэднюю школу №5 у Маладзечне. Пасля дзявятага класа ў 1995 годзе паступіў у Маладзечанскі політэхнічны каледж на спецыяльнасць «Радыёапаратабудаванне».

Заўсёды вучыўся добра. Але па спецыяльнасці не працаваў ніводнага дня. Адразу пасля вучобы пайшоў у армію. А калі вярнуўся, стаў індывідуальным прадпрымальнікам.

Прыйшоў да ідэі салона штор

Да таго, як з’явілася ідэя салона штор, Кунавіч меў некалькі бізнесаў. Спачатку адкрыў магазін па продажы карнізаў і асвятляльных прыбораў. Пасля арганізаваў невялікую вытворчасць металічных дзвярэй, затым пачаў прадаваць міжпакаёвыя дзверы, арганізаваў вытворчасць жалюзі і працу з нацяжнымі столямі. У свой час усе гэтыя бізнесы былі актуальныя.

Але расла канкурэнцыя, а попыт на тавары падаў, таму даводзілася іх закрываць.

– На той момант я яшчэ практычна нічога не ведаў пра правілы вядзення бізнесу, і ўсё рабіў па інтуіцыі, – дзеліцца Сяргей.

Распачаў бізнес штор

Ідэя пачаць справу са шторамі бярэ пачатак ад 2013 года. Сяргей бачыў, што ў іншых гэта справа паспяховая, і вырашыў паспрабаваць. У той час працаваў з напарнікам.

– Нарабілі кучу памылак, патрацілі нямала грошай. Шмат эксперыментавалі і выбудоўвалі зусім новую тэхналогію па працы з кліентамі, – прыгадвае Кунавіч.

Для развіцця фірмы спатрэбілася ўкладаць уласныя грошы, а таксама прыцягвалі крэдытныя сродкі. Наймалі дызайнераў, швачак, тэхнолагаў. Былі патрэбныя вузкія спецыялісты, таму многаму вучылі работннікаў самі прадпрымальнікі.

Прадпрымальнікі распрацавалі бізнес-план, даводзілася некалькі разоў мяняць. З-за складанай спецыфікі справы доўгі час не атрымлівалася яго выканаць.

– Калі вырашыў займацца шторамі, то зрабіў вялікую памылку, – расказвае бізнесмен. – Я пачаў займацца бізнесам, які зусім не ведаў. І вучыўся толькі на сваіх памылках.

Як наладзілі працу

Спачатку прадпрымальнікі не мелі свайго салона, а прадавалі шторы анлайн. Пасля дызайнеры фірмы пачалі прыязджаць да кліентаў на дом, каб падабраць шторы на месцы. Пасля пашыву прадстаўнікі «ГардзінСтыль» самі прыязджалі і развешвалі новыя шторы. Працэс няпросты, у ім неабходна многае прадугледзець, каб кліент быў задаволены.

Для пошуку кліентаў выбудавалі цэлую маркетынгавую стратэгію, распрацавалі свой алгарытм. Часам гэтага было мала, фірме трэба было больш кліентаў.

Парады маладым прадпрымальнікам

– Першая вялікая памылка прадпрымальнікаў, у тым ліку і мая – выбар няправільнага прадукта, – дзеліцца Сяргей Кунавіч. – Патрэбна разумець, якія перспектывы ў прадукта на вашым рынку. Разумець і разбірацца ў самім прадукце. А самае галоўнае – вельмі любіць тое, чым займаешся. Сёння вялізная канкурэнцыя ва ўсіх сферах, толькі дасведчаныя людзі дасягаюць поспеху.

Калі хочаш зрабіць менш памылак і выдаткаваць менш грошай – спачатку ідзі працаваць да канкурэнта, дабейся поспеху ў яго. Назапашвай досвед і веды, а пасля пачынай сваю справу. Гэта самы правільны шлях.

Важна вырашаць праблемы

Займаючыся бізнесам, Сяргей перажыў не адзін крызіс і не адзін спад. Але моцны не той, хто не падае, а той, хто ўстае і працягвае ісці далей, упэўнены прадпрымальнік.

– У такія часы дапамагалі кантакты. Важна кантактаваць з кліентамі, напарнікам, пастаўшчыкамі. Заўсёды знаходзілі агульную мову і вырашалі праблему.

Як падбіраць персанал

Па досведзе Кунавіча, гэта асобная тэхналогія. Калі яе прымяняць, то ўсё атрымаецца. Трэба толькі вывучыць.

– Увогуле праца ў бізнесе – такая ж навука, як і кіраванне машынай. Калі ведаеш тэорыю і прымяняеш правільна, то ўсё лёгка. Таму не бойцеся вывучаць штосьці
новае.

Калі варта браць крэдыт у банку

– У тых выпадках, калі купляеце нерухомасць, абсталяванне, павялічваеце магутнасці вытворчасці, – распавядае бізнесмен. – Крэдыт трэба браць тады, калі пры яго дапамозе вы зможаце зарабіць і пагасіць крэдыт.

Кіраўніцтва кампаніі «ГардзінСтыль» нядаўна змяніла стратэгію бізнесу. Фірма пазіцыянуе сябе як аптовая арганізацыя па продажы тканіны і фурнітуры. Цяпер «ГардзінСтыль» дапамагае прадпрымальнікам-пачаткоўцам зарабляць пры дапамозе сваёй прадукцыі.

Публікацыя падрыхтаваная ў межах сумеснага праекта «Будуем мару з Белаграпрамбанкам».

УНП 100693551

• Текст доступен на языке: Русский