Рытхуюцца лісты падтрымкі.

Цягам некалькіх тыдняў 60 сталых людзей на Валожыншчыне атрымалі ў свае паштовыя скрыні лісты. А ў іх – насенне кветак. Так тут праходзіць флэшмоб «Парастак дабрыні», які ладзіць Валожынскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнай абароны насельніцтва. Такім чынам арганізатары падтрымліваюць сталых людзей у няпросты час пандэміі.

– Пачалося ўсё з таго, што мы адправілі лісты падтрымкі падапечным аддзялення дзённага знаходжання для сталых нашага цэнтра. Гэта сталыя людзі, нашы наведнікі, якія цяпер сядзяць дома на самаізаляцыі. Такія лісты ад нас атрымалі таксама сталыя жанчыны, якіх мы наведваем дома, з якімі працуем у межах праекта «Папярэджанне кагнетыўных зменаў» – расказала псіхолаг Валожынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва Алена Жданюк.

Насенне для добрай справы далі ў Валожынскай раённай арганізацыі інвалідаў, якой кіруе Віктар Субач. У выніку на сёння адправілі больш за 60 такіх лістоў падтрымкі. А каб да справы далучылася больш людзей, запусцілі флэшмоб «Парастак дабрыні». тут ужо могуць прыняць удзел усе ахвотныя і даслаць такія лісты не столькі сталым людзям, а ўсім, хто знаходзіцца на самаізаляцыі.

Арганізатары прапануюць усім ахвотным падтрымаць людзей, якія мусяць быць сёння на самаізаляцыі. Для гэтага дастаткова напісаць ліст і ўкласці ў канверт пакецік з насеннем. Пры жаданні можна напісаць пра гэта ў сацсетках, дадаўшы хэштэг #росток_доброты и #флешмоб_ростокдоброты і перадаць эстафету сваім сябрам.

Ва ўсім гэтым ёсць маленькая інтрыга: насенне трэба дасылаць так, каб адрасат не зразумеў, якія гэта кветкі. А ўбачыў толькі тады, калі яны вырастуць.

Што пісаць у лісце? Цёплыя словы падтрымкі. Арганізатары прапануюць прыблізны тэкст:

«Паважаная (ы) / Дарагая (гі), ______________ _________________! У сувязі з эпідэміялагічным становішчам Вы пакуль не можаце весці той лад жыцця, да якога прывыклі, наведваць любімыя месцы і мерапрыемствы, хадзіць у госці. Аднак гэта не назаўжды. Гэта часовая мера. Разумею, што абмежаванне звыклых кантактаў і выкананне рэкамендацый заставацца дома – няпростая задача, але гэтыя меры абароны цяпер востра неабходныя нам з вамі, нашым родным і блізкім, усім людзям у краіне і ў свеце. Каб сядзець на каранціне Вам было не так сумна, да ліста прыкладаю насенне кветак, бо кветкі – самае прыгожае, што стварыла прырода. Якія гэта кветкі – сакрэт. Калі пасадзіце – тады і даведаецеся. Спадзяюся, што ў гэты нялёгкі час кветкі ўзыдуць, распусцяцца і будуць радаваць Вас сваёй прыгажосцю.»

Фотаздымкі забяспечаныя Аленай Жданюк.

• Текст доступен на языке: Русский