Фота Настассі Уткінай.

Цёплае надвор’е вернецца ў Беларусь у апошнія пяць дзён мая, паведамілі БелТА ў Гідрамеце.

Сіноптыкі кажуць, што другая дэкада мая ў Беларусі была на 2-6 градусаў халаднейшай за звычайную. Апошні раз так холадна было ў 2004 годзе.

У пятніцу, 22 мая, халоднае надвор’е дасягне свайго піку. Пройдуць кароткачасовыя дажджы, уначы і раніцай яны месцамі пачнуць пераходзіць у мокры снег. Уначы будзе +1—6, удзень — +7—13.

«Такія тэмпературныя паказчыкі прыпадаюць на першую дэкаду красавіка, гэта значыць, па надвор’і мы будзем адкінуты на 1,5 месяца таму», — адзначаюць сіноптыкі.

У суботу пераважна без ападкаў. Уначы +1—6, па захадзе замаразкі да мінус 3. Удзень будзе +10—16.

Пачынаючы ад нядзелі, сітуацыя ў шматкіламетровай тоўшчы атмасферы пачне паступова мяняцца.

Паўночныя вятры зменяцца заходнімі, і надвор’е ў Беларусі будуць вызначаць франтальныя сістэмы і паветраныя масы, што ідуць з тэрыторыі Заходняй Еўропы. Паступова знікне пагроза замаразкаў, а тэмпературны фон вернецца ў сваю майскую норму.

У нядзелю, 24 мая, удзень +10—17.

У панядзелак удзень на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, месцамі навальніцы. Уначы +3—9, удзень — +12—19.

• Текст доступен на языке: Русский