Фота udf.by.

Сусветны банк зацвердзіў пакет дапамогі для Беларусі на суму 90 мільёнаў еўра, паведамляе арганізацыя ў прэс-рэлізе.

Гэтыя грошы пойдуць на прыняцце эфектыўных і своечасовых мераў па супрацьдзеянні пандэміі COVID-19. Прасцей кажучы, Сусветны банк дае грошы Беларусі, каб умацаваць сістэмы аховы здароўя ў краіне.

У рамках праекта на 90 мільёнаў еўра будуць улічаныя надзённыя патрэбы сістэмы аховы здароўя ў медыцынскім абсталяванні, расходных матэрыялах і навучанні медыкаў для лячэння цяжкіх выпадкаў COVID-19.

Акрамя таго, праект прафінансуе камунікацыйныя мерапрыемствы, накіраваныя на прасоўванне правілаў сацыяльнай дыстанцыі і перадавой гігіенічнай практыкі, якая можа прадухіліць распаўсюджванне інфекцый сярод насельніцтва.

— Гэты праект дапаможа выратаваць жыццё беларусаў шляхам прадастаўлення крытычна важнага абсталявання для сектара аховы здароўя, — сказаў кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка Алекс Крэмер. — Гэта акажа найбольшы ўплыў у спалучэнні з мерамі сацыяльнага дыстанцыявання, уключаючы прадухіленне вялікага натоўпу людзей, скарачэнне фізічнай прысутнасці на працоўных месцах і ў навучальных установах, а таксама скарачэнне другарадных перасоўванняў. Усё гэта выратуе жыццё, дапаможа змякчыць доўгатэрміновыя эканамічныя наступствы. Чым раней будуць прынятыя такія меры, тым лепш будуць вынікі для жыцця людзей і іх фінансавых сродкаў.

Праект таксама падтрымае лабараторыі аховы здароўя і палепшыць якасць працы эпідэміёлагаў для ранняга выяўлення, пацверджання і справаздачнасці па выпадках COVID-19.

Праект прафінансуе медыкаменты і абсталяванне для выяўлення COVID-19: наборы для тэставання, сродкі індывідуальнай абароны, рэагенты і навучанне для медыкаў.

Праект Сусветнага банка дапаможа Беларусі набыць сучасныя машыны хуткай дапамогі і неабходнага абсталявання для іх.

***

Ад 1992 года абавязацельствы Беларусі перад Сусветным банкам склалі 1,9 мільярдаў долараў. Цяпер Сусветны банк фінансуе дзевяць беларускіх праектаў на 942,71 мільёнаў долараў.