Аляксандр Бажко.

Пра тое, як перажыць перыяд пандэміі самім і дапамагчы блізкім, распавёў загадчык Маладзечанскім псіханеўралагічным дыспансерам Аляксандр Бажко.

Ці павялічылася колькасць зваротаў у ПНД ад пачатку пандэміі?

Лічыцца, што колькасць псіхічных растройстваў у свеце – стабільная лічба. Паводле звестак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, 12-15% ад агульнай папуляцыі ў любой краіне маюць такія расстройствы. І гэты працэнт застаецца такім жа ў любы час, і ў час вайны, і ў перыяд дабрабыту. Вясной і восенню колькасць людзей, якім патрэбная псіхіятрычная дапамога, павялічваецца.

Цяпер колькасць зваротаў вырасла, але ў параўнанні з вёснамі папярэдніх гадоў гэта прыкладна такія ж лічбы.

А вось складнік расстройстваў можа мяняцца ў залежнасці ад сацыяльна-эканамічных ці іншых знешніх фактараў. Да нас сталі часцей звяртацца людзі з дэпрэсіўнымі і трывожна-дэпрэсіўнымі растройствамі, былі выпадкі зваротаў і з брэдавым расстройствам, у аснову якіх легла сітуацыя з каранавірусам – некаторыя моцна трывожацца. Эпідэміялагічна небяспечная сітуацыя парадзіла растройствы, якія замінаюць жыць.

У час пандэміі можа ўзнікнуць адчуванне, што жыццё не ў тваіх руках, ты ім не распараджаешся напоўніцу. Як з гэтым спраўляцца?

Чалавек перажывае негатыўныя эмоцыі – трывогу, неспакой, страх за ўсё і за ўсіх, і гэтыя эмоцыя апрадмечаная ў каранавірусе. Трывога – базавая абарончая функцыя нервовай сістэмы. Калі ўзнікае сітуацыя нявызначанасці, узнікае трывога. Яна можа ўзмацняцца і перарастаць у нешта больш сур’ёзнае, калі ўзмацняецца нявызначанасць. Калі, разумеючы гэты механізм, мы запаўняем пустату, то фізіялагічна і псіхічна арганізм не мае магчымасці панікаваць.

Таму ва ўмовах існуючай сітуацыі неабходна мець інфармацыю, як гэта перажыць. Калі ты сітуацыю бачыш і разумееш, што адбываецца, то нявызначанасць знятая і чалавек ведае, што рабіць. Калі чалавек атрымлівае інфармацыю ў тым ліку з прэсы, важна абіраць правераныя і аб’ектыўныя крыніцы, я рэкамендую рэсурсы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Так чалавек атрымлівае інфармацыю, разумее, што адбываецца і не мае прычын для трывогі.

Адной інфармацыяй не запоўніш пустату, калі, напрыклад, перайшоў на працу на аддаленні. У такіх выпадках з’яўляецца больш свабоднага часу, чым звычайна. Калі не ведаеш, чым заняць, зноў жа з’яўляецца трывога і пустата. Гэты свабодны час – унікальная магчымасць заняцца тым, што даўно адкладаў. Я вось дома малюю другую карціну па нумарах. Хобі, цікавы занятак, пачытаць кнігу, пакапаць градкі, пафарбаваць сцяну, зрабіць рамонт – усё гэта добра спрацуе.

Запаўняючы свабодны час любімым заняткам або тым, што прыносіць задавальненне, мы не толькі бавім час з карысцю, але і праводзім прафілактыку супраць кепскіх эмоцый.

Калі нехта ў сям’і або калектыве паддаецца паніцы, як яму дапамагчы?

Трэба зразумець, што падаграе яго рэакцыю. Аналізуючы тое, што назіраю ў сваёй практыцы – хтосьці можа начытацца тэлеграм-каналаў, дзе нагнятаецца так, што чалавек гатовы труну на ўсялякі выпадак купіць. Таму патрэбна знайсці крыніцу, якая падаграе трывогу і мінімізаваць кантакт з ім. Можна на нейкі час адключыць інтэрнэт, на прыклад.

Калі вы хочаце дапамагчы чалавеку, які паддаецца паніцы, з ім трэба паразмаўляць адзін на адзін, без астатнік членаў сям’і або групы. Панікуючы, можа заразіць і іх трывожнымі думкамі. Пры размове вочы ў вочы найлепш фарміруецца кантакт, і гэта спрыяе спакойнай атмасферы. У такой абстаноўцы людзі лепш успрымаюць думкі адзін аднаго.

Добры спосаб – папіць супакойваючай гарбаты, напрыклад, мятнай. Можна зрабіць мятнае чаяванне сямейнай традыцыяй.

Калі чалавек ў дрэнным стане, ёсць стандартны алгарытм, як яго супакоіць – цёплы плед, па магчымасці і цёплыя шкарпэткі, кубак гарачага чаю або гарбаты. Гэта дае адчуванне камфорта і бяспекі. Праводзіць гутарку, каб супакоіць чалавека лепш ва ўмовах, калі вы трымаецеся такой атрыбутыкі.

Як могуць падтрымліваць сацыяльныя кантакты адзінокія людзі ва ўмовах пандэміі?

Адзінота – гэта не проста стан або статус. Гэта выбар чалавека. Многія скардзяцца, што ім ніхто не дапамагае. Але калі ты хочаш атрымаць дапамогу, то неабходна заявіць пра патрэбу, папрасіць дапамагчы. Каб атрымаць вынік, патрэбна штосьці для яго зрабіць. Таму калі чалавек адчувае адзіноту, разумее, што яму кепска, варта ўсвядоміць, што гэты стан залежыць і ад яго.

Цяпер ёсць вельмі шмат анлайн семінараў – як карыстацца інстаграмам, зрабіць стол, вышываць. Такім чынам вы вучыцеся новаму і атрымліваеце сацыяльныя кантакты.

Калі чалавеку кепска, ён заўсёды можа звярнуцца па тэлефоне даверу.  Тэлефон даверу псіхалагічнай службы ў Маладзечне (8-0176) 74-66-20, час працы ад 8:00 да 17:00. Тэлефон даверу службы экстраннай псіхалагічнай дапамогі ў Мінску (8-017) 202-04-01, працуе кругласуткава.

Як дапамагчы медыкам

Вядзецца работа па арганізацыі лініі псіхалагічнага кансультавання для медыцынскіх работніка. У бліжэйшы час яна запрацуе.

Ёсць асаблівасць працякання трывожнай рэакцыі ў медыцынскіх работнікаў. І мы гатовыя дапамагаць з імі спраўляцца.

Як зразумець, што блізкі не спраўляецца і яму варта звярнуцца да спецыяліста

Калі ты ведаеш чалавека, то бачыш, якія яго паводзіны звычайны. Раптам адбываецца рэзкая перамена, якая доўжыцца працяглы час. Калі вы даражыце чалавекам і хочаце пра яго паклапаціцца, то задайце пытанне: «У цябе нешта адбываецца? Я магу нечым дапамагчы?»

Калі чалавек мае псіхалагічны дыскамфорт, то ў яго два пасылы: нічога не гаварыць і варыцца ў сабе, а другі – крык душы «Ну дапамажыце хто-небудзь». Людзі пасля спроб суіцыда расказвалі, што вельмі чакалі, каб хоць хто-небудзь праявіў клопат.

Пасля вашага пытання чалавек, з якім па вашым меркаванні штосьці не так, можа адказаць. Або сказаць, што ўсё ў парадку, або падзяліцца праблемай. У адказ варта выразіць эмацыйныя адносіны – «Я за цябе хвалююся». За гэтым важна прапанаваць выхад. Можна сказаць: «Я чытаў, што такое бывае. І там была рэкамендацыя ў такіх выпадках званіць на тэлефон даверу». Другі варыянт – «Я чуў, што гэта можа быць прыкметай дэпрэсіі. Хочаш, я разам з табой схаджу да спецыяліста?». Так вы падскажаце алгарытм дапамогі.

Калі ва ўмовах пандэміі немагчыма зрабіць пахаванне блізкага такім, як хацелі, як развітацца з чалавекам?

Зрабіць усё правільна ў жыцці немагчыма. Рана ці позна можам адчуць, што штосьці не дадалі – любові, клопату, або ў апошні шлях адправілі не так, як мае быць.

Смерць і страта павінны вучыць таму, што трэба клапаціцца пра жывых. Таму, хто сышоў, немагчыма даць больш, чым даў падчас яго жыцця. Таму на вагах павінен перамагчы клопат пра жывых. Паказаць свае адносіны да памерлага можна будзе пасля. Паставіць помнік, наведваць магілу. Калегі, якія працуюць за мяжой, расказвалі пра досвед правядзення пахавання па скайпе. Гэта магчыма арганізаваць і ў нас.

Для некаторых можа быць важным правесці ўнутраны дыялог з вобразам чалавека. Веруючыя людзі могуць выканаць рытуалы, памаліцца. Такая размова – гэта правільна і сапраўды дапаможа развітацца.

Як аблегчыць перыяд пандэміі

  • У многіх рэакцыя на такую перамену ў жыцці – стрэс. Задача –  пераадолець стрэс як мага хутчэй і з найменшымі стратамі. Для гэтага дапамогуць наступныя рэкамендацыі:
  • Падтрымлівайце як мага больш кантактаў з людзьмі. Сучасныя сродкі сувязі ў гэтым вельмі дапамагаюць.
  • Галоўная каштоўнасць – гэта здароўе. Таму варта прытрымлівацца здаровага ладу жыцця, гэта асабліва актуальна цяпер. Харчуйцеся правільна і па рэжыму, высыпайцеся, прымайце вітамінныя комплексы, не забывайце пра фізічныя нагрузкі.
  • Пазбягайце табакакурэння і алкаголя, яны не дапамагаюць выходзіць са стрэсу.
  • Своечасова звяртайцеся па медыцынскую дапамогу. Яе можна атрымаць па тэлефоне.
  • Атрымлівайце інфармацыю ад правераных крыніц. Абмяжуйце час, які праводзіце ў сацыяльных сетках.
  • Калі працуеце з дому, выберыце рутуал пераключэння з рабочага рэжыму на дамашні – душ, фізічныя практыкаванні або нешта іншае.
  • У асабістых адносінах падтрымлівайце зацікаўленасць партнёра да вас.
  • Знайдзіце свой спосаб рэлаксацыі – музыка, танцы, медытацыя, малітва.
  • Захоўвайце спакой.
  • Будце адказнымі ў адносінах да сябе, клапаціцеся пра сябе і сваіх блізкіх.

Больш інфармацыі шукайце на рэсурсах дыспансера. Сайт mpnd.by, інстаграм mpnd.by.