Юлія Дземідовіч у роднай школе. Фота забяспечанае гераіняй публікацыі.

Вучаніца 11 «А» класа Маладзечанскай сярэдняй школы №5 Юлія Дземідовіч чытае нямецкія кнігі ў арыгінале, спявае па-нямецку, слухае нямецкамоўных блогераў. Два гады запар дзяўчына займае другое месца на рэспубліканскай алімпіядзе па нямецкай мове, але ўпэўненая: замежную мову ніколі нельга вывучыць да канца.

Як усё пачыналася

Вывучаць нямецкую Юля пачала факультатыўна з першага класа. У трэцім класе з’явіўся вучэбны прадмет.

– Тое, што нямецкая мова – гэта маё, я адчула не ў першым класе і не ў трэцім. Здарылася гэта ўжо бліжэй да восьмага, калі сама, без дапамогі мамы, пачала рабіць дамашнія заданні, складаць тэксты. Адчула, што ў мяне гэта атрымліваецца і мне гэта падабаецца, – прыгадвае Юля.

У нямецкую гімназію – на паўгода

А ў дзявятым класе дзяўчына па абмене паехала вучыцца ў нямецкі горад Гецінген, у гімназію, з якой супрацоўнічае Маладзечанская школа №5. Там паўгода яна вывучала па-нямецку ўсе прадметы школьнай праграмы. Прызнаецца, што не ўсё адразу разумела. Многія тэмы па матэматыцы, гісторыі, рэлігіі наперад перакладала для сябе. Тым больш, па назіраннях Юлі, тая нямецкая, якую мы вучым у школе, і тая, на якой размаўляюць у Германіі, усё ж адрозніваюцца. Пасля стала лягчэй.

– Затое, калі праз паўгода прыехала ў Беларусь і прыйшла ў сваю школу, цяжка было перастроіцца. Настаўніца на ўроку мне задае пытанне па-беларуску, а я пачынаю адказваць па-нямецку, – смяецца дзяўчына.

Бацькі плакалі разам са мной

Сёлетняя алімпіяда для Юлі была хвалюючай. Летась таксама выступала і таксама заняла другое месца. Хвалявала і сітуацыя з пандэміяй. І ўсё ж Юля ўдзячная сваім бацькам за тое, што яны адпусцілі яе на алімпіяду ў Мазыр.

– Звычайна алімпіяда праходзіць у тры этапы: тэст, аўдзіраванне і размова. На гэты раз з-за пандэміі размову адмянілі. І гэта мяне не парадавала, хутчэй, наадварот. Вусная размова па-нямецку – гэта мой канёк. Я ведала, што магу тут атрымаць высокі бал. Але такой магчымасці пазбавілі, – распавядае Юля.

Прызнаецца, што асабліва хвалявалася за артыклі. Па назіраннях дзяўчыны, гэта адна з самых складаных тэм у нямецкай мове. Тут нават самі немцы часам памыляюцца.

– Канешне, было страшна. Калені трэсліся. Калі даведалася сваю колькасць балаў, мне падалося, што гэта вельмі мала і што ніякага месца я не займу. З плачам тэлефанавала бацькам і казала пра тое, што не перамагла. Калі аб’явілі, што ў мяне другое месца, зноў тэлефанавала бацькам. Ужо казала, што перамагла, але таксама са слязьмі. І яны разам са мной плакалі. На гэты раз ад радасці, што я так доўга ішла да мэты. І, урэшце, дайшла.

Бацькі і настаўніца нямецкая мовы Зоя Дылеўская – першыя, каму Юля расказала пра сваю перамогу.

Прызнаецца, што вельмі прыемна было прыйсці пасля алімпіяды ў школу. Разумела, яе перамога – гэта радасць для ўсёй школы і ўсіх настаўнікаў.

– Нават самі педагогі казалі пра тое, што цяпер у школе ўся настаўніцкая гудзе, – кажа Юля.

У чым сакрэт поспеху

Па словах дзяўчыны, такія сур’ёзныя заняткі нямецкай не перашкаджаюць іншым урокам. І выдатная вучоба Юлі па ўсіх прадметах – яскравае сведчанне таму.

– Я магу правільна размеркаваць час, каб яго хапіла і на нямецкую мову, і на іншыя ўрокі, і на падрыхтоўку да ЦТ, і на адпачынак. Хаця нагрузка адчуваецца ў параўнанні з мінулым навучальным годам, – дзеліцца Юля.

А яшчэ ў дзяўчыны ёсць такі сакрэт поспеху – яна ніколі не сядзіць за ўрокамі да позняй ночы. Заўсёды кладзецца спаць да 11 вечара.

Спачатку – у БДУ

Сёлетняя алімпіяда для Юлі была лёсавызначальнай. Другое месца на рэспубліцы для вучаніцы 11 класа азначае паступленне без экзаменаў у лінгвістычны ўніверсітэт.

Аднак маладзечанка не шукае лёгкіх шляхоў і не збіраецца адразу выкарыстоўваць гэту льготу.

– Спачатку паспрабуюсама паступіць у БДУ на факультэт міжнародных адносінаў. Там мой дыплом нічога не дае. Калі ж не атрымаецца, пайду без экзаменаў у лінгвістычны, – дзеліцца Юля Дземідовіч планамі на бліжэйшую будучыню.

• Текст доступен на языке: Русский