Анастасія з бацькам і трэнерам Ігарам Кібалкам у роднай школе пасля чарговай спартыўнай перамогі. Фота забяспечанае гераіняй публікацыі.

Адзінаццацікласніца Анастасія Кібалка вучыцца ў Чурлёнскім вучэбна-педагагічным комплексе «дзіцячы сад-сярэдняя школа». І пры гэтым яна ўжо студэнтка. Як такое магчыма? Насця стала абсалютнай пераможцай рэспубліканскай алімпіяды па прадмеце «фізічная культура і здароўе». Дзяўчына расказала нам пра сябе, сваю перамогу і пра тое, як прыйшла ў спорт.

Не заўсёды хацела займацца, але тата пераконваў

Насця – з настаўніцкай сам’і. Яе мама, Ала Кібалка, выкладае ў пачатковых класах, а бацька, Ігар Кібалка, працуе настаўнікам фізкультуры. Менавіта ён і рыхтаваў дачку да алімпіяды.

Па словах Насці, з сямі гадоў яна пачала займацца акрабатыкай. Усё атрымлівалася. Але ў 13 любімы від спорту прыйшлося пакінуць з-за траўмы.

Дзяўчына прызнаецца, што без спорту ўжо не магла. Таму стала спрабаваць сябе ў лёгкай атлетыцы.

– Праз пару год зразумела: лёгкая атлетыка – не маё. Таму пачала займацца ўсім, чым можна. З пятага класа ездзіла на летняе і зімовае мнагаборства. Летняе – гэта бег, стральба, адцісканне, скачок і плаванне 50 метраў. Зімовае – лыжныя гонкі, стральба, скачок, адцісканне. Спачатку было шмат спаборніцтваў па акрабатыцы, пасля – па лёгкай атлетыцы, шмат школьных спаборніцтваў і такая ж алімпіяда ў мінулым годзе, – прыгадвае Насця.

Адзначае, што ў яе спартыўных поспехах вельмі вялікая заслуга  бацькі і трэнера:

– Менавіта ён мяне падтрымліваў, падштурхоўваў, даваў парады. Думаю, каб не тата, я цяпер не займалася б спортам. Калі толькі пачынала займацца акрабатыкай, я не асабліва хацела ездзіць на спаборніцтвы. Але тата пераконваў. І ўрэшце, я зразумела, што спорт – гэта маё жыццё.

Дзяўчына прызнаецца, што раніцай зарадку не робіць, асаблівых правілаў у харчаванні не мае. Але трэніруцца штодзень у спартыўнай зале.

Як праходзіла алімпіяда падчас пандэміі

Сёлета ў сувязі з пандэміяй рэспубліканская алімпіяда праходзіла не так, як звычайна:

– У пакоях нас пасялілі па адным. У сталовую не хадзілі. Ежу прыносілі кожнаму ў пакой. Тэарэтычнае заданне здавалі ў вялікай зале і трымалі дыстанцыю. У спартыўных залах усюды былі антысептыкі. Апрацоўвалі мячы, памяшканні, дзе ладзілі спартыўныя гульні, спаборніцтвы, правяралі нашу фізічную падрыхтоўку. На маю думку, нягледзячы на складаную сітуацыю з каранавірусам, арганізацыя алімпіяды была на высокім узроўні.

Хвалявалася, бо адчувала: магу перамагчы

Насця ўдзельнічае ў алімпіядзе не першы раз. Але прызнаецца, што менавіта сёлета хвалявалася асабліва, бо адчувала, што мае шанцы на перамогу.

– Калі даведалася, што выйграла, пачала плакаць, – прыгадвае суразмоўца. – Бо ўсе мае высілкі, старанні прайшлі недарма.

Дзяўчына расказала, што па тэлебачанні заўсёды глядзіць спаборніцтвы па фрыстайле, лёгкай атлетыцы, біятлоне. Акрамя спорту, захапляецца пазламі і маляваннем.

– Канешне, жывучы ў горадзе маладыя людзі маюць большыя магчымасці для развіцця, – лічыць Насця. – Але і ў вёсцы, калі ты працуеш над сабой, можна дасягнуць добрых вынікаў.

Анастасія расказала, што яшчэ ў пятым класе паставіла перад сабой мэту – паступіць ва ўніверсітэт фізічнай культуры. І яе мара ўжо практычна здзейснілася.

Маючы першае месца на рэспубліканскай алімпіядзе па фізічнай культуры і здароўі, выпускніца зможа паступіць у жаданы ўніверсітэт без уступных экзаменаў.