Від на БелАЭС. Фота Настассі Уткінай.

Міністэрства энергетыкі Літвы выступіла з крытыкай недастатковай празрыстасці інфармацыі пра Беларускую АЭС. Публікацыя з заўвагамі змешчаная на сайце ведамства.

У тэксце гаворыцца, што Беларусь дэманструе «выбарачны падыход» да празрыстасці праекта атамнай электрастанцыі, хоць павінна публікаваць поўныя справаздачы аб місіях МАГАТЭ і выконваць рэкамендацыі міжнародных экспэртаў падчас стрэс-тэстаў.

Паводле літоўскага боку, Беларусь не апублікавала гэтых справаздач, пра што быў інфармаваны гендырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі.

«На сённяшні дзень няма інфармацыі, каб ацаніць маштабы бягучых праблем Беларускай АЭС. З 11 рэкамендацый, складзеных экспертамі МАГАТЭ, апублікавалі толькі тры, што выклікае дадатковыя сумневы ў празрыстасці», — гаворыцца ў паведамленні.

Рашэнні не публікаваць справаздачы толькі ўзмацняюць падазрэнне ў тым, што недахопы, выяўленыя ў справаздачы аб місіі, не з’яўляюцца нязначнымі. З гэтай прычыны Літва выказвае занепакоенасць заявамі экспэртаў МАГАТЭ, якая заклікае ўзмацніць кантроль і нагляд за праграмай запуску станцыі.

«Выбарнае і прадузятае стаўленне Беларусі да раскрыцця толькі карыснай для праекту АЭС інфармацыі назіраецца пастаянна, асабліва ў выпадку супрацоўніцтва Беларусі з МАГАТЭ», — заяўляе літоўскі бок.

Раней Літва звярнулася да МАГАТЭ з просьбай адрэагаваць на «непрымальную сітуацыю» вакол БелАЭС. Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа неаднаразова заклікаў Еўрасаюз выкарыстаць усе рычагі для выканання Беларуссю патрабаванняў паводле вынікаў стрэс-тэстаў.

Ён таксама заяўляў, што электраэнэргія, вырабленая на небяспечных электрастанцыях, не павiнна трапляць на агульнаеўрапейскі рынак.

Ядзернае паліва на БелАЭС даставілі ў пачатку мая. Фізічны пуск першага энергаблока запланаваны на ліпень гэтага года.

• Текст доступен на языке: Русский