На месцы здарэння. Фота забяспечанае Юліяй Крук.

Днямі ДАІ затрымала 42-гадовага маладзечанца, які ў аўтамабілі перавозіў 150 літраў вадкасці, што па паху і колеры нагадвае дызельнае паліва.

Работнікі ДАІ заўважылі «Фольксваген Транспарцёр» пад кіраваннем гараджаніна ў вёсцы Крыніца Маладзечанскага раёна. Падчас агляду ў багажным адсеку мікрааўтобуса праваахоўнікі знайшлі каля васьмі каністраў з вадкасцю, – расказалі ў РАУС Маладзечна.

Для далейшага разгляду кіроўцу і аўтамабіль з незаконным грузам даставілі ў РАУС.

Як распавёў аператыўнікам сам фігурант, у той дзень ён вяртаўся дадому са сталіцы. Па шляху на адной з аўтазаправачных станцый купіў паліва для асабістага карыстання і пакінуў адстойвацца. Аднак паказаць дакументы, якія пацвярджаюць гэта,  мужчына не змог. Сказаў, што не захаваў чэкі.

Па дадзеным факце супрацоўнікі аддзялення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Маладзечанскага РАУС праводзяць праверку. Узоры паліва накіравалі на экспертызу.

РАУС Маладзечна нагадвае, што згодна з заканадаўствам, у Беларусі можна перавозіць у аўтамабілі не больш за сто літраў паліва акрамя той колькасці, што заліта ў баку.

Паколькі маладзечанец вёз больш, то «лішнія» 50 літраў міліцыянеры канфіскавалі.

За перавозку паліва звыш нормы мужчыну пагражае пратакол за адміністрацыйнае правапарушэнне, прадугледжанае часткай 3 артыкула 12.30 КаАП Рэспублікі Беларусь.

Санкцыя артыкула прадугледжвае штраф да 1 350 рублёў.

• Текст доступен на языке: Русский