Сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч - у Маладзечне. Сакавік, 2016 год. Фота з архіва "РГ".

Не стала сына Якуба Коласа Міхася Міцкевіча паведаміў наш зямляк, паэт Уладзімір Някляеў.

«Не стала Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча, сына Якуба Коласа… Неверагодны быў чалавек. Гэтакі беларус, якіх ужо няма…» – піша Уладзімір Пракопавіч.

Малодшаму сыну Якуба Коласа было 94 гады. Ён нарадзіўся 31 студзеня 1926 года ў Мінску. Беларускі навуковец у галіне апрацоўкі металаў. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1980). Доктар тэхнічных навук (1985). Майстар спорту СССР па стэндавай стральбе.

Скончыў восем класаў у Мінску, у 1943 — дзесяцігодку ў Ташкенце. Паступіў у Варонежскі авіяцыйны інстытут на машынабудаўнічы факультэт, пасля перавёўся ў Маскоўскі авіяцыйны інстытут. У 1947 пераехаў у Мінск. У 1949 годзе скончыў Беларускі політэхнічны інстытут (цяпер — БНТУ) па спецыяльнасці «тэхналогія машынабудавання».

Ад 1949 года працаваў у Фізіка-тэхнічным інстытуце Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь малодшым навуковоым супрацоўнікам, галоўным інжынерам лабараторыі, загадчыкам лабараторыі. Ад 1993 года — галоўны навуковы супрацоўнік.

У лістападзе 2012 года Міхась Міцкевіч наведаў Ільянскую школу імя Адама Грымаця, дзе сустрэўся з вучнямі і педагогамі. У 2016 – быў госцем курсаў «Мова нонова» ў Маладзечне.