Фота delo.ua.

У новым праекце КаАП прадугледжаная бальная сістэма пакаранняў за парушэнні ПДР. Кіроўцаў будуць пазбаўляць правоў пасля набору больш за дзесяць балаў. Такая інфармацыя размешчаная ў ведамаснай газеце МУС «На варце», паведамляе БЕЛТА.

Усе правапарушэнні плануецца падзяляць на тры катэгорыі. Першая – адміністрацыйныя правіны. Гэта тыя парушэнні, за якія прадугледжаны штраф у памеры да 10 базавых велічынь (цяпер – да 270 рублёў). Дзве астатнія – гэта значныя і грубыя правапарушэнні. Значнымі лічацца тыя, дзе максімальнае спагнанне больш за 10 базавых, грубымі – калі санкцыяй артыкула прадугледжанае пазбаўленне права кіравання, займацца пэўнымі відамі дзейнасці, адміністрацыйны арышт, грамадскія працы або крымінальная адказнасць за паўторнае ўчыненне.

За правіну на рахунак кіроўцы запішуць адзін бал, за значнае правапарушэнне – два, за грубае – тры. Пры гэтым за нязначныя парушэнні правілаў налічэнне штрафных балаў не прадугледжанае.

Упершыню дапушчаная адміністрацыйная правіна не прывядзе да грашовага спагнання – толькі налічэнне штрафнога бала. Але кіроўцы, якія набяруць шэсць і больш балаў за наступныя ўчынкі на дарозе, атрымаюць штрафы максімальна магчымага памеру.

А перавысіўшы дапушчальны ліміт у дзесяць балаў і зусім пазбавяцца права садзіцца за руль тэрмінам на шэсць месяцаў.

Балы згараюць праз год з моманту ўступлення ў сілу пастановы аб накладанні спагнання. У гэтым дакуменце будзе адлюстравана і інфармацыя аб суме балаў. Штрафную гісторыю можна будзе знайсці і ў кабінеце карыстальніка на сайце МУС.

Абмяркоўваюцца і змены ў размяшчэнні датчыкаў хуткасці. Спецыялісты прапануюць вымяраць сярэднюю хуткасць на пэўных прамежках. Гэта значыць спачатку праезд аўто зафіксуе прылада на ўездзе, пазней – на выездзе. Такую сістэму плануюць выкарыстоўваць у першую чаргу побач з дзіцячымі ўстановамі і ў населеных пунктах ля хуткасных трас. Камеры фотафіксацыі парушэнняў здольныя вылічаць не толькі аматараў хуткай язды. Яны могуць распазнаваць непрышпіленых кіроўцаў, фіксаваць парушэнні правілаў стаянкі.

• Текст доступен на языке: Русский