Сёлета праз пандэмію значна зменяць свой традыцыйны фармат выпускныя святы. Апошнія званкі правядуць 30 мая. Для большай бяспекі вучняў і настаўнікаў зробяць гэта на свежым паветры. У якой форме ладзіць выпускныя вечары, Міністэрства адукацыі рэкамендавала вырашаць кіраўнікам школ разам з бацькоўскім камітэтам. А што чуваць з выпускнымі мерапрыемствамі ў нашым рэгіёне?

Раённых выпускных не будзе

– У Вілейцы не будзе раённага выпускнога свята, як і ўсюды. Гэта ж масавае мерапрыемства. Пасля экзаменаў выпускнікі атрымаюць атэстаты ва ўрачыстай абстаноўцы, згодна з рэкамендацыямі Міністэрства адукацыі, – адказаў на пытанне карэспандэнта начальнік упраўлення адукацыі спорту і турызму Вілейскага райвыканкама Аляксандр Пуцэйка.

Як мы даведаліся, з-за абмежавання масавых мерапрыемстваў адмянілі раённыя выпускныя святы ва ўсіх гарадах рэгіёна.

А што ў канкрэтнай школе

У Ільянскай сярэдняй школе імя Адама Грымаця выпускны пройдзе ў выглядзе ўручэння атэстатаў ва ўрачыстай абстаноўцы, расказаў нам дырэктар Ігар Юшко.

Уручэнне атэстатаў правядзём пасля выпускных экзаменаў, урачыста,  з захаваннем усіх мер бяспекі. Апошні званок зладзім на школьным двары 30 мая, у суботу, у 9:00, – адзначыў суразмоўца.

Слова – выпускніцы

Пра тое, як успрынялі навіну пра адмену раённага выпускнога выпускнікі, мы спыталі ў вучаніцы 11 класа маладзечанскай сярэдняй школы №5 Юліі Дземідовіч:

– Канешне, навіна пра адмену раённага выпускнога балю не парадавала ні адну дзяўчыну з класа.

Шыкоўную сукенку ўжо падабрала кожная з нас.

Хлопцы больш спакойна паставіліся да гэтай навіны. Як бы там ні было, мусілі змірыцца. Цешыць тое, што пасля ўрачыстага ўручэння атэстатаў адбудзецца наша выпускная фотасесія. Больш ніяк адзначаць такую важную для нас падзею пакуль не плануем. Святкаванне перанясём на вечар сустрэчы выпускнікоў у лютым 2021 года.

Колькі выпускнікоў сярэдняй школы сёлета ў рэгіёне

Маладзечна 643
Смаргонь 236
Вілейка 221
Астравец 177
Ашмяны 172
Валожын 164
Мядзел 144
Усяго 1 757

 

• Текст доступен на языке: Русский