Фота забяспечанае Аленай Аўрайцэвіч. У СПА-салоне LandSpa.

Гаспадыня салона LandSpa ў Маладзечне Алена Аўрайцэвіч расказала, як пачала бізнес і што можа параіць прадпрымальнікам-пачаткоўцам.

Цяпер салон – месца, дзе любы можа расслабіцца, паспрабаваць працэдуру ў кедравай бочцы, гідраванне, працэдуры догляду за целам і духам дзякуючы водаратэрапіі. Як жа ўдалося стварыць такое месца?

Алена па спецыяльнасці бухгалтар. Працавала ў гэтай сферы два гады і паралельна вучылася на масажыста.

– Мне больш падабаецца працаваць з людзьмі, а не лічбамі, – дзеліцца жанчына. –Дапамагаць іншым. Таксама сябе адчуваю лепш, і свет становіцца ярчэйшым.

Усё пачалося з санаторыя

Задума стварыць уласны салон з’явілася, калі Алена з сястрой Наталляй паехалі ў санаторый. Адпачылі там напоўніцу і падумалі: а чаму ж у Маладзечне нічога такога няма? Як бы здорава было б песціць сябе, не адыходзячы далёка ад дому?

Спачатку маладыя прадпрымальнікі не мелі нічога, пачынаць было складана. На тое, каб увасобіць мару, аддалі ўсе зберажэнні, атрымалі крэдыт. Сваякі падтрымалі і дапамаглі, чым маглі. Такая падтрымка вельмі важная, яна надавала сіл дзейнічаць далей. Важным пытаннем быў выбар памяшкання. Шукалі амаль кожны дзень цягам паўгода.

Алена на сабе спазнала, што «дарога з’яўляецца пад нагамі таго, хто ідзе». Жанчыны склалі бізнес-план, але ён не спрацаваў і на 50%.

– Мы не дазвалялі нават думцы прамільгнуць пра адступленне, – прыгадвае Алена. – Верылі ў светлую будучыню, і вера нам аддзячыла. Такое адчуванне, што абставіны самі пад нас падстроіліся.

Алена цяпер працуе масажыстам ва ўласным салоне, Наталля – майстрам па манікюры і педыкюры.

Асаблівасці бізнесу

Першых кліентаў найбольш зацікавілі прапановы, новыя для Маладзечна – кедравая бочка, гідрамасажная ванна. Здараліся складаныя сітуацыі.

– Але ж яны паўсюль і заўсёды, – разважае Аўрайцэвіч. – Пытанне толькі ў тым, якія высновы мы робім і з якім пачуццём глядзім страху і праблемам у вочы. Калі ёсць глыбінная запатрабаванасць у чымсьці, умееш яе разгледзець у сабе, то нельга ні перад чым спыняцца. А поспех прыйдзе раней ці пазней.

Прадпрымальнік не лічыць, што ёсць нейкія асаблівасці ў тым, як вядзе бізнес жанчына. Хіба што больш увагі.

– Калі карабель плыве выдатна, праблемы на борце вырашаюць эфектыўна і ў тэрмін, то якая розніца, хто за штурвалам? – падсумоўвае яна.

Персанал і рэклама

Каб падабраць персанал і знайсці кліентаў, у многім дапамагае рэклама ў сацыяльных сетках. І асабістыя якасці гаспадынь.

– У нас не проста супрацоўнікі, гэта нашы сябры. Мы як адна дружная сям’я.

Каб развіць бізнес, можа спатрэбіцца дапамога банкаўскага крэдыту:

– Цяпер гэта актуальна, – мяркуе прадпрымальнік. – Хочам укараніць інавацыі, якія жыхары і госці Маладзечна могуць убачыць толькі за мяжой або ў санаторыях.

Публікацыя падрыхтаваная ў межах сумеснага праекта «Будуем мару з Белаграпрамбанкам».

УНП 100693551