Фота zabrodje.com.

27 мая дэлегацыя Мінскай абласной арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа ўшанавала памяць сясцёр міласэрнасці Першай сусветнай вайны падчас наведвання мемарыяльна-этнаграфічнага комплексу «Заброддзе», што на Вілейшчыне.

Усклалі кветкі да памятнага знака, дзе знаходзіўся лазарэт 29 пяхотнай дывізіі, а таксама да магілы сястры міласэрнасці Алены Шупляк у вёсцы Бараўцы. Менавіта ў гэтым лазарэце яна даглядала параненых больш за сто гадоў таму.

«Заброддзе» – унікальны комплекс, створаны Барысам і Валянцінай Цітовічамі на месцы, дзе ў гады Першай сусветнай стаяў фронт і ішлі жорсткія баі. Сярод многіх добрых спраў гэтай сям’і – аднаўленне вайсковага пахавання. Тут паставілі мураваную капліцу, добраўпарадкавалі магілы,

У Заброддзі працуе музей, экспазіцыя якога распавядае і пра сясцёр міласэрнасці. Тут, у прыватнасці, прадстаўлена гісторыя Рымы Івановай, адзінай у Расійскай імперыі жанчыны, узнагароджанпй ордэнам Святога Георгія чацвёртай ступені.

У планах Цітовічаў у санітарным вагоне стварыць экспазіцыю, прысвечаную сёстрам міласэрнасці.

Наведванне комплексу «Заброддзе» – адзін з момантаў кампаніі, якую праводзіць Беларускі Чырвоны Крыж у гэтым годзе ў гонар 200-годдзя Флорэнс Найтынгел – пачынальніцы сястрынскай справы.

Яе паслядоўнікі ў Беларусі – супрацоўнікі медыка-сацыяльнай службы Чырвонага Крыжа «Дапамога».

Вышэйшай узнагародай для медыцынскіх сясцёр ва ўсім свеце з’яўляецца медаль імя Флорэнс Найтынгейл, заснаваная ў 1912 году Міжнароднай Лігай Чырвонага Крыжа. Медаль прысуджаецца раз у два гады за выключную прыхільнасць справе міласэрнасці, гуманнасць і ўзорную прафесійную дзейнасць. У Беларусі гэтую ўзнагароду маюць шэсць медсясцёр за мужнасць і самаадданасць у гады Другой сусветнай і яшчэ шэсць – за працу ў мірны час, у тым ліку пяць медыцынскіх сясцёр міласэрнасці Чырвонага Крыжа – за беззапаветнае служэнне адзінокім сталым і цяжкахворым людзям.

• Текст доступен на языке: Русский