Каардынатар праекта #InspiredBуРэгіён Вікторыя Макаранка. Фота Андрэя Павука.

Пра свой прыход да актывізму расказала каардынатар праекта #InspiredBуРэгіён Вікторыя Макаранка, якая прадстаўляе арганізацыю NSNL (Next Stop – New Life).

Як прыйшла ў актывізм

Ні ў школе, ні ва ўніверсітэце Вікторыя актывізмам не займалася, нават нічога пра яго не чула. Закончыла школу ў Оршы, універсітэт у Віцебску. Аднойчы трапіла ў праграму для актывістаў і сустрэлася з неабыякавымі людзьмі.

– Падумала, што гэта ваў, так класна, што ёсць актыўныя людзі, якія не проста гавораць, як усё кепска, – прыгадвае Вікторыя. – Яны сапраўды нешта робяць, каб змяніць сітуацыю. Натхнілася і зразумела, што таксама хачу на нешта ўплываць і штосьці змяняць.

Першым досведам у актывізме, якім дзяўчына ганарыцца, стаў удзел у штогадовым міжнародным мерапрыемстве InspiredBY для актывістаў і актывістак.

Першы каардынатар праекта Максім збіраў сабе каманду, Макаранка адгукнулася на прапанову. Так стала каардынатарам.

Знаёмства з маладзечанцамі

Спярша дзяўчына шмат чула пра маладзечанскіх актывістаў ад свайго папярэдніка Максіма. Менавіта яны хутка адгукнуліся і зацікавілі, каб правесці шэраг мерапрыемстваў #InspiredByМолодечно.

Атрымалася зладзіць на высокім узроўні. Здзівіла аператыўнасць мясцовых актывістаў і гатоўнасць працаваць хутка і добра.

З некаторымі з маладзечанцаў пазнаёмілася на мерапрыемствах, з іншымі падчас абмеркавання рабочых пытанняў.

Фота Уладзіміра Хмялеўскага.

Ці складана актыўнічаць у рэгіёнах

На думку Вікторыі, асаблівасць рэгіёнаў у тым, што людзі менш вераць, што могуць нешта змяніць. Моладзь імкнецца ў сталіцу, бо там хутка ўсё мяняецца, становіцца больш сучасным, развіваецца.

У рэгіёнах менш актыўных людзей. А аднаму без падтрымкі штосьці мяняць яшчэ цяжэй.

У некаторых ёсць суседзі, якія пастаянна дапытваюцца, навошта табе гэта трэба. Хаця павінны натхняць адзін аднаго і разам імкнуцца да лепшага. Таму ў рэгіёнах складаней быць актывістам.

Людзі ведаюць, чаго хочуць або чаго не хочуць. Самы просты спосаб – распытацца пра гэта. Калі чалавек сартуе смецце або клапоціцца пра веладарожкі ў горадзе, яму неабыякавая экалогія і навакольнае асяроддзе.

Калі чалавек упрыгожвае двор, яго хвалюе, як ён сябе адчувае ў гэтай прасторы. Калі размаўляе па-беларуску – яго каштоўнасцю з’яўляецца беларуская культура.

Як змяніўся актывізм з-за пандэміі

– Усё моцна змянілася, – кажа Вікторыя. – Мне не падабаецца ўвесь гэты анлайн, хаця ён таксама многае паказаў. Тыя, каму насамрэч цікавая і важная свая справа, працягваюць яе рабіць і анлайн.

Цяжэй знаёміцца з людзьмі, з якімі магчыма супрацоўнічаць або пракансультавацца. Складана атрымаць такую ж матывацыю, як ад сустрэчы вочы-ў-вочы.

Як знайсці сябе ў актывізме

Вікторыя знайшла развіццё і ўвагу да такіх рэчаў, на якія раней і не глядзела.

– Мяне напружваюць шайбы ад машын на тратуарах, гэта мой боль, – адказвае Вікторыя. – Чаму кіроўцы не маюць культуры паркоўкі і ставяць машыны на тратуары? Чаму гэтыя шайбы паклалі на тратуары? Атрымліваецца, у вадзіцеля прыярытэт у любым выпадку? Мяркую, гэта няправільна. Калі зразумею, як гэта пытанне вырашыць, абавязкова займуся!

Калі чалавек хоча знайсці сябе ў актывізме, важна расказваць пра тое, што хочаш змяніць.

Магчыма, ёсць аднадумцы, якія прайшлі гэты шлях і могуць дапамагчы. Пагрузіцеся ў пытанне, вывучайце, на што гэта ўплывае і што ты можаш зрабіць сам. Знайдзі тых, каго хвалюе гэта праблема, з камандай заўсёды лягчэй рухацца наперад.

Артыкул створаны ў межах праекта RegiON (уключаючы рэгіён), які ў Маладзечне рэалізуецца моладзевай Арганізацыяй NSNL, лакальнай камандай «Жывой Бібліятэкі» і Цэнтрам развіцця эфектыўнай камунікацыі «Жывая Бібліятэка» ў партнёрстве з Міжнароднай некамерцыйнай арганізацыяй Pact пры падтрымцы Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID).