У сваім артыкуле хачу звярнуць увагу на каштоўнасць сямейнай спадчыны. Сёння з-за недасведчанасці людзей яна часам страчваецца. І дзеці з’яўляюцца сведкамі гэтых з’яў. Спачатку выкідаюцца, спальваюцца рэчы продкаў у сям’і. А потым такі ж лёс чакае і культурныя, гістарычныя помнікі, матэрыяльную і духоўную спадчыну краіны.

Выкідаюць ці выкарыстоўваюць так, што душа баліць

Людзі выкідаюць старыя фотаздымкі, спальваюць рэчы, вырабы або выкарыстоўваюць іх так, што душа баліць. Рэчы – гэта жывая гісторыя сям’і. Кожная мае сваю энергетыку і свой прамежак жыцця побач з яе гаспадаром.

Выхаванцы з вырабамі сваіх продкаў. Фота аўтара.

Рэчы пераўтвараюцца, калі да іх датыкаюцца чалавечыя рукі, становяцца часткай нас і адлюстроўваюць нас. Вельмі яскрава гэта можна прасачыць па гісторыях, якія распавялі бацькі выхаванцаў беларускамоўнай групы смаргонскага дзіцячага сада-ясляў №8 падчас правядзення выставы «Бабулін куфэрак».

Сямейныя гісторыі пра старыя рэчы і продкаў

Вось вытрымкі з гэтых гісторый.

Валянціна Ліс: «У сям’і маёй маці было дзесяць дзяцей. Гэта толькі тыя, што выжылі. Яна нарадзілася апошняй, і яе выхаваннем пераважна займалася старэйшая сястра. Сястра спраўляла і пасаг: сама ткала посцілкі, рабіла падушкі. Гэту посцілку для маці таксама выткала сястра. Цяпер яна захоўваецца ў маёй сям’і, і яе атрымае ў пасаг мая дачка. Мама, як, напэўна, усе ў той час, вельмі любіла хадзіць на танцы. Бо гэта была традыцыя: па выхадных ладзіць танцы ў мясцовым сельскім клубе. Тады лічылася модным сярод дзяўчат і жанчын на плечы накідваць прыгожую вялікую хустку з кутасамі. Мама набыла сабе такую. Цяпер гэту хустку яна перадала мне ў спадчыну. Гэта вельмі прыгожая і шыкоўная рэч».

Дзядуля Карнэліі Лось сярод калег. Фота забяспечанае Карнэліяй Лось.

Карнэлія Лось: «Мой прадзед добра ўмеў шыць адзенне, ездзіў вучыцца гэтаму аж у Пецярбург. Пасля, вярнуўшыся дамоў, адкрыў майстэрню, дзе разам са сваімі вучнямі шылі на славутых «Сінгерах» людзям адзенне».

Экспанат з гісторыяй. Фота аўтара.

Віялета Завіша: «Ад бабулі мне засталася прыгожая табакерка. Там бабуля захоўвала нешматлікія свае ўпрыгажэнні. Сярод іх быў вельмі прыгожы залаты пярсцёнак з ружовым каменем. Калі я добра сябе паводзіла, бабуля калі-нікалі дазваляла паразглядаць, а штосьці з упрыгажэнняў і прымераць».

Карункі – на выставе ў групе. Фота аўтара.

З чаго складаецца кніга жыцця сям’і

Такія гісторыі ўплываюць на сённяшняе жыццё чалавека, яго выхаванне, светапогляд, здольнасці. З падобных расказаў складаецца кніга жыцця сям’і. Бо сям’я – самы першы інстытут, а самыя першыя педагогі – бацькі. Калі навучышся з маленства быць удзячным, ставіцца з павагай і пашанай да сваіх продкаў ды іх спадчыны, то авалодаеш не толькі сілай свайго роду, але і іх мудрасцю.

…«А куды ж я, мой сыночак ці ўнучак, выкіну яе? Ета ж маткі маёй. Я ж як зірну, дак кажэцца і матку пабачу, адкрыю скрыню, да павынімаю рэчы, да паплачу ля іх, да і пацалую, да і палажу. Мамка, мая галубка, наастаўляла мне ўсяго… Дак я кажу ўнукам: «Не раскідайце, хай будзе вам!».

Такія словы падчас этнаграфічнай экспедыцыі запісаў ад адной з суразмоўцаў Аляксандр Нікіцін у 2017 годзе.