Сёння, 30 мая, апошні званок прагучаў для дзевяці выпускнікоў Ільянскай сярэдняй школы імя Адама Грымаця. Былі тут шчымлівыя пажаданні, слёзы выпускніц і свята, якое па традыцыі зладзілі на беларускай мове.

Надвор’е перашкодзіла правесці свята на вуліцы.
Дыплом атрымлівае Юля Усціновіч.
Узнагароджваюць Ульяну Вярбіцкую.

Праўда, сёлетняя эпідэміялагічная сітуацыя ўнесла свае карэктывы. На вахце прапануюць апрацаваць рукі антысептыкам. Дырэктар школы, сустракаючы гасцей, нагадвае пра сацыяльную дыстанцыю і масачны рэжым. У зале выпускнікі садзяцца ў шахматным парадку. Маскі здымаюць хіба толькі для фота.

Дзяўчаты-выпускніцы не толькі апрануліся ў адным стылі, але і зрабілі аднолькавыя прычоскі.

– Апошні званок – заўсёды адметны. Сёлета адметнасць яшчэ і з-за эпідэміялагічнай абстаўкі. Першы раз за маю практыку адзначаем развітанне са школай у масках, вытрымліваючы дыстанцыю. Віншую вас з заканчэннем навучання. Жадаю моцнага здароўя, цярплівасці, стараннасці, – адзначыў дырэктар школы Ігар Юшко.

Усе выпускнікі атрымалі дыпломы за поспехі ў вучобе, спорце, мастацкай самадзейнасці. Упершыню дырэктар узнагароджваў вучняў, не паціскаючы рукі.

Добрыя словы выпускнікам сказалі класны кіраўнік Таццяна Владыка і бацькі. Ад імя 11 класа са словамі падзякі выступіў Ігнат Кандрашоў.

Завяршылася свята апошнім званком, які далі вядучыя, дзесяцікласніцы, Марыя Шмаргалава і Лізавета Артамонава.

У цэнтры – класны кіраўнік.
Выпускнік Ігнат Кандрашоў – са словамі падзякі настаўнікам.
Пасля афіцыйнай часткі.
Дзяўчынкі…
…і хлопчыкі

Фота аўтара.

• Текст доступен на языке: Русский